– Але пра Корб-Варановічаў у дачыненні да сядзібы Ройна ў кнізе нічога не было сказана…– мармытнула Ася, сама не разумеючы, як насмелілася. – Там напісана, што яна нейкім Сітавым належала…
– Правільна, Івану Сітаву, маёру расейскай арміі, – з’едліва адказаў Даніла Раманавіч. – Корб-Варановічы бралі ўдзел ва ўсіх паўстаннях, якія адбываліся на гэтых землях супроць імперыі. У апошнім, 1863-га года, удзельнічала ўся сям’я… Трое братоў – Андрусь, Віктар, Павал былі камандзірамі інсургентаў, Павал і Віктар загінулі, Андрусь быў асуджаны на катаргу. І іх бацькоў, ужо старых, таксама саслалі – за тое, што дрэнна выхавалі дзяцей. Пазбавілі тытулу і шляхецтва. Усё маёнткі сканфіскавалі, Ройна аддалі ўціхамірвальніку паўстання Сітаву. Андрусю праз дваццаць год удалося вярнуцца, яму і ягонай жонцы, якая паехала за ім у Сібір. На знак вышэйшай літасці ім быў аддадзены паляўнічы дамок, той самы, які нядаўна панішчаны, і вернутая шляхецкая годнасць. Графамі, праўда, не засталіся, але не надта засмучаліся.
– Чаму? – здзівілася Арсенія, якая ад цікаўнасці забылася на боязь. Корб-Варановіч нават не працяў яе гнеўным позіркам, улюбёная тэма відавочна бараніла яго ад успрыняцця знешняга свету.
– Наша шляхта тытулаў не вельмі шанавала, усе былі браты ў вольнасці шляхоцкай. А тытулы – гэта ўжо расейскія ўладары раздавалі, каб мясцовых магнатаў заахвоціць да лаяльнасці. Графамі Корб-Варановічы сталі ў васемнаццатым стагоддзі, пры Кацярыне. Ёсць тытул, землі, палацы, ці няма – галоўнае прозвішча і незганьбаванае шляхецтва. Мой прадзед – сын народжанага на катарзе сына Андруся Корб-Варановіча і ягонай жонкі Людвікі.
Пан Даніла пераможна ўсеўся за стол:
– Так што радаводам Вяжэвічаў я займацца не буду. Нават дзеля вас, спадар Скрыніч.
Правёў рукой па твары, нібыта хацеў сцерці гнеў, і працягнуў халодна-здзекліва:
– Вы, спадарыня, хацелі ведаць, як род Вяжэвічаў звязаны з родам Корб-Варановічаў? Сакрэту няма. Вяжэвічы былі слугамі Корб-Варановічаў шмат вякоў. Пасля таго, як у тых усё забралі, працягвалі служыць новым гаспадарам. Прычым ёсць версія, што яны паспрыялі знікненню старых. Паненка, вядома, пабачыла сваё падабенства з партрэтам якойсьці маёй прабабкі, здагадваюся, гэта партрэт Марыі Корб-Варановіч, які нядаўна прывезлі з Расеі. Яна выйшла замуж за аднаго з паўстанцаў 1831 года. Калі таго пасадзілі ў Бабруйскую крэпасць, Марыя памерла ад нервовай гарачкі. Так што прамых нашчадкаў у яе няма. Але вам, вядома, захацелася пацверджання свайго графскага паходжання. Мушу вас засмуціць… – гісторык пагардліва падціснуў вусны. – Гэтае падабенства між Вяжэвічамі і Корб-Варановічамі заўважанае не толькі вамі, яно цягнецца стагоддзямі. Выяўляецца не ў кожным пакаленні, але час ад часу ў абодвух радах паўтараецца адзін тып знешнасці. І тлумачыцца падабенства вельмі проста… Нехта з маіх продкаў упадабаў сімпатычную прыслужніцу. Але бастарды не могуць ні на што прэтэндаваць пры наяўнасці законных нашчадкаў. А тым больш у прамінулых стагоддзях яны былі ніжэй за прасталюдзінаў… – Асі здавалася, што Корб-Варановіч выгаворвае словы з садысцкім задавальненнем. – Запэўніваю, у навакольных вёсках заўсёды жыло шмат панскіх двайнікоў. Чулі наконт права першай ночы?
Арсенія больш не магла выносіць гэты абыякава-ненавісны голас.
– Нічога я не хачу! Не прэтэндую! Не трэба мне вашых… тытулаў! Усё! Спыняю гэтую дурацкую гульню! Адчапіцеся ад мяне… – вось сарамацішча – на слёзы прабіла. Ася ірванулася да дзвярэй, але яе затрымала жалезная рука Скрыніча. Ну так, “дэміург” Вячка, вядома, падрыхтаваў кручок для кожнай рыбіны…
– Спадар Варановіч, я пішу раман пра вашага прадзеда.
Твар гаспадара кабінета зноў страціў маску спакойнай пагарды.
– І… як вы трактуеце яго асобу? Як… шавініста? Русіфікатара, які не ведаў беларускай мовы?
– Не хвалюйцеся, гэта цалкам станоўчы персанаж… – запэўніў Вячка, учэпіста трымаючы знерваваную Арсенію за плечы. – Вядома, складаны, неадназначны… Як і ўсе іншыя мае героі. А другі герой – паэт Алесь Вяжэвіч. Вучань вашага дзеда, студэнт літаратурнага аддзялення філфаку.
– Вось як… – Корб-Варановіч спахмурнеў. – Тады вы павінны былі прачытаць у следчай справе прадзеда, якую ролю адыграў згаданы Вяжэвіч у ягоным лёсе. Алесь Вяжэвіч быў завадатарам у справе цкавання “расейскага дацэнта”. Прадзед пасля сябе дзённік пакінуў, апісвае ўсё…