Выбрать главу

Арына Аляксееўна абняла яе за плечы і пачала суцяшаць.

— Прабачце, Анісімаўна, гэта я вінавата, што спакусіла вас на ўспаміны. Зараз накапаю валяр'янкі, і ўсё пройдзе.

— Нічога ўжо, дзеткі, не пройдзе і нічога не паправіш,— Аўдоцця выцерла тыльным бокам рукі шчокі.— Пра далёкае гора расказваць лягчэй, як пра бліжняе, а на яго ўжо і слёз не хапае.— Памаўчала.— Але пра гэта я вам другім разам паспавядаюся. Больш няма каму. Няхай хоць адна душачка пачуе. Нельга на той свет сваю больку зносіць.

5

Арына Аляксееўна заўсёды перад сном нешта чытала. Пакуль гарэла святло, Галінка варочалася ў сваім ложку. У яе часта балела горла, распухалі залозкі, сохлі вусны. Яна ціхенька злезла з пасцелі, сунула ножкі ў суконныя тапачкі.

— Ты куды гэта?

— T-c-c,— прыклала пальчык да губ Галінка.— Калі не спіць бабка Дуня, хачу ёй сказаць нештачка,— і патэпала ў бабчыну баковачку. Галінка спынілася на парозе.

— Чаго ж табе не спіцца, мая ясачка? — прашаптала бабуля.

— Я ўсё думаю, чаму вы раней да нас не прыходзілі. Дзе былі?

— Далёка была, адсюль не відаць. Там у мяне была свая ўнучка. Анжэлачкаю зваць.

— А я?

— І ты мая.

— Мне холадна.

— Лезь пад коўдру.— Галінцы толькі гэтага і трэба было. Яна стрэсла з ножак тапачкі і хуценька зашылася ў цёплую пасцель, прытулілася да бабкі і моцна яе абняла. Аўдоцця пачула, як каля боку роўненька стукае маленькае сэрца, адчула гарачае дыханне і прыпомніла, як гарнуліся яе дзеткі, як чакалі яе з поля і фермы, якія былі яны цёпленькія і ласкавыя. Каб перабіць свае думы, запытала:

— Кім жа ты будзеш, Галінка? Як мама, доктарам?

— Касманаўтам, як Савіцкая.

— Чаму ж так высока? І на зямлі рабі, ніколі не пераробіш.

— Толькі спачатку трэба лётчыцай стаць.

— А хіба адразу нельга?

— Не. Лятаць многа трэба. Я ўжо і цяпер сонная лятаю.

— Гэта ж ты расцеш, Галачка.

— А мне дык некалі мой сынок Паўлічак казаў, што ў вайну адзін самы глаўны етым е-ру-салі-сімусам стаў, а ў салдатах ані дня не служыў. І спраўляў сваю работу. Вучыцца будзеш старанна, і ты паляціш. Хоць на зямлі яно лепей, спакайней. Зямелька нам сілу дае, нельга ад яе далёка адрывацца.— Сказала і зноў падумала: «А мае ж разляцеліся — і не знойдзеш. Першанькіх Барсюк са свету звёў, а Паўлічак, не можа быць... павінен азвацца. Можа, даўно шукае яе, а яна аціраецца па чужых кутах». І зноў камяк перахапіў горла. Каб ведала, дзе костачкі тых, рачкі б папаўзла,— зірнуць бы толькі на тое неба ды зямельку, што прыняла іх.

— Бабка, не маўчы, мне сумна,— паварушыла Аўдоццю і зашаптала ў самае вуха Галінка.

— Што табе казаць?

— Хоць са-а-менькую маленькую казачку. Толькі не страшную.

— Казкі ўсе добрыя. Жыццё бывае страшнейшае за казку. Ну, слухай.— І зашаптала: — Жыў-быў цар, зямлі і мора ўладар. У яго была чароўна, нікому не роўна. Ды за трыста тры вярсты да яе прыйшлі сваты, знатныя, багатыя, статныя, чубатыя...— яна шаптала цішэй і цішэй, бо Галінка замоўкла і дыхала пад самае вуха.

У пакоі Арыны Аляксееўны патухла святло, на кухні правурчаў халадзільнік, мокрая галінка старой ліпы шаргацела па даху.

Пад раніцу глуха забарабаніў першы дождж. Аўдоцця ціхенька адзелася, падаткнула пад Галінку коўдру і выйшла на ганак. Па вадасцёку ў пазелянелую кадку струменіў зіхоткі прамень вады, зямля закурылася цёплаю параю, пахла прэллю і нашатырным духам гною, клейкімі тапалёвымі пупышкамі і адталай зямлёю. Недзе на далёкай ферме рыкалі каровы — пачулі вясну і пах першых травінак; на суседнім двары гарланіў певень, за сялом у нізінах плыў блакітны туман.

Аўдоцця з ганка ўзіралася ў вясновыя палі і ўспамінала першую пасляваенную вясну, упрэжаных у плуг баб, калі аралі адна адной соткі, а то і калгасны палетак...

Аўдоцця па пустой і гразкай вуліцы выправілася на сваю асноўную работу — перамыць падлогі ў амбулаторыі, дагледзець хворых у палатах, развесяліць іх, перакінуцца жартам, саскрэбці з ганка натаптаную ўчора гразь. Пакуль прыйдзе дакторка, у яе ўсё аж зіхаціць. А па дарозе ўсё круцяцца ў памяці тыя пасляваенныя вёсны, і Анікей успамінаецца ўсё часцей і часцей. Колькі яна папаплакала ўпотай, мыючы ад сукравіцы бінты з яго зморшчанай куксы, і як радавалася, калі ён усміхаўся і туліў яе да сябе; запомніўся пах яго горкага поту і дотык шорсткай рукі, але такой ласкавай і пяшчотнай. І Паўлічак, толькі маленькі, стаяў перад яе вачыма ў кароценькай зрэбнай кашульцы, пафарбаванай альховай карою. Калі не было на каго пакінуць, несла з сабою на ферму, а каб, барані божа, не запоўз каторай карове пад капыты, прывязвала паскам да шула, затое пасля адпіваўся цёпленькім сырадоем.