Выбрать главу

Корб-Варановіч нервова прыгладзіў цёмныя валасы.

– А тое, што ваш Лёсік сцвярждае, што рускай мовы не існуе, што яна прыдумка імперыялістаў – гэта што? Цярпець? Яны настроілі студэнтаў супроць мяне яшчэ да таго, як тыя мяне пабачылі на вочы! Мне Леанід Калантай падрабязна распавядаў пра змову… Ён у наркамаце замежных спраў працуе, знаёмы з усімі нашымі “дзеячамі”, ведае ўсе інтрыгі… Уяўляеце, учора на лекцыі пішу на дошцы формы дзеяслова “плесці” на балгарскай і на сербскай… Раптам з “камчаткі” выкрыквае той самы Вяжэвіч: “А напачатку года вы давалі нам гэты дзеяслоў у іншым напісанні! Калі ж вы памыліліся?”

– А вы і праўда памыліліся?

Апанас Іванавіч упарта прыкусіў губу, памаўчаў, гледзячы ўбок…

– Звычайная апіска. У іншых абставінах я б пажартаваў і пераправіў адну літару на другую. Але тут… – ён нервова прыгладзіў валасы, нібыта змахваў з іх павуцінне. – Кроў кінулася мне ў галаву… Усё, думаю, зараз гэтая хеўра накінецца… Ім не лектар патрэбны, а артыст, як падвізаецца на тэатральных падмостках, блазан, якога можа асвістаць не толькі знаўца, але любы невук, які прыйшоў у храм мастацтва ад няма чаго рабіць…

– Карацей, вы ізноў пасварыліся са сваймі студэнтамі, – дакорліва прагаварыў дэкан. – Паслухайце, Апанас Іванавіч, я, як і ўся прафесура, высока цаню вас як спецыяліста. Вы ўжо шмат зрабілі для беларускай філалогіі. І шмат яшчэ здольныя зрабіць. Проста… прашу вас… не трэба быць такім зацятым. Асабліва не варта заядацца з моладдзю – ёй спаконвеку ўласцівы бунтарскі дух. А тэрміны, якімі вы кідаецеся ў бок іх аўтарытэтаў – “канібалы”, “езуіты”! Я ведаю, крытыкуюць вашыя лекцыі. Але ж і вы гэтак накінуліся на “Граматыку “ Лёсіка… Паверце, і ягоная праца, і вашая патрэбныя аднолькава на гэтым цаліку.

– Вы яшчэ скажыце, што яны аднолькава каштоўныя! Гэты невук шчыра лічыць, што слова “белетрыстыка” паходзіць ад слова “балет”! Цяпер я разумею Яўхіма Іванавіча Карскага, які адсюль з'ехаў адразу ж. Ён і мне казаў: “На Беларусі цяжка працаваць!” Я ж нават сям’ю сюды перавезці не магу – зноў жонку давядуць да нервовага зрыву… – Корб-Варановіч кідаўся па аўдыторыі, як зацкаваны звер. Дэкан спачувальна ўздыхнуў.

– Зразумейце, калега, сёння лінгвістычная спрэчка ў “чыстым выглядзе” немагчымая. Пад усё падкладаецца палітычная “падбіўка”. Адны – “вялікадзяржаўныя шавіністы”, другія – “буржуазныя нацыяналісты”… І нехта нацкоўвае нас адно на аднаго, каб знішчыць усіх разам. Падумайце над гэтым…

Корб-Варановіч спыніўся і ганарыста ўскінуў галаву.

– Я не магу бяззуба ўсміхацца на абразы. Леанід Калантай мае рацыю – я мушу абараняцца! Даводзіць сваю навуковую праўду! Вы проста не разумееце майго становішча…

– Вы так лічыце? – сумна прамовіў дэкан.—Ну, так, ваш Калантай падкажа… Прабачце, але гэта не той чалавек, парады якога варта слухаць. А памятаеце, як на нядаўнім банкеце, калі святкавалі юбілей Ігнатоўскага, да мяне падсеў гэты тып, былы падпольшчык з Наркамасветы? Вы яшчэ пыталіся, пра што мы з ім гаварылі?

– Н-ну… Памятаю...

– Дык вось, ён назваў мяне свіннёй, таму што я не падзяляю іх лінію, ваджуся з такімі, як Корб-Варановіч, і яны мяне “шыбануць”.

Дацэнт збялеў.

– Я вас падстаўляю… Навошта вы прыйшлі сюды?

Суразмоўца супакаяльна працягнуў даланю.

– Ціха, ціха… Я ведаю, што раблю. Усё роўна я – сын святара. Паповіч. Гэты “грэх” мне не выкупіць нічым, таму ўсё астатняе не мае вялікага значэння. Калі мяне захочуць прыбраць, знойдуць за што. А вы так і не адказалі на маё пытанне пра Карыбутовіча. Як ваш непасрэдны начальнік, я павінен ведаць, што гаварыць у вашую абарону. Як вы самі тлумачыліся з чэкістамі?

Дзверы грукнулі – нейкі студэнт сунуў у аўдыторыю віхрастую галаву, сустрэўся з сярдзітым позіркам дэкана і зараз жа схаваўся. На калідоры пачуліся хуткія крокі і вясёлы смех, яны аддаляліся, нібыта ў іншым свеце. Корб-Варановіч нават не павярнуўся, ён стамлёна абапёрся аб кафедру, нібыта збіраўся чытаць дзесятую за дзень лекцыю, і схіліў галаву з акуратнай цёмнай стрыжкай. Па шыбах цякла ўжо сапраўдная залева, скажаючы абрысы дрэваў за вакном так, што яны здаваліся водарасцямі, якія павольна выгінаюцца ў глыбінных хвалях. Паглынулі мяне воды Твае…