— Я якраз хачу, каб вы асталіся ў нас. Баковачку вам пры бальніцы зробім, зарплату па сумяшчэнню аформім санітаркі і вартаўніка... Толькі трэба, каб вы заяву напісалі, запоўнілі лісток па ўліку кадраў. Працоўнай кніжкі ў вас, вядома, няма.
— Як гэта няма? Аж дзве,— і Аўдоцця працягнула зрэзаныя маршчынамі далоні абедзвюх рук,— от яны, з усімі пячаткамі за ўсе гады... А пісаць пакуль што нічога не буду. От збегаю дадому, дазнаюся, калі нічога няма ад Паўліка, тады відно будзе. Мабыць, здарожаны гаспадар устаў, пабягу пакармлю яго.
— Не клапаціцеся. Мы разам паснедалі. Ён ужо да-а-ўно ў канторы ці ў полі. Цяпер жа самая гарачая пара, а трактарны парк яшчэ не ўвесь на хаду.
— Ну, я пабегла.
Аўдоцця пастаяла на ганку, прыкрыўшы далонню вочы ад сонца, паўглядалася ў зацягнутае сіняватай смугою ўзаранае поле з чародамі крыклівых гракоў. Ад свежай зямлі цягнула сытай вільгаццю. Над бальнічкаю на высокай таполі з клёкатам і трэскам ладзілі гняздо буслы, недзе ў паддашшы стагналі і вуркаталі галубы, залівалася шчэбетам і свістам усё веснавое птаства. Недзе ў даліне вуркатаў трактар, выпырхваючы шызы дымок.
Многага Аўдоцця не магла зразумець, што робіцца ў наваколлі. Яна падняла на абочыне дарогі камячок зямлі, па даўняй звычцы размяла яго ў далоні: «Халодная яшчэ. Закляклая. Пад засеў трэба, каб угрэлася добра, тады зярнятка адразу праб'е парастачак і пойдзе ў рост, а ў сцюдзёнай — застыне, можа і не прабіцца ці вылезе нягеглым заморкам. І чаго людзей гоняць як найхутчэй адсеяцца. Іншым разам у глум, пад снег сыплюць дабро, абы зводку даць. Па радзіву, па целевізару, на сходах у сто галасоў лямантуюць — давай, давай барзджэй, адстаў, падцягніся. Некаторыя такія «гаспадары» не пра ўраджай дбаюць, а пра сваё мяккае крэселца, каб жа, бронь божа, не скінулі, як дурную квактуху з седала. Хто калі хлебаробу загадваў, калі араць, калі скародзіць, калі сеяць і жаць? Сам ведаў і рабіў, дык і было. Даўней казалі: «Прыйшла прачыстая — усё поле чыстае». А цяпер камбайны і зерневыя, і бульбяныя, і гарадскіх прысылаюць у памагатыя, а бывае аж да замаразкаў няўпраўка.
Бывалешнім часам сярпамі і косамі за два тыдні ўпраўляліся, і зямлі было не меней, як цяпер, у той жа Балашоўцы, і не толькі ў Балашоўцы. Цяпер жа унь колькі на колішніх гонях гарадоў наставілі, а на тым асфальце нічога не ўродзіць. Гэта ж і тады, як ішла ў Маленчыцы, гляджу, аж з-пад снегу нейкія гурбы тырчаць. Памацала. А божухна, гэта ж ад восені пад снегам выбраны лён дапрае. Каб сваё, нябось бы лясёнкаю кожная баба перацягала б, ноч не даспала б, а ў полі не кінула. Відаць, пустадомак ацураўся, бо ніяк не ўцяміць, што нашае, гэта ж і маё. Грэх, вялікі, цяжкі грэх гнаіць дабро! Як жа вы так, людцы мае, дапусціліся? Хоць цяпер узяліся за лайдакоў і прайдзісветаў. Ніхто ж нам не дасць і не паможа, як самі не возьмемся сумленне сваё за чупрыну трэсці, ды сябе самога, як зброднае кацяня, носам таўчы туды, дзе пагнюсіў».
Пастаяла, паўздыхала Аўдоцця і пайшла амаль пустою вуліцаю: дзеці ў садзіку і ў школе, самыя рабоцькі — на полі і на фермах, яе равеснікі варушацца ў сваіх гародах і на сотках — паляць леташняе бадылле, плешчуць грады, беляць яблынькі; ад вогнішчаў цягне прэллю і горкім дымам, паветра аж звініць пад чыстым небам, сонца іскрыцца ў невялічкіх лужынах і ў шыбах суседніх хат.
От цяпер, як ніколі, занудзілася Аўдоцця па сваёй Балашоўцы. «Усё ж птаства ўжо вярнулася з выраю, адна я ніяк не прыстану нікуды. Людзі варушацца, садзяць і сеюць, а мой гарод палыном зарос ды малачаем. А я ж на ім кожную цалю на коленцах выпаўзала, ручачкамі сваімі перагрэбла»,— зноў закруціўся карагод думак. Не ведаючы, куды ідзе, Аўдоцця апынулася за сялом. Шырокі гасцінец ішоў на ўсход сонца і ўпінаўся ў цёмны лес. Далей, на скрыжаванні, на ўтравянелым узгорку, край гасцінца, пахіліўся збуцвелы крыж з саламяным перавяслам і невялічкім кужэльным фартушком. Аўдоцця ўкленчыла перад ім: «Куды мне падацца, куды пайсці?..»
Што можа сказаць пакрытае лішайнікам белага моху струхлелае дрэва? На грудку выпстрыкнулі жоўценькія дзьмухаўцы, аж яснела ад іх уваччу. І падумалася: «Онь, якія яны свежанькія пад ранняю расою, а і не агледзішся, як пасівеюць, усходзіцца ветрык, насенне разляціцца белым пухам, і застанецца адно бадылле з лысымі булавешкамі». І так зрабілася маркотна на душы ў старое. Яна адышлася, павярнулася да крыжа: «А ці ёсць ты, божа? Каб быў, не даў бы столькі пакутаў чалавеку, не звёў бы столькі люду ў душагубках і старых пунях, не палегла б столькі нашых дзетачак невядома дзе. Я ж — праведніца. Праведніца: не зманіла, не ашукала, дзіцяці малога не дала ў крыўду. За што ж мне такая старасць? Га? Не, няма цябе. Адзін збуцвелы крыж застаўся. Добрыя людзі, такія, як дакторка, як той у шынялі, што ў аўтобусе заступіўся, ды хіба ўсіх палічыш,— от бог, адзін для другога, другі для трэцяга. Каб усе жылі ў злагадзе ды спагадзе, і горачка б на зямлі не было».