Выбрать главу

Вячка, скарыстаўшыся прапановай, усеўся на адно з крэслаў, што стаяла ля правай сцяны, насупраць шафы, вольна закінуў нага за нагу. Ася нясмела апусцілася ў крэсла побач, круцячы па чарзе свае пярсцёнкі, як заўсёды рабіла, калі пачувалася збянтэжанай, а гэта значыць, практычна ўвесьчасна.

Корб-Варановіч гаварыў вельмі шчыра, і ў ягоных рысах цяпер было бачна тое, што Ася так ненавідзела ў сваіх: датклівасць і даверлівасць… Але варта было гісторыку перавесці позірк на дзяўчыну, яго вочы зноў зледзянелі. Вячка таксама зірнуў на Арсенію і, відаць, змірыўшыся, што ад яе працягу дыялогу не дачакаецца, зноў сам падаў рэпліку:

– Вось і выдатна… Таму мы не сумняемся, што наша справа вас зацікавіць. Вось, Арсенія – з роду Вяжэвічаў. Несумненна, вы чулі калі –небудзь пра род Вяжэвічаў. Ён нейкім чынам звязаны з родам Корб-Варановічаў. І мы хацелі б ведаць…

М-да, і гаспадар гэтага кабінета падаўся Асі напачатку ўладальнікам чыноўніцкай вытрымкі… Зазняць ягоную фізіяномію – псіхалагічны трылер. Пачуцці мяняюцца, і, падобна, ён проста не здольны іх прыхоўваць – хаця й намагаецца. Корб-Варановіч сцяўся, горда выпрастаўся:

– Выбачайце, спадар Скрыніч, але тут – іншае… Для вас асабіста – усё, што заўгодна… Пра Сапегаў, Пацаў, Вайніловічаў, Глябовічаў, Нарбутаў… Але я нічога не хачу болей ведаць пра род Вяжэвічаў! Паверце, усё, што я пра яго ведаю, адбівае цікавасць да знаёмства. – Граф імкліва падыйшоў да шафы, што стаяла злева ад вакна, адчыніў зашклёныя дзверцы, вытаргнуў з кніжных шэрагаў брашурку ў зялёна-балотнай вокладцы і пагардліва кінуў на стол.—Дастаткова таго, што імя Арсеніі Вяжэвіч мне ўжо знаёмае!

Ася з непаразуменнем узяла брашуру… “Л.П.Калантай. Аспекты ідэалагічных праблем беларускай унутранай культурнай палітыкі і іх аптымізацыя ў сучасным грамадстве”. Блёкат нейкі… Але, вядома, надрукавана ў “Сокале-прынце”.

– Вы рэдагавалі? – спытаў-сцвердзіў Даніла Раманавіч.

Ася нясмела перагарнула стронкі… Ну так, яе прозвішча. Рэдактар. Але Арсенія дужа цьмяна памятала гэтую кніжку, прачытаную ў бясконцым шэрагу іншых, на аўтапілоце.

– І вам не сорамна мець дачыненне да такой…– Корб-Варановіч пакутліва падшукваў слова, —падмётнай літаратуры? Хаця… Вяжэвічы.

Твар гаспадара гнеўна крывіўся. Ася разгублена павярнулася да Вячкі. Той прашаптаў:

– Прабач, але ў Кнізе пра гэтую брашурку нічога няма,—і гучна прамовіў да Корб-Варановіча, працягваючы нанізваць рэплікі на аднаму яму бачную нітку:

– Чым вам не дагадзіла гэтая кніжка?

Даніла Раманавіч зноў утаропіўся ў Асю, звяртаючыся толькі да яе.

– Вядома, вам было дужа прыемна, што ў гэтай кнізе мой бязвінна закатаваны дзед абазваны прадстаўніком імперскага шавінізму ў лінгвістыцы! Гэта ён, ён, які пакінуў някепскую кар’еру ў Пецярбурзе па першым жа запрашэнні з Менску, каб ствараць беларускую філалогію! Які абхадзіў пешкі ўсю Беларусь, самыя гіблыя і небяспечныя месцы, збіраючы легенды, песні, рэдкія слоўцы… Які даследваў беларускія летапісы! Які сцвярджаў, што беларуская мова – старажытная, славянская, гожая! Якога цкавалі русапятыя ўсіх масцей! – гаспадар ледзь не кідаўся па кабінеце, як раз’ятраны звер. – Ці вы, спадарыня Вяжэвіч, скажаце, што зусім выпадкова ў гэтай жа кніжачцы, у раздзеле пра выкарыстанне архітэктурнай спадчыны, прыводзіцца ўдалы прыклад: аграпрамысловая фірма “Ройна” на месцы былой аднайменнай сядзібы… А вы ведаеце, як гэтую сядзібу, што належала маім продкам цягам пяці стагоддзяў, выкарыстоўваюць, дакладней, тое, што ад яе засталося? Гэта, між іншым, быў палац! З кутнімі вежамі, балконамі, скульптурамі… А цяпер – каробка на два паверхі, накрытая шыферам… Там вытворчасць па вырабе кукурузных палачак. Шыбы васемнаццатага стагоддзя, адмысловай формы, і каваныя краты выламалі, уставілі еўравокны лідскай фабрыкі… Адзін паляўнічы дамок семнаццатага стагоддзя на ўскрайку лесу, у якім апошнія Корб-Варановічы жылі, больш-менш захаваўся – дый той нядаўна разабралі. Ніводнай магілы Корб-Варановічаў не засталося, могілкі зааралі, ад капліцы і падмурку не знойдзеш – цэглу расцягалі на хлеўчукі… Дрэвы векавыя ў парку выкарчавалі, а з парэшткаў царквы, якую ў шаснаццатым стагоддзі мой продак, Язэп Варановіч, будаваў – абарончага тыпу, з элементамі барока, бульбасховішча зрабілі…

Гаспадара відавочна “панесла”, як харта па следзе параненага зайца. Арсенія вывучала фальшывы, пластыкавы, паркет. А чым тут апраўдвацца? Тым, што ты – проста вінцік у сістэме? Што нават не ўчытвалася ў тэкст, час ад часу прагаворваючы асобныя яго фразы ўслых, абы не заснуць за рэдагаваннем, як кіроўца-дальнабойшчык за рулём? Толькі яе фургон быў зусім пусты.