Аднаго разу мястэчка ўзрушыла навіна — прыехаў і будзе выступаць гіпнатызёр. Што гэта такое, ведалі не многія, хоць і здагадваліся, што незвычайны чараўнік пакажа нешта зроду не бачанае. І прозвішча яго было дагэтуль нікім не чутае — Альберт Маран.
Як жа дапяць у нардом, каб пабачыць, што гэта за гіпноз. Пра білеты не было чаго і думаць: грошай у мамы не было, ды каб і былі, на забаўкі б ніколі не дала. Праз тое ж прыадчыненае акно я ўкуліўся ў забіты людзьмі клуб, прашыўся наперад і з-за абшмулянай спінамі грубкі ўглядаўся ў кожны крок і рух на сцэне. А там сапраўды былі ніколі не бачаныя дзівосы.
Нячутна, нібы плаваў, рухаўся невысокі шчуплы мужчына ў чорным сурдуце, з вялікім чорным бантам на шыі, і валасы былі чорныя, расчасаныя на роўны прабор і нібыта прылепленыя да невялікай круглай галавы. На століку ён узяў доўгую блішчастую шпільку, памахаў ёю са свістам у паветры, высалапіў язык, левай рукою прытрымаў яго за кончык і праткнуў навылёт. У зале войкнула некалькі жанчын, а гіпнатызёр пайшоў па праходзе, паказваючы свой прапораны язык. Гэтак жа спакойна ён праткнуў навылёт ніжэй локця руку, потым па самае дзяржанне праглынуў зіхатлівы кінжал.
Публіка прытаілася ад здзіўлення і страху, што ён можа і галаву сабе адрэзаць. Жанчыны заплюшчваліся і адварочваліся. Наздзекаваўшыся з сябе, гіпнатызёр запрасіў на сцэну жадаючую жанчыну. Доўга ніхто не адважваўся. Ён упрошваў і ўгаворваў, што ні калоць, ні пароць не будзе, пакажа «сеанс індывідуальнага гіпнозу». І ўгаварыў-такі зграбную маладзіцу, што ляскала на машынцы ў райвыканкоме. Гіпнатызёр пасадзіў яе ў зручнае крэсла, нахіліўся над тварам і доўга ўглядаўся ў яе вочы, потым вялікім і ўказальным пальцамі ўзяўся за скроні і загаварыў павольна і ціха, нібы заспяваў калыханку: «Спіце, спіце, засынайце. Вы стаміліся, вам хочацца спаць, нямеюць рукі, нямеюць ногі, вы засынаеце, вось заплюшчыліся вочы. Вы спіце, спіце глыбокім прыемным сном». Праз некалькі хвілін жанчына сядзела з заплюшчанымі вачыма і адкінутай галавой. Маран падняў яе руку, адпусціў, і яна ўпала, як пусты рукаў.
«Вам на лоб села муха, поўзае і казыча. Зганіце яе». Жанчына ляпала рукою па лбе. У зале нехта хіхікнуў, на яго засыкалі, Маран пагразіў пальцам і прыклаў яго да вуснаў, каб маўчалі. Гэта быў толькі пачатак. Гіпнатызёр устрывожана загаварыў: «У пакой праз вокны хлынула вада. Яна прыбывае і -прыбывае, падымаецца ўсё вышэй і вышэй...» Жанчына пачала паднімаць ногі, «вада паднялася да каленяў», машыністка вышэй падцягнула спаднічку, пад ёю нешта мільганула белае. У зале нехта выдыхнуў: «О-г-о-го!», а жанчына пачала грэбці рукамі, нібыта плыве. Калі спаднічка паднялася да крытычнай адзнакі, Маран абсмыкнуў яе і павольна загаварыў: «Супакойцеся. Вада сышла, небяспека мінула, свеціць і грэе сонца». Машыністка апусціла ногі і спаднічку. «Вы соладка паспалі на беразе мора, слухалі шум прыбою, загарэлі на сонцы...» Жанчына расшпіліла свой жакецік. «А цяпер будзем прачынацца... вы ўжо не спіце, вы ўсё чуеце...» Гіпнатызёр робіць рухі рукамі ўздоўж цела, фукае ў вочы, а машыністка не ўстае. У зале захваляваліся: «Можа, і не прачнецца... Хоць выспіцца за свае грошы»,— нехта пажартаваў у канцы клуба.
З дапамогаю Марана машыністка павольна паднялася, доўга далонямі працірала вочы, глядзела ў залу, відаць, не пазнаючы, дзе яна і адкуль столькі народу. Гіпнатызёр правёў яе на месца. Усе выцягваліся, каб паглядзець на яе. Сяброўка спытала: «Папраўдзе спала ці прыкідвалася, Жэня?» — «Не ведаю, дзе была. І вада лілася»,— млява адказала машыністка.
Маран прайшоўся па праходзе, спыніўся на сярэдзіне і спытаў: «Прашу жадаючага дапамагчы мне правесці яшчэ адзін сеанс гіпнозу». Усе маўчалі, пазіраючы адзін на аднаго... Маран папрасіў яшчэ раз: «Няўжо сярод вас няма ніводнага сапраўднага мужчыны? Тым больш, ніхто нічым не рызыкуе. Запрашаю трох чалавек. Як вы сябе адчуваеце?» — запытаў ён у машыністкі. «Добра»,— ціха адказала яна. «Скажыце, калі ласка, гучней».— «Добра. Вельмі добра!» — голасна паўтарыла тая.
Устаў высокі статны стругаль з арцелі Грыня Білімовіч, звонка пратупаў падкоўкамі наваксаваных ботаў на сцэну, за ім пайшлі яшчэ два хлопцы. На сцэне паставілі тры табурэткі — адну пад галаву, другую пад ногі, трэцюю пад сярэдзіну. Грыня лёг на іх. Маран пачаў закалыхваць яго павольным угаворам: «Спіце, спіце, засынайце». Ад такой «калыханкі» ў некаторых у зале заплюшчваліся вочы. Гіпнатызёр, не датыкаючыся, вадзіў над Грынем рукамі і паўтараў: «Ваша цела дранцвее, дзеравянее, напружваецца, вы яго не адчуваеце, яно стала бязважкім». З-пад сярэдзіны асцярожна выцягнуў табурэтку, тулава ніколькі не прагнулася, ляжала роўненька, як дошка. У зале ўсе замерлі. Тады Маран загадаў аднаму з асістэнтаў сесці Грыню на жывот. Загіпнатызаваны не зварухнуўся. Потым сеў цяжэйшы: Грыня як апруцянеў. Было яшчэ шмат нумароў, а першыя ўразілі і запомніліся асабліва.