Выбрать главу

«Праўда, дзеткі, без душы і совесці і чалавека няма. Прах і страх адзін. Онь колькі на фронце палегла. Праўда ці не, кажуць, дваццаць мільёнаў. А хто іх лічыў? Можа, і болей. Там, дзе яны пахаваныя, курганы панасыпаны ды лес онь які парос. Думаеш, і ўсё на тым? Не, не, сыночак, не грашы. Душачкі не звяліся і зямелькаю не засыплеш. У нашыя яны перайшлі: таткава ў тваёй жыве, і ў маёй яе частачка ўсё трапечацца, і ў кожнай сям'і так. Душачкі тых воінаў белымі зданямі на курганах закамянелі, яны ў званы тае Хатыні б'юць і па ўсім свеце ў людскія сэрцы паразляталіся. Колькі, думаеш, у маім сэрцы душачак? Га? І мамка мая, і татка, і брацельнік, што галоўку недзе ў Германіі склаў, і твой татка Анікей, і брацік твой з сястрычкаю і бабкаю, што ірад на чужой старане спапяліў,— усе ў маім сэрцы месцяцца»,— сказала і залілася слязамі.

«Ну, брось, мать, не растраівайся. Пускай будет по-твояму, душа, душа. Толькі её ніхто лічна у глаза не відел».

Маці выцерла слёзы і напаследак сказала: «Чалавек без душы да-а-дёка відзён, а з душою часцяком і не прыкмячаюць».

Так яны тады пагаварылі.

Яшчэ колькі разоў прыязджаў на пабыўку Паўлічак, але ўсё рабіўся чужэйшы і чужэйшы. Спытаеш, бывала: «Як жа табе жывецца, сыночак?» Адзін адказ: «Нармальна». А дзе простай бабе паняць, што гэта за нармальна: норму выконвае ці нормы ўстанаўляе. Неяк аднаго разу спытала, ці нямала на прыкмеце нявесткі. «Намячаецца адін вар'янт». А хто гэта такі, перапытваць не пасмела. З'едзе сынок у тую сваю школу, а маці не спіць начамі, усё думае, усё гадае — яе гэта ці не яе Паўлічак. Такі ж ласкавенькі быў маленькі, ад прыполу, бывала, не адарвеш, а падрос, гаспадаром у хаце стаў, усё лецечка калгасную работу на працадні варочаў. А тут чужы нейкі. Усяе і гаворкі: «нармальна», «мамаша», «факцічаскі», «вар'янты» нейкія. Без тлумача і не разбярэш. Можа, і праўда — перавучыўся. Думаць думала, а радавалася кожнай вестачцы, хоць і не часта яны прыходзілі. Граматы ў яе было — адна зіма лікбезу: навучылася распісвацца, збольшага чытаць друкаванае, а пісаць, як бог пашле,— каракулі. І ўсе з вялікай літары. Каб не сарамаціць сына, адрас пісаць хадзіла да суседчынай дачушкі — васьмікласніцы.

А кончыў вучылішча, прыехаў у сіне-зялёнай новенькай форме, з блішчастымі пагонамі. Ад радасці маці расплакалася: такі ўжо матчын лёс — гора і радасць слязамі заліваць. От каб Анікей пабачыў сыночка, такога спраўнага, важнецкага, і пах ад яго нейкі не тутэйшы ідзе. Чамадан скураны, а ў ім шаўковыя штаны і куртачка такая паласатая, а прычындалля — брыцца, мыцца — і не бачыла такіх зроду.

Дні са тры папіў з хлопцамі ўволю. Дзеўкі па падкованню ўсё шнуравалі, нібы незнарок. Заскаквала і Еўка Кернажыцкая. Чырванела, бедная, як запытаўся Паўлік, што яна цяпер робіць. А ёй сорам прызнацца. Гэта ж трэба, цьфу на іх, да чаго здзек над жывацінаю дайшоў — асемяненне з жалезнае трубкі. Вывучылася Еўка на таго заатэхніка і робіць гэты гвалт над кароўкамі. Хіба ж прызнаешся ў такой рабоце кавалеру? А зубаскалы ўжо расказалі Паўліку пра яе должнасць, ён і пацвельваўся са свае колішняе ўхажоркі. Еўка пырснула за дзверы, толькі і бачыў яе.

Незадоўга да ад'езду загаварыў Паўлічак, што ў горадзе ў яго дзеўчына завялася. І не абы-якая. І неяк не па-нашаму завецца, Інаю. Бацька ў яе, кажа, нейкі в-я-я-лікі начальнік. Кватэра аж на тры палавіны, дываны — ад столі да падлогі, серванты і пыласосы, пасуда аж хрумсціць. Усё ёсць, і дачка на выданні. Нібыта з Паўлікам маім яны так палюбіліся, што жыць адно без аднаго не могуць, і дзела на вяселле выкіравалася. А вяселлі, кажа, цяпер па тры дні гуляюць у рэстаране. І чаго там толькі няма. Гасцей больш за сотню, і гэты, як яго, адзін дэфіцыт.

Кажа сынок, што з боку маладое ўсё будзе ў поўным парадку, а з нашага... вапрос імеецца: фінансы пяюць рамансы. Пад'ёмныя свае ён з хлопцамі ў Нюрчыным магазіне прасадзіў да рубліка апошняга: усё зорачку замочвалі, каб новыя раслі, кажа.

На вяселле, выходзіць, раскашэліцца трэба, каб перад новаю раднёю і перад людзьмі ў лужыну не пляснуцца. «Так што,— кажа,— мамаша, фінансавая помашч трэбваецца. Карацей — грошы. Панімаць нада».

«Панімаць,— кажу,— дзіцятка, панімаю, а дзе тыя грошыкі ўзяць?» А ён, не доўга думаючы, тут жа і знайшоў. Кабанчык, кажа, соткі на чатыры пацягне, бычок за лета выгуляўся, таго ж варты. Для зачэпкі ўжо нешта ёсць.