Выбрать главу

Таварыш Калантай устаў з крэсла, прайшоўся па кабінеце, важна заклаўшы за спіну рукі – выглядала б гэта й зусім салідна, калі б не малы рост, не ратавалі нават высокія абцасы бліскучых ботаў, пашытых на замову.

– У хуткім часе Корб-Варановіч выступіць з дакладам на паседжанні Акадэміі навук. – Калантай па-змоўніцку пасміхнуўся.—Думаю, яго будзе не цяжка пераканаць, што абавязкова трэба публічна выказаць свае погляды, агучыць аргументы… Ён, вядома, усё і выкажа… А ты, Хведар, павінен паклапаціцца, каб у асяродку студэнтаў правільна ацанілі ягоныя шавіністычныя выказванні. Знайдзі некалькі чалавек – магчыма, тых жа Вяжэвіча, Папара, гэтую прыгажуньку Манцэвіч… Прапануй ім з’ездзіць у Ленінград, дзе вучыўся Корб-Варановіч, пагаварыць з ягонымі былымі аднакурснікамі, знаёмымі – сабраць доказы, што ён добра замаскаваны вораг. Я падкажу, каго наведаць… Запэўніваю – звесткі будуць найцікавыя! Ад Корб-Варановіча застануцца рожкі ды ножкі. А потым настане чарга ягоных апанентаў. І мы ачысцім савецкую навуку ад буржуазнага шалупіння! Ясна?

Худы твар Хведара пайшоў чырвонымі плямамі.

– Можа, не трэба Манцэвіч? Яна… дурнаватая.

Калантай пільна паглядзеў у спалоханыя шэра-зялёныя вочы свайго суразмоўцы:

– Асабістыя пачуцці не павінны замінаць нам у рэвалюцыйнай барацьбе. Ну, ну, не чырваней… Калі ты згодны сам апекавацца гэтай дзяўчынай…

– Я згодны! – спяшаючыся, выкрыкнуў П’янкоў, і Калантай дакорліва пахістаў галавою.

– Глядзі, хлопча, не памыліся. Але мы гатовыя цябе падтрымаць у спробе перавыхаваць камсамолку, якая пачала збочваць з ленінскага шляху. Заўтра ж прынясі на яе падрабязную характарыстыку. Усё, што ведаеш. А я запатрабую ейную асабістую справу з універсітэту… – Калантай зрабіў хуткую пазнаку на перакідным календары.—Выратуем тваю Манцэвіч ад непатрэбных знаёмстваў.

– Ясна, Леанід Пятровіч! – па-вайсковаму адрывіста адрапартаваў Хведар, вочы якога свяціліся ад шчасця.

– А наконт незразумелай сувязі Вяжэвічаў з Корб-Варановічамі… Гэтае падабенства… Кажаш, яны землякі. Паны і прыслуга… Нешта тут нячыста. – Леанід Пятровіч спыніўся пасярод кабінета, якраз за спінай свайго агента, і той нязграбна закруціўся, каб бачыць начальства. Таварыш Калантай, задраўшы галаву, глядзеў у мудрыя вочы партрэта, нібыта атрымліваў ад яго нямыя ўказанні.

– Старэйшага Вяжэвіча мы самі праверым... Вось жа, чалавек патрэбны, на адказнай працы, а сувязь з эсэрамі схаваў, схаваў… А маці ў твайго сябрука, між іншым, дачка цемрашала, які панамаром у царкве служыў. Што, не чуў ад яго? А ты, са свайго боку, у студэнтаў параспытвай пра тое, што мы пра Вяжэвічаў не ведаем.

– Добра, таварыш Калантай!

Хведар зразумеў, што візіт скончаны, узняўся, спрабуючы адначасова і выцягнуцца ў бравую чырванаармейскую паставу, і не пакрыўдзіць тым нізкарослага гаспадара.

– Дзейнічай, камсамолец Хведар П’янкоў! Партыя не забудзе тваёй гераічнай і небяспечнай працы! – “блаславіў” гаспадар, падпусціўшы належнага пафасу ў голас, і Сталін на сцяне, здавалася, ухвальна зірнуў мудра прыжмураным вокам.

Калі дзверы за наведнікам зачыніліся, тонкі нос Леаніда Пятровіча незадаволена ўцягнуў паветра. Што гэтыя студэнты, зусім не мыюцца, ці што? У пакоі невыносна смярдзела прэлым абуткам. І вокны не расчыніш, краты… А фортка надта высока, не хочацца каго прасіць. Хоць праз дзверы пакуль праветрыць… Вось так. А цяпер, каб перабіць смурод, можна загадаць прынесці кавы. Яшчэ засталася тая, бразільская, прывезеная з Варшавы.

Гаспадар кабінета ўсеўся за спаласаваны драпінамі стол, грэбліва адсунуў на край сталешніцы пустыя кубкі, націснуў на кнопку званка, выклікаючы сакратарку, і зноў заглыбіўся ў спісаныя дробным почыркам паперы.

Раздзел 4. Ромул і Рэм

Ася зачыніла сінюю пластыкавую тэчку з рукапісам. Зусім не падобна да ранейшых раманаў Вячкі Скрыніча. Яе перасмыкала ад адчування, што насамрэч патрапіла ў тую эпоху, калі на сцяне віселі вусатыя партрэты, а навуковыя дыскусіі заканчваліся расстрэламі. Нават нейкая даўжынёй з глыток паўза ўзнікла ў асэнсаванні рэалій: вось сцены маленькай кавярні “Эдынбург”, завешаныя паліцамі са старажытнымі бутэлечкамі ад мікстураў і бляшанкамі з-пад табакі і манпансье, вось філіжанка з мятнай гарбатай на абрусе ў шатландскія краткі, вось насупраць сядзіць вясёлы Скрыніч у джынсавай куртцы і чорнай майцы з памаранчавым хіпоўскім надпісам: “Make love, not war”, і ягоныя шэрыя вочы паглядаюць праз неахайную цёмную грыўку нахабна-дапытліва.