Выбрать главу

Фёдар кінуў на хаду «Вечар добры» і панёс у пакой разбіраць чамадан. Анісімаўна знікла на кухні.

Стол быў застаўлены па-святочнаму: мачанка, закалочаная падсмажанай мукою, стосік аладак, свежанькі тварожны сыр, масла са слязінкаю, наўкасы накроены батон, лустачкі свежага хлеба, скрылёчкі чырвонай падсушанай паляндвіцы свайго засолу. На пліце булькаў вялікі эмаліраваны чайнік. Такому пачастунку здзівілася нават гаспадыня, а Аўдоцця толькі задаволена пасміхалася.

— Ну-у-у, жывяце вы, нічога не скажаш,— паціраючы рукі, садзіўся за стол Фёдар.

За вячэраю і чаем ён расказваў абласныя навіны: каго куды перавялі, каго адправілі на пенсію, каго павысілі; з арганізацыяй аграпромаў нібыта і яму свеціць павышэнне ў раён. Казаў, што ўсе іх курсанты зачытваліся ў нейкім маскоўскім часопісе пра недаробкі ў камбайнах. Адтуль і вялікія страты.

— Гэта ж трэба ўмець, зрабілі імянны камбайн славутаму казахстанскаму цалінніку, адправілі ў Кустанай, паспрабавалі, а ён не круціцца. От партачы! А колькі мы б'ёмся з гэтай тэхнікай?

Фёдар з замілаваннем пазіраў на сваю Арышу, пад'юджваў Галінку, каб весялей ела, а сам нахвальваў вячэру пасля сталоўскіх харчоў:

— Паверыш, ад полівак ды шэрых катлетаў ікаўка да абеду пачыналася, а ад кампотаў пячайка дасюль смаліць.

Аўдоцця ўпершыню не села з усімі за стол. Нешта ўсё длубалася каля пліты. Арына Аляксееўна некалькі разоў яе запрашала, а яна ўсё аднеквалася: «Пакуль пякла ды смажыла, дык і накаштавалася. Ешце на здаровейка... Упраўлюся, тады...»

Гаспадыня памкнулася памагчы ёй.

— Ідзі, ідзі, галубачка. Столькі ж вы не бачыліся,— і выправадзіла Арыну Аляксееўну з кухні.

Доўга за дзвярыма чуліся гамана і смех, шчабятала, аж заходзілася, Галінка, а потым першаю замоўкла яна.

Анісімаўна патушыла святло, легла на свой тапчанок у баковачцы за сцяною гаспадарскага пакоя. А там яшчэ доўга чуўся басавіты голас Фёдара, нібыта ён за нешта ўшчуваў жонку, перабіваў яе слабы галасок. Часам далятала «анкета», «пашпарт», «заява», «навешаюць табе». Значыць, свае пытанні рашае, падумала і хутка заснула Аўдоцця, а ў сне збянтэжанасць і трывога не пакідалі яе. «Нешта ж не вельмі ён ласкавы». Снілася штось нядобрае, як пракінулася на світанні, так усё з галавы і выскачыла. Сілілася ўспомніць, і — ніяк. Бытта зноў свежае мяса прывярзлося. Няўжо на хваробу? Нядобры сон.

Устала, прычыніла за сабою на кухню дзверы, села абіраць бульбу ўжо з ладнымі струпамі белых парасткаў.

Ні з таго ні з сяго яе раптам апанавала нейкая асцярога, даўмелася, нібыта жывасілам улезла ў чужую сям'ю, ходзіць на дыбачках, азіраецца, як той злодзей, а з учарашняга вечара і зусім звяла: пазіраў гаспадар на яе, як на непатрэбнага прыхадня, хоць і хваліў вячэру. Раней Арына Аляксееўна ніколі з Галінкаю не садзіліся без яе за стол, а ўчора азвалася і больш не настойвала. Відаць, і яна не надта смелая пры гаспадары.

Бульбіны боўтаюць у каструльку з вадою. Ну, і хопіць. Паставіла на пліту, размачыла ў малацэ зачэрсцвелы батон: Галінка ж вельмі любіць свежанькія грэначкі. Як устане, адразу з патэльні — на стол.

Нячутна ў новенькіх тапачках з узорамі і памятым блакітным халаціку зайшла яшчэ непрычэсаная Арына. Прывіталася і маўчыць. Ад няёмкасці загаварыла пра нейкія дробязі, зірнула ў акно, спытала, ці не будзе дажджу.

— Не паказвае.

— Адкуль вы ведаеце?

— Калі круціць рукі ўсю ночачку і сярэдзіну ломіць, нібы грузавіком пераехала, чакай дажджу. А сёння абышлося. І неба вунь якое яснае. Можа, вы куды ў дарогу збіраецеся?

— Не, проста так пытаюся,— і замоўкла.

Яшчэ нешта папыталася, абы спытаць, і выйшла. Аўдоцця адчула, што нешта муляе яе гаспадыньку.

Управіўшыся дома, Аўдоцця адвяла Галінку ў садзік і пайшла наводзіць парадкі ў амбулаторыі і ў бальніцы: зноў мыла, працірала і шаравала вокны, сталы і падлогі, зноў той хрыпаты дзед назаляў сваёю «Прымай», хоць дакторка конча забараніла яму не то што курыць,— нюхаць. Пасядзела ў палаце з жанкамі, падвесяліла іх трохі, сабралася было ісці, аж пазвала яе Арына Аляксееўна ў свой кабінецік.

— Як вы сябе адчуваеце, Анісімаўна? Давайце я вас паслухаю, памераем ціск.

— Мерай не мерай,— не паменее і не паболее, і ўсярэдзіне сілы не прыбудзе. А чую сябе добра. Дай бог вам здароўя, што на ногі паставілі. Цяпер хоць да Кіева дайду.