Выбрать главу

На шчасце, курцы на гэты раз не тоўпіліся перад вакном. Але калі Ася, спяшаючыся, прабягала паўз нішу з дзвярыма, нехта моцна схапіў яе за перадплечча, ірвануў убок – і Арсенія апынулася ў нішы, прыціснутая да нападніка, як у перапоўненым ліфце.

– Тс-с-с… Ціха…

Арсенія ледзь стрымала абураны крык… Перад ёй стаяў Вячка Скрыніч уласнай літаратарскай персонай! І нават моцна трымаў яе за руку (між іншым, на Асінай далікатнай скуры неадменна ўтворыцца сіняк). Худы твар Скрыніча здаваўся яшчэ больш напятым, чым звычайна, зялёныя вочы гарэлі, як у дзіцёнка, якога зараз тата пасадзіць у вагончык амерыканскіх горак. Прамыя цёмныя валасы зблытаныя, як быццам уладальнік толькі што прабег не адну літоўскую вярсту, ноздры драпежнага носа раздзімаюцца… Вочы Асі апынуліся на ўзроўні Скрынічавага падбароддзя, на дзіва паголенага (дзе ж рамантычнае шчэцце?). І паху алкаголю не адчувалася, толькі гаркавата-палыновая парфума… Ад шалёнага Вячкі можна чакаць, чаго заўгодна. Арсенія, праўда, ужо гады з два яго не сустракала, бо зусім перастала цягацца па літаратурных тусоўках. Толькі інтэрнэт час ад часу абурана гуў вакол абвестак, што Вячку, які славіўся незалежніцкай пазіцыяй, не пусцілі некуды выступаць ці не надрукавалі артыкул са станоўчай рэцэнзіяй на ягоны раман. Хаця курсавых і дысертацый па ягонай творчасці, Ася дакладна ведала, абаранялі шмат.

Скрыніч нідзе не працаваў. Адны казалі, што ён някепска зарабляе тым, што піша сцэнарыі серыялаў для расейскіх кінастудый, таму й можа пачувацца незалежна. Другія пляткарылі, што ён проста зусім апусціўся, спіўся, скалоўся, галадае, жыве на міласціну прыхільнікаў… Іначай даўно з’ехаў бы за мяжу, на які літаратурны грант. Можа, і праўда падсеў на якія наркотыкі? Вунь што вытварае… Як яго толькі ў “Сокал-прынт” прапусцілі?

Скрыніч, відаць, збаяўся, што ягоная “ахвяра” як відаць заверашчыць і пачне вырывацца, таму ўмольна і хутка зашаптаў:

– Ціха, калі ласка… Не бойся… Проста паслухай мяне…

Арсенія тузанулася, вызваляючыся ад скрынічаўскага захопу. Пачаліся няёмкасць і боязь. Наўрад гэта спроба аднавіць забыты раман. Хутчэй на бутэльку не хапае беднаму генію, ці ў геніяльную галаву ўзбрыла мара выдацца ў “Сокале-прынце”… Піетэт перад Скрынічам Ася страціла якраз два гады таму, калі Скрыніч на прэзентацыі сваёй кнігі ў галерэі “Падземка” халодна запатрабаваў у абмен на інтэрв’ю ў Асінай сяброўкі Волькі, сімпатычнай студэнтачкі журфаку, правесці ноч у ягонай спальні. І не проста так, а з наручнікамі. Дасюль, маўляў, не апрабаваў. А такія наручнікі файныя, сталёвыя, бліскучанькія… І ложак з жалезнымі парэнчамі ёсць, зручны для такой насалоды. Скрыніч стаяў пад карцінай з намаляванымі вачастымі сперматазоідамі ў сваёй чорнай кашулі і джынсах, дэманічна скрыжаваўшы на грудзях рукі, пазіраў нахабна-пагардліва некуды ў верхні кут столі, толькі час ад часу кідаючы літасцівы позірк на студэнтачку з тоненькім лічбавым дыктафонам, заціснутым у наманікюраных пальчыках – нібыта птушка трымалася за галінку, і лена распавядаў пра тое, што наручнікі – гэта высокі сымболь энэргіі дзэн… Усе вакол разумелі, што Скрыніч сцябаецца, і ціха весяліліся, толькі дзяўчо з дыктафонам не разумела і не ведала, куды падзецца ад сораму. І Ася не ведала, што рабіць. Бо яшчэ ўчора на фуршэце пасля адкрыцця выставы знаёмага мастака Скрыніч нібыта ўсур’ёз з ёю размаўляў, і праводзіў дахаты, і дужа цікава распавядаў пра шляхецкія двубоі, і запрасіў на гэтую прэзентацыю... Прычым наказваў прыйсці абавязкова. На развітанне пяшчотна пацалаваў руку, закаваную ў пярсцёнкі, і здавалася, нават камяні іх заззялі ад радасці… Усё, як у ягоных кніжках! Неверагодна! І Ася, забыўшыся на свае комплексы, млела ад шчасця, і не спала ўсю ноч, соладка шчыміла пад лыжачкай, і ніяк не верылася, што яна – няўклюдная дзеўчынёха з шэрымі валасамі – прыцягнула ўвагу самога Вячкі… Які нават за яе сястрой Маргарытай не стаў упадаць. Не, так не бывае, ён абавязкова ў Арсеніі расчаруецца…

Так тады і выйшла. Было бачна – забыўся, што запрасіў. Нават не глядзіць. Вусны пагардліва крывіць. Вось, прычапіўся да ейнай сяброўкі. А што ты хацела, пачварына…