Яшчэ другакурсніцай Ася спакусілася прапановай: ехаць з супрацоўнікамі знакамітага выдавецтва “Сокал-прынт”, якое праславілася выданнем шыкоўных альбомаў па мастацтве, на пленэр. Выдавецтва адзначала юбілей, і вырашана было зрабіць гэткі ўікэндны бівуак на маляўнічай лясной палянцы ля возера, з шашлыкамі, са спартыўнымі спаборніцтвамі кшталту перацягвання канату і пляжнага валейбола. А для пантоў – свая газета, у якой бы паведамляліся навіны свецкага мерапрыемства. За тое, што Ася будзе рабіць гэтую сцёбную газетку, абяцалі сто даляраў. Але будучы літрэдактар не ўлічыла маштабу карпаратыву. На палянцы яе чакаў асобны фургон з кампутарным начыннем. Газету пад назвай “Пікнік на ўзбочыне” належала выпускаць шэсць разоў на дзень, браць рэальныя інтэрв’ю ў пераможцаў спаборніцтваў, змяшчаць фотаздымкі… Хуценька раздрукоўваць на каляровым прынтэры… Як Ася намучылася, спрабуючы выцягнуць хоць пару слоў з пераможцы па шпурлянні бервяна – той, здаровы, як бэля, напалову лысы і зусім бухі, ляжаў у зарослым малінай роўчыку і толькі мыкаў, і на ягонай спіне, на калісьці белай майцы плямы рознага паходжання ўтваралі карту абодвух Амерык. А апошнія нумары газеты ніхто ўжо не хацеў браць, і Ася дарэмна ўсоўвала дыхтоўныя аркушы з яркімі ілюстрацыямі ў абвялыя, перапэцканыя кетчупам рукі выдавецкіх…
Тады жыццё “Сокала-прынта” здавалася ёй суцэльнай казкай. А кіраўнік аддзела навуковых выданняў пранікся да неверагодна працаздольнай студэнтачкі шчырай павагай. І ў хуткім часе Ася атрымала запрашэнне на практыку. Так і пайшло…
Вось толькі пікнікоў такіх больш не здаралася. Рынак рабіўся ўсё болей жорсткім, эканоміка рыпела іржавымі канструкцыямі… Прадпрыемствы зачыняліся, зарплаты змяншаліся. “Сокал-прынт” перастаў друкаваць альбомы па мастацтве і засяродзіўся на ўсё больш патрэбнай дзяржаве нарматыўнай літаратуры. З яго бесперапыннай папяровай ракой цяклі ідэалагічна правільныя падручнікі і брашуркі, кодэксы і зводы, ілюстраваныя альбомы з выявамі камбайнаў на палях, шахцёраў у шахтах і ветэранаў на парадах. Забяспечаны “Сокал-прынт” заставаўся марай для многіх. І Ася пасля вучобы пайшла туды.
А ўсяму віной была Кватэра. Асобная. Зусім асобная ад усіх Кватэра, пра якую Ася марыла, напэўна, ад тае пары, калі ўвогуле навучылася марыць. Гэта няпраўда, што чалавек – калектыўная жывёліна. Іначай чаму ён увесь час здабывае адгароджаную прастору дзеля сябе? Зайсці, замкнуцца – і каб ніхто, ніводзін любячы, дабразычлівы бліжні без твайго дазволу туды не ўвайшоў.
Можа, дзесьці малады спецыяліст і здольны набыць Кватэру на свой заробак… Але Асі давялося браць крэдыт, а ўзяць крэдыт у гэтай краіне – здацца ў амаль пажыццёвае рабства. І ў вечны страх: а калі раптам цябе звольняць, ты захварэеш, збяднееш да макаронаў, і не зможаш кінуць у пашчу банка-рабаўладальніка чарговую порцыю валюты… Асю ванітавала пры адной думцы, што ў такім выпадку давядзецца вярнуцца ў “двушку” – хрушчоўку, у адным пакоі якой жыла сястра Маргарыта з мужам і сынам, у другім – маці і бабуля, у гэты адурэлы ад вечнага гуду і начнога храпу вулей… Бабуля пагардліва заяўляла, што, маўляў, не бачылі вы сапраўднай цеснаты. Вось пасля вайны ў іхняй камуналцы ў падвальным паверсе… Але Ася задыхалася. Яна адчувала сябе півоняй, якая апякаецца ўласнымі апалымі пялёсткамі – калі такі пяшчотны ружовы пялёстак прыліпае да цёмна-зялёнага лісця, за некалькі дзён там утвараецца агністая пляма – апёк. Калі б памеры кухні дазвалялі, Ася ўплішчыла б туды сваю канапу… Але кухня ўся была памерам з раскладзеную канапу, і пад яе распісанай пісягамі, як карціна імпрэсіяністаў, столлю ў вечным штылі абвісалі ветразі пялюшак, начных кашуляў і хустак.