– І што, расказвае дома пра сваю працу?
Цяпер у голасе Хведара з’явілася нейкая штучная абыякавасць, але Алесь нічога не заўважыў. Загаварыў здушана, як пра даўнюю хваробу.
– Ды нічога не распавядае. Ні слова. Прыйдзе дадому, усіх з пакою выгане, спірт глохча. Ведаеш, зусім іншым чалавекам зрабіўся. Не памятаю, калі апошні раз ён смяяўся, ці на піяніна граў, ці маці кветкі дарыў… А раней, калі ў чыгуначным шпіталі працаваў, кожны дзень цягаў ёй хоць рамоначак які! А ўзімку, уяўляеш, у сябе ў кабінеце ў слоік з вадой ставіў галінкі бярозы і вярбы, і як зазелянее галінка – прыносіў маці замест кветак.
Твар Алеся зрабіўся зусім хлапечы, шэрыя вочы свяціліся – вось такім ён быў, калі да яго прыходзілі тыя вершы, якія ён лічыў сваёй слабасцю ў адрозненне ад радкоў, што пакутліва выштукоўваў, услаўляючы камсамол, фабрыкі і трактары… А ў гэтых, нязваных, серабрыўся туман над поплавам, пагойдваўся арэлямі месяц, і самая прыгожая ў свеце дзяўчына з рысамі Веранікі Манцэвіч расплятала косы над люстэркавай ціхай вадой…
Ганьба для камсамольскага паэта. Правільна яго лаялі ва універсітэцкай насценгазеце, і на паседжаннях “Маладняка”, і ў часопісе “Полымя”. І незразумела, чаму і адкуль прыходзяць яны, такія няправільныя вершы, і ад іх гэтак салодка-пакутна, гэтак нясцерпна-ўзвышана, як ніколі не бывае ад патрэбных радкоў пра станкі, заводы і камсамол. І, калі ўдумацца, чым ён, падлеглы сентыментальным буржуазным улывам паэт Алесь Вяжэвіч, лепшы за таго Корб-Варановіча?
Але ўспамін пра дацэнта, які, у прынцыпе, нічога кепскага яму, Вяжэвічу, не зрабіў, зноў пагнаў дрыготку нянавісці па целе…
– Што, ужо ліхаманіць? — буркатліва заўважыў П’янкоў. – Будзеш ведаць, браце, як цягацца пад “вольнай стыхіяй”… Крочым хутчэй, а то без нас усё віно пап’юць.
Алесь нічога не адказаў, толькі прыспешыў крок. У небе між хмар паказалася маленькая сіняя лапінка, але да чыстага неба было яшчэ далёка.
За шыбамі кабінета на трэцім паверсе наркамата замежных справаў неба было зусім шэрым, і ніякіх дрэваў пад вакном. Калі не ведаць, які сёння дзень, можна было падумаць, што гэта не травень, а кастрычнік ці нават лістапад. На стале з цёмнага дрэва, магутным, як пастамент для статуі Юпіцера, і шчодра пакрытым бліскучым лакам, стаялі два парцалянавыя кубкі, такія пяшчотна-блакітна-ружовыя, з танесенькімі пазалочанымі ручкамі, што страшна было браць у рукі, здавалася, заверашчаць ад жаху, што іх раздушаць грубыя пралетарскія пальцы.
Хведар асцярожна паставіў свой кубак на гэткі ж далікатны сподачак, нібыта ён быў да краёў поўны, хаця насамрэч Хведар ужо выхлябтаў усю гарбату, нязвыкла салодкую.. Цукру ў гэтым кабінеце не шкадавалі. Напэўна, не скупіліся й на іншае… Свецкую ідылію псавалі ледзь прыкметныя, але ўсё-ткі бачныя паралельныя драпіны на лакавай паверхні стала: нібыта нехта ў смяротным адчаі хапаўся пазногцямі за гладкую паверхню, яго цягнулі назад, а ён зноў вырываўся і ламаў пазногці аб цёмнае дрэва… П’янкоў нібыта наяве пачуў крыкі…
Вось дурныя фантазіі… Гэта ж не турма, не следчы кабінет ГПУ – наркамат замежных спраў. Пазногцямі добры мэблевы лак не падрапаеш. Хведар дакладна гэта ведаў – у дзяцінстве давялося дапамагаць бацьку-цесляру. П’янкоў страсянуў галавой і, каб адагнаць морак, аддана ўтаропіўся ў мудрыя вочы намаляванага Леніна – вялізны партрэт у цяжкой багетнай раме вісеў, як мае быць, на сцяне за спінай гаспадара кабінета… Добра, што таварыш Калантай не валодае здольнасцямі чытаць думкі. Хаця для важнай справы, якой яны абодва займаюцца, гэтая якасць вельмі прыдалася б.
Таварыш Леанід Пятровіч Калантай, акуратны да лялечнасці мужчына гадоў трыццаці, апрануты ў дыхтоўны гарнітурчык з дыяганалі, з прылізанай валасок да валаска доўгай грыўкай, што акуратным трохкутнікам закрывала палову гладкага ілба, нарэшце адарваў вочы ад аркуша, спісанага дробным почыркам.
– Што, і праўда Ластоўскі носіць на мезенцы пярсцёнак?
Хведар паціснуў плячыма.
– Сам не бачыў. Але, думаю, Вяжэвіч не стаў бы прыдумляць.
– Магчыма… А вось інфармацыя пра тое, які вялікі ўплыў мае на студэнтаў Лёсік, нас даўно трывожыць. Гэта выразны нацыянал-буржуазны ўплыў. І шавініст Корб-Варановіч нам у нейтралізацыі гэтага ўплыву дапаможа.
– Як? – здзівіўся П’янкоў. – Я ж думаў, дацэнт – наш вораг!
– Вядома, вораг, – ласкава пацвердзіў гаспадар кабінета. – І вельмі зацяты. У маладой савецкай дзяржавы шмат ворагаў – з усіх бакоў. Разумееш? З розных бакоў! Усе гэтыя закаханыя ў Лёсіка, Ластоўскага і Ігнатоўскага нападаюць на Корб-Варановіча? Але яны ж не таму на яго нападаюць, што за Савецкую ўладу хварэюць душою, а таму, што ён не згодны з іхняй пальшчызнай. Яны тым выяўляюць сваю гнілую сутнасць. З другога боку, змагаючыся з нацдэмамі, Корб-Варановіч ды іншыя вялікадзяржаўнікі таксама сваю гнілую сутнасць выяўляюць… Вось няхай яны адзін аднога і выкрыюць. Вось што, Хведар…