Выбрать главу

Думалі-думалі нашы камандзіры, як прыбраць таго Барсюка, каб людзей не губіў. Падцікаваць і застрэліць, немцы за гэтую псіну паўсяла выкацяць. Аж нейчая разумная галоўка дадумалася. Быў у той паліцыі наш пасланец Прахор Солтан. Праз яго ведалі ўсё, што робіцца ў Балашоўцы. Пра гэта я дазналася толькі пасля ўжо.

Дык той Прахор падклаў у ніжнюю шуфляду Піліпу савецкую гранату і нашыя лістоўкі, а калі добра ўпіліся, прыштукаваў пад крысо шыняля «ахоўную граматку», быццам таварыш Барсюк выконвае заданне савецкага камандавання і каб яго не чапалі партызаны.

Потым Прахор падкінуў каменданту тую самую ананімку, што Піліп Барсюк знарок выключаны з партыі перад вайною, а папраўдзе камуніст, выконвае заданні партызан...

Што вы думаеце, усё выйшла як па пісаным: жандармерыя знайшла ў Піліпа і гранату, і лістоўкі, і пісульку тую. Збілі яго на чорны яблык, дапытвалі, каб сазнаўся, той выкручваўся, кляўся ў вернасці, але не паверылі. Праз колькі дзён свайго вернага служку павесілі на плошчы перад колішнім сельсаветам. Потым прывезлі аднекуль з-пад Смаленска новага начальніка. Людзей ён не ведаў, усіх баяўся, але неяк спаўняў сваю сабачую службу.

Як толькі пратурылі тую навалач, павыходзілі і мы з лесу. Ад таго канца сяла, што да лесу, адны каміны засталіся. Ані парасяці, ні цяляці, ні табе шчанюка, анічагусенькі не пакінулі. Аж вусцішна ў сяле. Хоць якое там сяло, меней палавіны ацалела. Мужчыны з партызанаў у войска падаліся, палавіну самых работнікаў і падлеткаў той юда Піліп у германскія печы адправіў. Апусцела Балашоўка. Адны старыя сноўдаюцца па пагарэлішчах ды каля сваіх комінаў грэюцца. Толькі тут мне і паталаніла — засталася наша хата. Праўда, ні шыбачкі, ні ўсярэдзіне анічога не пакінулі. Пазатыкала трантамі вокны, пагарэльцаў пусціла, жылі, пакуль зямлянкі не агоралі.

Наша шчасце, што ў тое лета ягад урадзіла, шчаўе аж пабуяла, садавіна, дзе не пагарэла, даспявала. Так і перабіваліся. Бяда бядою, а рабіць нешта ж трэба: от цяпер толькі калгасам і можна стаць на ногі. Што ў каго было, абагулілі, упрэгліся на ўсе пастронкі. А наш камандзір, таварыш Краўчанка, ужо зноў сваё месца ў райкоме заняў. Прыгналі нам тры трафейныя кані, а яны жаруць за васьмярых, зда-ро-о-выя ардэны, далі васьмёра адбітых у немцаў каровак. З таго і пачыналі. Дзе канём, дзе самі плуг пацягаем, так і пазаворвалі, што змаглі.

А восенню, якраз на Кузьму-Дзям'яна, змяркацца пачало, чую, нехта ў сенцах хапаецца за клямку, а ніяк не адчыніць. Сама не ведаю, ад чаго ўсё зайшлося ўсярэдзіне і ногі не слухаюць. Аднак дзверы насцеж, грукае нешта, і ў хату сунецца мыліца, а за ёю чалавек у шынялі і ў пілотцы. «Есцяка тут хто жывы?» — пытаецца. А божухна, Анікееў голас, а я ж яго і памянула не раз. Ускочыла, а ногі, як з кудзелі, тады я рачкі папаўзла насустрач, ашчаперыла яго адну ножачку ў абмотцы і зайшлася слязьмі. Чую, і ў яго, як боб, гарачыя кроплі коцяцца з вачэй. Каб калі хто сказаў, што мой Анікей плакаць мажэ, не паверыла б. Ускараскалася з падлогі, абняла за плечы, давяла да лавы і пасадзіла.

Анікей мой, хоць і без нагі, першы з вайны прыйшоў. За ім яшчэ чацвёра бязрукіх ды бязногіх, а адзін увесь з сінім тварам вярнуўся. Яго, беднага, ледзь жонка прызнала.

Старшынёй у калгас з раёна прыслалі самастаяцельнага мужчыну — увесь тыдзень цвярозы. Зайздросцілі нам суседзі: іх старшынькі ад сяўбы да замаразкаў не прасыхалі і ўсю зімачку грэліся знутра. Адна ў іх малітва была: «Давай, давай!» Так на тым «давай» з году ў год палачкі ў ведамасці і зараблялі. А ў нас, няма чаго богу грашыць, абжыліся неяк вельмі скора. Хоць і кок-сагыз, і кукурузу сеялі, а хлеб да вялікадня цягнуўся. Анікея майго старшыня ў кантору пасадзіў костачкамі ляскаць. А ён ніводнага досвітку не праспаў: устане, мыліцу прывяжа папругаю, каб не падала, і рамы новыя парабіў, сенцы перасыпаў, і зажылі мы з ім душа ў душу, толькі ўсё вярзлося, што вот-вот прыбягуць з вуліцы нашы дзеткі. Вінаваціла я сябе, што не забрала адразу, але хто ж думаў?

Цераз два гады нарадзілася ў нас з Анікеем дзіцятка. Як людзі кажуць: «Сам сіў-сіў, а дзеткі ціў-ціў». Так і ў нас было. Гляджу, мой гаспадар аж памаладзеў, галіцца разы са два на тыдзень стаў, гоцкае нашага Паўліка, ката спявае, ноччу калыша, а днём возьме на лано і пайшоў па вуліцы, каб бачылі, што і ён не зломак. Казырыўся, а сам чэзнуў, як свечка: яму ж і лёгкае прабілі, і двух рабрын не было.

Толькі Паўлічак навучыўся лепятаць «татка, татка», як не стала ў нас таткі.

Аўдоцця пачала хапаць губамі паветра, буйныя слёзы пакаціліся па разорках злінялых шчок.