– Правільна! – падтрымаў Аўтуха Хведар, рассякаючы паветра рукой, нібыта яно было вінаватае. – Чаго сюды прыцягнуліся? Два дні тупаем па Ленінградзе. Усё, што трэба, сабралі, партрэт ворага савецкай улады Корб-Варановіча ўсімі фарбамі ззяе. Чаго яшчэ? Нашто нам ягоная жонка, белагвардзейскае адроддзе? Запэўніваю – будзе выгароджваць мужанька ды ілгаць.
Алесь упарта пакруціў галавой.
– Мы павінны сабраць усё, што можна! Гэта няварта савецкага чалавека – кідаць справу таму, што стаміліся. Урэшце, у спісе для апытання, які ты, Хведар, склаў, не было ніводнага сапраўды блізкага Корб-Варановічу чалавека. Адзін дацэнт увогуле ўвесь час збіваўся на тое, што ён не менш таленавіты за Варановіча, ды згадваў, што калі яны з ім у аспірантуры вучыліся, Корб-Варановіча ўсе хвалілі незаслужана, а яго, небараку, не заўважалі. Калі чалавека жаба душыць, яна яму на лоб таксама кляйно ставіць.
– Ты што, сумняешся, што сведкі гаварылі праўду? – з ледзь заўважнай пагрозай азваўся Хведар. – Ці захацелася даведацца пра светлы бок нашага… героя?
Вераніка асуджальна паглядзела на Хведара.
– Ну што ты чапляешся! Урэшце, можаш пачакаць на двары. Калі ўжо прыйшлі сюды, дык трэба даводзіць да канца. А то грыфоны задзяруць. Чаго нам баяцца? Мы з гэтай Варановічавай пані пальчаткі зараз паздзіраем!
Дзяўчына засмяялася, перакінула залатую касу з плечука на плячук… У трох спадарожнікаў мімаволі перахапіла дыханне. Якія пасля гэтага аргумента ў праўдзівага хлапца могуць быць пярэчанні?
У пад’ездзе невыносна смярдзела смажаным селядцом, катамі, квашанай капустай… Увогуле, не атрымлівалася дакладна вылучыць асобныя партыі ў гэтай сімфоніі смуроду. За аднымі дзвярыма пакутліва аганізаваў гармонік. Кватэра нумар шэсць знаходзілася на трэцім паверсе. Прозвішчы жыльцоў на заквэцаным аркушыку ля дзвярэй – адны дапісаныя, другія выкрасленыя, значыліся густа, як прусакі на нямытай патэльні, прачытаць немагчыма, каму колькі разоў належала званіць. Тым больш званок не працаваў. Алесь рашуча пастукаў, яшчэ раз, і яшчэ, але не з’явілася нават прывіду аптэкара Пеля. Хаця ў кватэры дакладна нехта быў – жаночы голас прамаўляў нешта няўхвальнае, бразгалі тазікі… Аўтух з усяе моцы штурхануў цяжкія дзверы са шнарамі ад сякеры, і яны раптам расчыніліся. Цяпер да смуроду на лесвіцы дадаўся цёплы пах прыгарэлага цеста з кватэры. А паесці было б нядрэнна…
Алесь адагнаў няпрошаныя гастранамічныя думкі.
– Ёсць тут хто?
Кватэра як відаць нагадвала мурашнік, завешаны цынкавымі тазікамі, кожны катух тут быў прыстасаваны да жылля. З аднаго з адсекаў вызірнула кабета ў шэрай кофце з падкасанымі рукавам і сіняй паркалёвай спадніцы, з неахайным сівым вузлом на галаве, падобная да булачніцы, у якой дзятва толькі што пакрала ўсе булкі. Пантофлі на ейных нагах нагадвалі двух раздушаных трамваем пацукоў.
– Чаго трэба?
– Тут жыве грамадзянка Марына Паўлаўна Корб-Варановіч?
Нават касцяныя гузікі на кофце кабеты заззялі зласлівай радасцю.
– Нарэшце! Дайшло да жылкома, што тут прапісаны шкодны елемент, які перашкаджае жыць пралітарыяту.
– Ты ўжо пралітарыят, Марфа! – азваўся з глыбіні пакоя, з якога вызірнула кабета, насмешны мужчынскі голас з п’янаватым хрыпатком. – Ці даўно семкі на Віцебскім вакзале прадавала? Не слухайце яе, грамадзяне начальнікі, Марынка добрая баба. І сынок яе харошы. Ціхія, спагадныя…
– Маўчы, боўдзіла! А то за сваёй Марынкай зараз у кантору пойдзеш! – лена гукнула кабета ўглыб пакоя і зноў утаропілася ў Аўтуха, чыя вайсковая форма, безумоўна, была для яе гарантыяй навядзення парадку ў кватэры і надзеяй адхапіць пару лішніх метраў за кошт выселенай “контры”. – Там яны жывуць, елементы, па правы бок калідора, апошнія дзверы. Дома яна, нават калі не адчыніць. Вы, таварыш начальнік, разбярыцеся, з чаго гэта нейкая пані будзе пакой займаць, які пралітарыяту належаць павінен! Да яе ўвесь час муж-буржуй прыязджае, у акулярах і капелюху. Прадукты чамаданамі возіць! Мальцу свайму веласіпед купіў. За якія грошы? Яна нават хрысціцца – сама бачыла! А я свядомая, я ў Бога не веру! Чуеце, людзі, зараз Марынку высяляць будуць!
Апошнія словы цётка крычала ўжо за спінамі студэнцкай дэлегацыі.
Напэўна, тыя крыкі было добра чуваць і ў апошнім пакоі справа па калідоры. Таму што дзверы яго адчыніліся, варта было Алесю адзін раз нягучна стукнуць.
Худзенькая жанчына з укладзенымі на галаве русявымі косамі, у штапельнай сукеначцы ў дробныя брунатна-бэжавыя кветкі з бялюткім каўнерам з усіх сілаў намагалася захоўваць спакой і выглядаць годна. Але тонкая яе рука, што трымалася за сцяну, дробна дрыжэла. Гэта было вельмі непрыемна назіраць, і Алесь перавёў вочы на твар з далікатнымі нервовымі рысамі.