І як насеў, як насеў — махалам не адмахаешся. Колькі слёзачак выліла, не памагло: звёў-такі кабанчыка і бычка-гадаванца. Пост прыйшоў — гаршка няма чым засмачыць. Ледзьве кароўку адстояла. Мацеры хоць бы на карабок запалак пакінуў. Дзе там! Грошыкі ў кішэню — і пасвістаў у свой горад.
Каб на вяселле прыехала, казаў, тэлеграму адаб'е, толькі каб плюшаўку не адзявала, бо сорамна. А за што справіш што лепшае? Падчысціў жа ўсё чыста да капеечкі. Колькі ночачак не заснула ні на волас: усё думала, як яно там будзе, як паглядзіць і ці прызнае нявестка, ці захочуць тыя сваты радніцца з простаю бабаю. Згару, думала, ад сораму: як там сесці, што чым есці, пра што з тымі сватамі гаварыць, каб Паўліку не нашкодзіць. Думала, думала і так і гэтак — і такі надумала: не паеду. Прыйдзе тэлеграма, адаб'ю назад, што занядужала і прыехаць не здалею, прапішу, што бласлаўляю, жалаю і так і далей.
Дзень у дзень пыталася ў паштаркі, можа, што ёсць. «Пішуць, пішуць, цётачка»,— адказвала тая, а апошнім часам хату мінаць пачала, толькі здалёк крутне галавою і пайшла далей. Добра, што так і не дачакалася тае тэлеграмы: жыць стала спакайней, сны толькі напаўзалі адзін на адзін. То ўсіх сваіх траіх дзетачак у адных начоўках купае, а яны ружовенькія ды гладзенькія. Паўлік выскачыў і пабег, а тыя двое гарэтнікаў паплылі ў начоўках па разводдзі. Гукае, гукае — голас прапаў, губы варушацца, а не чутно ані слоўца. Ускочыла па шыю ў ваду, зірнула туды-сюды, а на вадзе ні начовак, ні бурвалкаў не відаць.
А то ні з таго ні з сяго Анікей прысніцца, такі, як да вайны, малады і харошы, і лашчыцца да яе, дыхае горача, шкадуе, абдымае, і ёй так добра, так соладка сэрца татахкае. Прахопіцца і шэпча: «Прасці, госпадзі, цяжкі грэх. Гэта ж сон, сон толькі. Цьфу на яго»,— а сэрца і праўда татахкае. Яна ляжыць з расплюшчанымі вачыма, слухае, як у запеччы трашчыць цвыркун, як трымціць ад ветру незакітаваная шыба.
Дашаравала Аўдоцця падлогі, вымыла сталы і вокны, пераслала пасцелі ў абодвух палатах, пагаманіла з кожным хворым, падвесяліла слабейшых. Сухі, як леташняя тычка, чорны дзед, што ўсю ноч гупае на ўсю бальніцу сухім кашлем, прасіў купіць яму тры пачкі «Прымы». Бабка яго ўшчувае: «Задушышся сам, чалавеча, і суседзей патруціш. Бач, дакурыўся, што ўсярэдзіне арганы іграюць. Лепей за тыя грошы куплю табе маселца». А той ледзь не на каленях просіць: «Дзе ты кінеш, калі тут усё засмалена»,— і ён стукае кулаком па рабрыстай, як сціральная дошка, грудзіне. Аўдоцця ўзяла з яго зрэзанай маршчынамі далоні дробныя манеткі і пайшла з бальніцы. А думы не пакідалі яе.
Успомніла, як на чацвёрты год пасля жаніцьбы заявіўся на пабыўку Паўлічак з жонкаю і дачушкаю. Сказаў, што аслабела дзіця ў гарадской задусе. Сырадойчык трэба, свежанькія яечкі і смаловае паветра. Чаго добрага, а гэтага ў нас не бракуе. Іначка яго ў вузенькіх штоніках, у басаножках на высокіх цвічках, пазногці на руках і нагах, нібы ў крыві, на галаве цэлая капа з нейкіх нежывых рудых валасоў. А з мордачкі нішто сабе, грудасценькая і губы маляваныя. Увайшла, паздароўкалася. Аўдоцця руку аб фартух выцерла, а нявестка сваёй не падала. Доўга круціла носам, што для яе няма асобнага пакоя. Прыйшлося посцілкамі запяць палавіну хаты, у суседзяў ложак папрасіць для ўнучкі. А яна такая харошанькая, беленькая ўся, і коскі, як лянок чэсаны, у сукеначцы ружовенькай і жоўценькіх сандаліках. «Як жа цябе зваць, унучачка?» — «Анжэла»,— кажа. Мне і не выгаварыць за раз гэтак. «А божухна, хіба людскага імя не было? Гэта ж нейкае не нашае». Іна толькі фыркнула, а Паўлік і кажа: «Адсталі вы, мамаша, культуры не панімаеце».— «Можа,— кажу,— і не панімаю, а выгаварыць не выгавару». Я яе цішком Анэлечкай звала, а каб бацькі не сварыліся, пры іх — толькі ўнучачкай. Ласкавае дзіцятка, да мяне гарнулася. Я з ёю і ў грады хадзіла, паказвала, дзе што расце, сунічак набірачак штодня прыносіла, казкі баяла. Толькі бяда — не ўсё яна па-нашаму разумела.
Іна, тая мяне ніяк не звала: «вы» і «вы». Часам, калі нявыкрутка, «Анісімаўна» скажа. Дзе ж гэта відана, каб свякруху ніяк не зваць? Можа, цяпер такая завядзёнка?
З месяц папілі ў мяне сырадойчык, з'елі ўсіх куранятак і пачалі збірацца ў дарогу. Аднаго разу за вячэраю сын і кажа: «Што ты, мамаша, тут будзеш адна векаваць? Забалееш, вады падаць некаму. А мы скора кватэру палучыць можам. На траіх — дзве комнаты ад сілы, а на чатырох можна і тры. Састарэлым нібыта асобая плошчадь палагаецца. Так што рашайся, мамаша».
Тут мяне як варам абдало: «Куды ж хату, кароўку,— пытаюся,— усё, што з таткам тваім нажывалі?» Тут і Іна падала галасок і ні з таго ні з сяго першы раз мамаю назвала. Нібыта спагадае, што мне адной упраўляцца цяжка, што гады выйшлі, што і Анжэлачка да мяне прывыкла. А ў іх на ўсім гатовым будзе так добра, так добра. Хату з усім, што ёсць, прадаць прасцей простага: іх цяпер за добрую цану на дачы купляюць.