— Прызнацца, сорам не даваў. І шкада сваё дзіця ганіць, і болька вот тут,— яна пастукала кулачком у грудзі,— збыту не дае. Казала ж ужо вам, як Паўлічак з тою Інаю і Анжэлачкаю наведаўся ў Балашоўку і з нажом да горла падступіўся: пераязджай і пераязджай, мамаша. І кватэру на цябе большую дадуць, і на сваёй машыне куды заўгодна паедзеш.
І ўгаварыў-такі дурную бабу. Каму верыць, як не роднаму дзіцяці? Хто ж ведаў, што свае так аблапошаць родную маці? Збыла і кароўку і дом. Дзякаваць богу, Падласка ў добрыя рукі дасталася. Дом,— яна ўздыхнула,— на знос пайшоў. А як выбіраліся адтуль, адзін божачка ведае. Хацела куфар, што ад мамкі з пасагам прывезла, забраць, і слухаць не захацелі. «Ён жа ўвесь шашалем паточаны,— кажа тая Іна,— на трэскі яго толькі,— у нас жа ёсць сервант». І нарумзалася ж я, пакуль душачку адарвала ад свайго парога. Колькі мы некалі на ім з Анікеем папаседжвалі пасля работы. Патрэт яго, царства яму нябеснае, да-а-ў-но вісеў у раме пад шклом. Зняла яго, працерла, у чыстую сурвэтку загортваю, а нявестачка як хвастане: «У гэтай жа раме клапоў, як сернікаў у карабку. Картачку можаце ўзяць, а гэта — у печ». Тут я не вытрымала, зайшлася плачам. А выйшла ўсё адно па яе. Тут я і змікіціла, пад чыю дудку мне скакаць аж да смертачкі. А Паўлік хоць бы азваўся. Э, думаю, сынок, і цябе яна, не раўнуючы, як таго жыўца, водзіць на акунёўцы. Памкнулася было ўзбунтавацца, адкруціць усё назад і дажываць век У сваёй хаце. Але дзе ж ты адкруціш, калі і бумагі ўсе казённыя з пячаткаю, і грошыкі ў яго ў кішэні. Так я перажагнала свой двор, параўла і паехала на бабыльскую жытку ў тыя ДОСы.
— А што гэта такое? — спытала дакторка.
— У тым гарадку так дамы афіцэрскія называюцца. Гэта ж людзям усё часу не хапае, дык і словы пакалечылі. Ужо малому і маму няма калі мамаю назваць, дык «м-а-а!» крычыць.
Ага, ізноў убок звярнула. Прыехалі. Я думала, горад і праўда, аж тыя ДОСы паміж хвойніку стаяць, а за імі — салдацкія казармы, нейкія гаражы і адзін магазінчык. Там і хлеб, там і крам, там і драбяза ўсялякая.
Кватэра, няма чаго богу грашыць, людская была,— тры палавіны, светлыя і не так высока, на трэцім этажы. Усё было: газ, і ванна, і, шануючы вас, туалет прама ў кватэры. Мне нанач у зальчыку ставілі раскладушку: качалася ў ёй, як у начоўках, а днём калі-нікалі на канапе падрамлю, пакуль дзверы не рыпнуць. Грашыць не буду, харчамі не забіжалі. Паўлічак з цёмнага да цёмнага, а то і ўсю ночачку — на рабоце. Іна — днюе ў сваім буфеце, а ўвечары ў клубе скача і спявае. Унучку адводзіла і забірала з садзіка я. Колькі разоў казала, няхай сядзіць дома. І ні блізка. Кажа, будзе няправільнае васпітанне: ёй дзецкі калякціў трэба, а ў гэты калякціў з плачом цягну беднае дзіця, і ўсё просіцца, каб раней забірала.
А я ўвесь дзень прыдумляю сабе работу: навару, напяку, перамыю калготачкі, шкарпэтачкі, панчошкі і маці і дачушцы пацырую. А вечарамі — целевізар. Мы дык больш з Анжэлачкаю тыя мульцікі глядзелі, а што яны там гавораць, страляюць і паляць, проста страх бярэ. Пагоду яшчэ слухала. Часам я лепш угадвала. Так і жыла з ласкі, калгасную пенсію палучала 26 рублёў і 48 капеек. Мне от так хапала. Хоць і дагаджала як умела, усё адно нявестка фыркала: тое не так, гэта не гэтак. А Паўлічак маўчыць, як вады ў рот набраў. Бачу — і яму не соладка: маці шкадуе, а жонку баіцца. У казарме — камандзір, а дома — папіхач папіхачом.
Леташняя зімачка ўвалілася, што і качкі адляцець не паспелі. Пабегла ў магазін па малачко, а яго доўга не прывозілі. Пакуль дастоялася, добра-такі заклякла — ні рук ні ног не чую. Назаўтра гарачка такая ўкінулася, што і сваіх не пазнаю. Пакідалася, пакідалася на сваёй раскладушцы,— замінаю, усе абходзяць мяне. І адтарабанілі ў бальніцу. Там добра было. А дзён праз колькі прыходзіць адведаць сынок. Кампоту слівовага прынёс і яблыкаў куплёных, памыляўся, памыляўся дый кажа: «Такая, мамаша, сітуацыя. Срочна мяне пераводзяць на Урал. Прадпісанне выехаць з сям'ёю нямедлянна. Вас цяпер забіраць нельзя, каб у дарозе не пацяраць, да і врачы не разрашаюць. Так што не беспакойся, маць, як толькі ўстроюся, вызаву тэлеграмай. А з КЭЧ дагаварыўся: выйдзеце, у прэжняй кварціры пажывяце да вызаву».
Паплакала я: на каго ж ты мяне, сыночак, адну, як бабылку, кідаеш, куды ж мне цяпер дзецца, калі няма свайго ні кала ні двара.
І Іначка прыджгала. «Мамаша (гэта, значыць, я ўжо мамаша), мамаша, не валнуйцеся, абязацельна забяром. Паўлік прыедзе нарочна».
І паехалі.
Чаго толькі не перадумала, пакуль качалася ў той бальніцы. А як тэмпература спала, доктар і кажа: «Далечваліся, бабка, дома. От табе рэцэпты і парада: пі гарачае малако з мёдам, грэлкі і гарчычнікі на левы бок стаў, а нам,— кажа,— койка трэба». З тым і выпісалі мяне. Я ў той ДОС прыплялася, а там ужо чужыя людзі пасяліліся. Праўда, пусцілі мяне. Раскладушку маю, дзякаваць ім, не выкінулі, у калідоры паставілі, а ў іх там ладная псіна ў закутку вурчыць. Так удваіх і спалі, а новая гаспадыня глядзіць, як на скулу на самым патрэбным месцы. А я страх баюся каму замінаць. Пенсія мая канчалася, да новае далёка, і выбралася я ў сваю старану. Думаю сабе, перабуду колькі ў кумы, можа, каму нянька спатрэбіцца ці падлогі мыць і званкі даваць у школе. Папрасіла тых суседзяў, каб адрас запісалі, рубель пакінула: калі прыйдзе вызаў, каб у Балашоўку пераслалі.