Выбрать главу

Слухала я, слухала ды як загалашу: «А дзетачкі ж вы мае, хіба можна сваё гняздо пакідаць, а самому ісці невядома куды лёгкага хлеба шукаць. Я ж без работы зачахну. Тут мяне ўсе ведаюць, і я ўсім свая. У хаце кожны цвік тваім таткам, царства яму нябеснае, забіты, маснічыны аж дасюль цёплыя ад яго ручачак. І кінуць-рынуць усё, аддаць чорту лысаму?! Не, мае дзеткі, не сагласная я, як сабе хочаце».

А яны ўмалёгваюць, каб пра іх падумала. Кажуць, грошы мне на кніжку пакладуць, а яшчэ лепей машыну купяць на маё імя, бытта мая, а ездзіць будзе ён і мяне, як пані, будзе катаць. Гаварылі, гаварылі, ледзь не пасварыліся. Так надзьмутыя і паехалі.

А я ўжо прысохла да ўнучачкі. Сніцца яна мне і сніцца. Убачу чыё дзіцятка, здэцца, мая Анэлечка. А як пра хату падумаю, такі страх апаноўвае, нібы знялі з цябе ўсё да рубца, выгналі ў поле ў чым маці радзіла, і няма табе прыстанішча, хоць воўкам вый. Дзень і ноч думкі не даюць збыту: і так і гэтак прымяркоўваю. Падумаць, дык і праўда, адзін сын застаўся, яму жыць, а мне аджываць. Няхай яму добра будзе, для сябе ж стараецца. Мы нагараваліся, няхай дзіцятка параскашуецца, а я неяк перакідаюся. Няхай бы, як людзі, калі так хочацца, і машыну тую меў, і кварціру людскую. Свая ж крывіначка, сваё ж дзіцятка, і не зломак які, і сямейка ладная. А прыгледжуся на соннага — Анікей і Анікей. Хіба ж можна шкадаваць свайму дзіцяці? Маці ж з рота скібку апошнюю аддасць яму. Ды і чым Паўлічак горшы за людскіх дзетак? Вунь і Халімон свайму гарадскому хлопцу справіў «Жыгулі», і Лаўрэніха зяцька «Масквічом» надзяліла. А я што, хіба не маці?

А прайдуся па двары, зірну ў варывеньку, стрэну Падласку з пашы, здаецца, і яна глядзіць і просіць: «Не кідай ты нас». Успомнілася, як Анікей, ужо на мыліцах, заганяў крукі ў шула і выцяў па пальцы, здэцца, і кровачку яго дасюль дажджы не змылі; патупаю, патупаю па хаце, умыюся слязьмі і шапчу: «Уразумі, госпадзі, старую дурніцу — за сынам ісці ці самой па сабе жыць? А ён жа ў мяне адненечкі...» Толькі што з ім сталася? Калі так зачэрсцвела яго душачка?.. А ці часам не сама вінаватая? Каб жывенькія былі Волечка ды Змітрачок, на ўсіх траіх дзяліла б сваю ласку, кожнаму пароўну: акрайчык і драбочак цукру, скварку і кубачак малачка — на ўсіх. А Паўлічак жа рос адзін. І ласка, і клопат, і самае смачнейшае — усё яму, каб і сыты, і апрануты быў не горай за людскіх дзетак. А ён яшчэ і перабіраў: гэта не так, тое не гэтак. Малы прасіў, енчыў, а падрос — дай, хоць з калена выламі. От тады і трэба было прывучаць па адной маснічыне ступаць. Дык дзе там! Ад сябе адрывала, абы яму добра было. Так і прывык: «дай» і «дай». Хоць бы раз сказаў: «На, мама». Зроду не было. Кажуць жа: «Адно і тое нелюдно».

Але ж хіба ён адзін такі? Онь колькі хат пазабіваных стаіць. Разбрыліся дзеці, і мацяркі падаліся хто куды. Але ад гэтага не лягчэй.

Аўдоцця спахапілася, што ўжо не думае, як жыць далей, а толькі перабірае ў памяці перажытае, перабачанае, перапакутаванае.

Праўда, калі калгас стаў на ногі, старшыні людскія трапляліся, дык онь як разжыліся: кублы і клеці поўныя, разбудаваліся, грошы сотнямі лічыць пачалі, адзежу не горшую за гарадскую паспраўлялі. Ідзеш вуліцай, хаты, як велікодныя яечкі, маляваныя, матацыклы ў кожным двары плот падпіраюць, машыны свае завялі, тэлевізары над кожнаю страхою рожкі вытыркнулі. Добрыя людзі дзяцей павывучвалі, гарадскіх унукаў гадуюць, ведаюць, дзеля чаго і дзеля каго жывуць. Падумала і пастукала сухім кулачком у лоб: «Пільна трымайся свайго селішча, кораню свайго пільнуйся. Чалавека без свае зямлі гоніць вецер, як сухую траву па полі».

6

Дакторчын гаспадар адбіў тэлеграму, што едзе. Замітусілася Арына Аляксееўна: сама ўзялася прыбіраць у сваіх пакоях, а ў абліччы то радасць, то прамільгне трывога — ссуне броўкі і замрэ на месцы з анучаю ў руках. Галінка скача на адной ножцы і прыпявае: «Едзе татка на казе і гасцінец прывязе...»

— Што ты пляцеш, дачушка? Чаму на казе? Да станцыі цягніком прыедзе, а туды па яго машыну пашлюць...

— «Казла»? — хітра ўсміхаецца Галінка.— Можа, ён не казёл, а зусім каза. Бабка Дуня ўсе казкі складна гаворыць, і я так умею: «Баба Дуня шафу суне», «Пашлю маму ў краму да цёткі Веркі па цукеркі».

Арына Аляксееўна ад замілавання смяецца і цалуе дачушку ў белую галоўку, спрытна ўскоквае на табурэтку, напружвае высокія статныя ногі, выгінаецца спіна, высока выцягвае белыя круглыя рукі, каб пачапіць новую фіранку з прыгожымі каляровымі паўлінамі.