– А што, ты супраць? – раздражнёна прагаварыў Вячка.—Твая сяброўка дык не супраць была. Ведаеш, – стваральнік фэнтэзі глядзеў некуды ўбок. – я табе доўга дараваць гэтага не мог – цяпер можна сказаць, калі ўсё забылася. Я ж успрыняў напачатку наша знаёмства надта сур’ёзна. А як пабачыў, што ты прывяла гэтую дурную журналістачку, ды на мяне нацкавала, а сама побач стаяла і пасміхалася… Ну, зразумеў, якога дурня зваляў. Цяпер – усё, не бойся. Ніякай эротыкі. Ну, што табе губляць? Такое ўжо цікавае жыццё ў цябе?
Ася захінула твар рукамі. Вар’яцтва. А яшчэ ўсведамленне, што два гады таму ўсё магло атрымацца… Калі б не гэтая Волька… Калі б Ася насмелілася сама загаварыць з вялікім і жахлівым Вячкам, які, аказваецца, зусім не такі ўпэўнены ў сваёй пераможнасці, здольны збянтэжыцца і пакрыўдзіцца… Каб яна выявіла сваю зацікаўленасць – ну хоць на пялёстак незабудкі…
Позна.
– Я не ваша гераіня. У мяне не цёмныя, а попельныя валасы. У мяне… праца.
Скрыніч пераможна ўсміхнуўся.
– Валасы пафарбуем. Імя зменім. З працы звольнімся…– І, пабачыўшы Асін жах, паспешліва дадаў: – Ды жартую я, жартую… Гэта ўсё насамрэч не мае значэння. Дэталі, антураж.. Галоўнае – сэнс… Мэсыдж. – І прагаварыў ціха і сур’ёзна, узважыўшы рукапіс у руках. – Гэта лепшы мой раман. І ён дужа цікавы. І… апошні. Павер, ты не пашкадуеш. Ну, Аліса, ты гатовая сягнуць у Залюстрэчча?
Вячка ўстаў урачыста, як камандзір атрада перад бойкай. Ася таксама павольна паднялася – галава круцілася… Праца… тэчкі… кабінет… пазыка—кватэра—туга-туга-туга…
І прамовіла, страсаючы з сябе рэшткі былога жыцця:
– Я згодная.
– Ганьба! Ганьба! Далоў!—Алесь на чале студэнтаў літаратурнага аддзялення педфака ўварваўся ў аўдыторыю. Нянавісць пульсавала ў скронях, змушала голас зрывацца… Пыльнае святло працэджвалася скрозь шыбы і заставалася ляжаць на паркетнай падлозе ромбамі, падзеленымі цёмнымі крыжамі – якраз месца для ахвяры…
Той, хто быў прычынай нянавісці, стаяў на ўзвышэнні ля новенькай, лакаванай кафедры, якую не паспелі шчэ абцерхаць тэчкі з дакладамі выкладчыкаў. Вось такіх, як гэты, панскае адроддзе, Апанас Іванавіч Корб-Варановіч.… Інтэлігентнага выгляду, высокі, плячысты, гадоў пад сорак. Цёмныя вусікі, акуратная кароткая прычоска, шэры касцюмчык з гальштукам… Выпісаны з Ленінграду дацэнт. А як відаць, у прафесары цэліць. Нават цяпер, твар у твар з раз’юшаным натоўпам – паважны, фанабэрысты… Ні свярбіць, ні баліць. Халодны пагляд шэрых вачэй з чорнымі вейкамі з-за круглых шкельцаў акуляраў, і так і ўяўляецца над высокім упартым ілбом лаўравы вянок.
– Мы адмаўляемся здаваць вам залік!
З-за спіны Алеся азваўся дружны хор ухвалы.
– Мы не будзем слухаць лекцыі чарнасоценца і шавініста!
Студенты загарлалі, пад столь аўдыторыі пачалі ўзлятаць сшыткі, губляючы лісты, нібыта нехта хацеў ажывіць мёртвых птушак.
– І чаго вы дабіваецеся, Вяжэвіч? –дацэнт стараўся гаварыць дастаткова гучна, каб яго было чуваць, але не зрывацца на ганебны крык.— Гэта дэмагогія! Вам проста лянота вучыць славянскія мовы…
– Мы хочам вучыцца! – Алесь аж віраваў ад нянавісці, здавалася, яна, як вецер, кудлачыць ягоныя валасы.—Але не ў вас! Вы—чужы! Прыехалі з Расіі, беларускай мовы не ведаеце…
– Не вам дзяліць на чужых і сваіх! – холадна сказаў Корб-Варановіч.—Калі вам невядома, я родам з Беларусі, як і ўсе мае продкі. Беларуская мова – мая родная мова, і я яе люблю не менш за вас. Так, люблю! – дацэнт павысіў голас, каб заглушыць насмешны гуд. – Не мая віна, што я нарадзіўся, калі не было беларускага універсітэту, і змушаны быў вучыцца ў Санкт-Пецябурзе і пісаць свае працы на расейскай.
– Вось і пішыце пра расейскую! Няма чаго прывязваць да яе нашу старажытную мову Скарыны і Літоўскіх статутаў! – гэта азваўся студэнт Аўтух Папара, які ўжо выдаў паэтычны зборнік, на які напісаў стрымана-ухвальную рэцэнзію сам Лукаш Бэндэ.
– Я – вучань Шахматава, Бадуэна дэ Куртэнэ і Яўхіма Карскага. Спадзяюся, вам хоць нешта кажуць гэтыя імёны. І я ніколі не здраджу акадэмічнай навуцы, дзеля якой мяне і запрасілі на Беларусь, – вусны Корб-Варановіча крывіліся ад пагарды да невукаў.– Як навуковец, я маю справу з фактамі, а не эмоцыямі. І раблю высновы не з таго, што мне заманецца. І не вы будзеце вызначаць тэмы маіх даследванняў. Мова нашая зусім не вывучаная, яе паходжанне, яе развіццё… Сёння і цяпер ствараюцца яе літаратурныя нормы. А тут непазбежныя дыскусіі. Кожны вучоны мае права на сваё меркаванне, калі здольны навукова яго абгрунтаваць.