Выбрать главу

За вячэраю Фёдар бурчаў, што без яго так і не адрамантавалі ўсе трактары, не пратруцілі насенне, не ўзаралі леташняе ячнішча. Арына больш маўчала ці для прыліку абуралася Федзевымі памагатымі. Галінка з новаю лялькаю на руках не змаўкала каля Анісімаўны. А тая і сёння не села за агульны стол, спаслаўшыся, што назбіралася, каштуючы.

Па тэлевізары нічога цікавага не было, і ўсе рана разышліся спаць.

Раніцаю было асабліва ціха ў хаце. Арына Аляксееўна зайшла на кухню. Там было ўсё прыбрана і вымыта. Ціхенька прычыніла дзверы ў Аўдоцціну баковачку. Там стаяў акуратна засланы бальнічнаю коўдраю тапчанок. На цвіку старога паліто не было, не было і Аўдоццінага мяшэчка. Сэрца закалацілася ад нечаканасці. Няўжо? Чым жа пакрыўдзілі? Вось так, не сказаўшы ні слова, сышла сярод ночы?

На кухонным стале ляжала папяровая сурвэтка. На ёй Галінчыным фламастэрам было старанна выведзена вялікімі літарамі:

СПАСІБА

ПАДАЛАСЯ У СВАЮ СТАРАНУ

АЎДОЦЯ

І больш нічога. Арына Аляксееўна заплакала, як аб вялікай страце, шкадавала, што загаварыла пра анкеты і афармленне ў санітаркі і вартаўнікі, пра перасяленне ў бальнічную баковачку. А што будзе, як прачнецца Галінка?

Пасля засеву

Пасеяць пасеяў, а ці ўзышло кожнае каліва? Ці не выпалалі гарчэйшую, закураную дарожным пылам і дымам сцяблінку?

Каб ведаць смак салодкага, трэба паспытаць, як гарэніць скарынка з лебядою.

І яшчэ падумалася на апошнім заходзе.

Якая багатая, шчодрая, клапатлівая і спагадлівая наша дзяржава: колькі яна выгадавала і гадуе дзяцей пры жывых бацьках! Як чула і ласкава даглядае старасць бацькоў і мацярок пры жывых дзецях?

Дагледзела яна і Аўдоццю Кастрыцаю. Так, Аўдоццю, а прозвішча ў яе іншае. Гэта яна прасіла не называць яго, каб не зашкодзіць яе Паўліку. Усе думкі толькі пра яго.

Ёй часта і ноччу не спіцца ў светлым людным доме для састарэлых на ўскраіне сталіцы. А клопат адзін, трывога адна: дзе там яе сыночак, як яе адзіненькае дзіцятка?

Такі ўжо матчын лёс.