От здуру, нямоглая, і выправілася на сваю пагібель. Прамачыла ў дарозе ногі, замерзла да самай сярэдзіны. Звярнула з шляху ў бліжэйшую вёску і прыбілася аж сюды. Немач тая, відаць, адкінулася назад. Так і сунулася без памяці пасярод вуліцы. Каб жа не вы, галубачка, вараннё б даўно і костачкі расцягала,— яна ўхапіла руку Арыны Аляксееўны, каб пацалаваць. Дакторка далікатна высмыкнула яе з шурпатай сухенькай далоні.
— Што вы, Анісімаўна, гэта вашы спрацаваныя рукі трэба цалаваць. Столькі яны папаварочалі!
Арына Аляксееўна, відаць, успомніла сваю маці і сцерла далонькай слязінку.
— Можа, там вас даўно чакае тэлеграма, сын шукае вас.
— Не шукае, ведаю, што не шукае. Каб шукаў, знайшоў бы адразу. Знаць бы даў, дзе ён... — Сны ў другі бок вернуць. А я даўно веру снам. Як сасню маці — дабра не чакай, ратуйся: яна мяне кожны раз пра бяду папярджвае. Калі дом прадавала, аж бытта прыходзіць яна да нас, стала ў парозе і маўчыць. Я адвярнулася ад печы, а яна, нябожчыца, уся аж зіхаціць ад таго полымя. Адале з-за пазухі выцягвае пук грошай, ды шась у печ, яны так і пакарабаціліся ды чорным попелам узяліся, потым яшчэ жменю — у агонь. Я хачу крычаць: «Што ж вы, мамачка, робіце?», а голасу няма, а яна толькі ўсміхнулася і растала, як дым. Падумала, падумала, дык гэта ж я свае грошыкі шуснула ў печ... І ў песні ж некалі спявалі: «Зялёны дубочак далоў пахіліўся, быў добры сыночак, пакуль не жаніўся».
— Прыедзе мой Федзя, папрашу яго, каб падкінуў вас на машыне ў тую Балашоўку, там, пэўна, і тэлеграма вас ужо чакае. Захочаце, да сына паедзеце, а не — у нас аставайцеся. Вы мне і ў бальніцы, і дома во як патрэбны.
— І я прыжылася пры табе, галубачка, да Галінкі мудрэй як да роднай унучкі прысохла, а ўсё адно ісці некуды трэба, прыбівацца да цвёрдага берага пара. Пажыла б я яшчэ ў вас, але што скажа ваш гаспадар? Спытае, адкуль гэтая навалач?
— Ён у мяне неблагі.
— Неблагі — дарагі, а дабрэйшы — даражэйшы,— усміхнулася Аўдоцця.— А я помню адно: першы дзень госць — золата, другі — серабро, трэці — медзь — дадому едзь. Пара і мне. Калі не гоніце, пажыла б яшчэ колькі. Шкада мне вас з Галінкаю.
— Праўда, Анісімаўна, пра дом і пра бальніцу сваю і не дбаю. Там, дзе вы,— парадак.
Галінка ўжо даўно спала. Жанкі дапілі чай. Арына Аляксееўна была ўзялася прыбіраць пасуду, але Аўдоцця не дала, прычыніла за гаспадыняю дзверы, а сама ціха-ціха, каб лішні раз не бразнуць, управілася і патушыла святло.
Праз сон пачула, як па страсе шапаціць роўны спорны дождж. «Дзякаваць богу,— падумала,— праўду кажуць, два дажджы ў маі — не дбай аб ураджаі». Яна хоць даўно не арала і не сеяла, а душа балела за кожнае каліўца, думала, як уродзіць, як людзі давядуць да ладу, і пакутавала, калі нешта ішло ў глум,— смаліла спёка ці гніло ў аблажныя дажджы. Такая ў яе была душа — спрадвечнага хлебароба і гаспадыні.
А дождж шапацеў да світання.
Гаспадар Арыны Аляксееўны прыехаў надвячоркам. У доме яго ўсе чакалі: жонка прыбралася ў беленькую тонкую блузку і зграбную клятчастую спаднічку, валасы двума колцамі спадалі на высокі лоб. Уся яна свіцілася ад чакання. Галінцы завязалі вялікі блакітны бант, абулася яна ў новенькія чырвоныя сандалікі і выбегла да брамкі сустракаць татку. За парканам усміхалася Арына Аляксееўна.
З машыны вылез высокі шыракаплечы мужчына ў шэрым капелюшы, з перакінутаю цераз руку курткаю, у сінім касцюме, пры гальштуку. Круглатвары, смуглявы, як цыган. Ён пацалаваў у шчаку жонку, нібы саромеючыся, ухапіў на рукі Галінку і пайшоў да ганка. Шафёр следам панёс вялікі чамадан.
Аўдоцця на кухні пякла наздрыстыя пшанічныя аладкі. Фёдар пачуў, што нехта старонні ёсць у хаце, і запытаў у жонкі: «Хто там?» Арына ціха адказала: «Добрая, мілая жанчына... Часова пакінула пасля бальніцы». А Галінка рынулася на кухню: «Бабка Аўдоцця, бабка Аўдоцця, татка прыехаў, паглядзі, што прывёз,— яна трымала вялікую шакаладку ў прыгожай абгортцы,— а ў чамадане яшчэ ёсць нештачка,— зашаптала,— от такая лялька». І раскінула рукі на ўсю шырыню. Анісімаўна выцерла рукі, выйшла з кухні, ласкава прывіталася: «Добры вечар. З прыездам вас. Зачакаліся ўсе, а Галінка ўсе вочкі прагледзела».