Вераніка Манцэвіч мімаволі памацала свой нос, зграбненькі, роўненькі і трохі – трохі, для мілаты, кірпаты.
— Падумаеш, для савецкай жанчыны знешняя прыгажосць – не галоўнае.
— І ты б магла без ваганняў і шкадобы зламаць нос другой прыгожай дзяўчыне?
Вераніка сярдзіта наставіла каўнер драпавага палітончыка (восеньскі вецер не надта ласкавы).
— Калі яна – шпіёнка… Ці белагвардзейка… Запраста.
Алесь паблажліва ўсміхнуўся.
— А калі яна – твая сяброўка, і цябе проста паставілі з ёю біцца на рынг? А можна яшчэ і зубы павыбіваць…. Сківіцу зламаць…
Дзяўчына зазлавала:
— Ва ўсім свеце адбываюцца спаборніцтвы жанчын-баксёраў, яны нават мужчын перамагаюць. У Амерыцы ў школах для дзяўчат ёсць секцыі бокса, лічыцца, гэта добрая гімнастыка для цела. Я бачыла ў старой польскай газеце партрэт чэмпіёнкі, графіні Джын ля Мар – нават вельмі сімпатычная, нос на месцы. Ты спецыяльна перабольшваеш.
Але ў голасе дзяўчыны ўжо не чулася ранейшага энтузіязму. Вяжэвіч пераможна прыўзняў бровы. Але сёння ён гатовы быў пагадзіцца з аднакурсніцай ва ўсім: вось ужо два тыдні не бачыў яе такой вясёлай, і ўвогуле бачыў толькі здалёку, яна ўпарта пазбягала Алеся, і ён гадаў, чым яе пакрыўдзіў, што ў яе здарылася. І тое, што Вераніка прыйшла паглядзець на ягоную трэніроўку, да таго ж адна, без сябровак і гэтага клапатлівага ветрака П’янкова, напаўняла такой радасцю, што Алесю здавалася, ён зараз можа выкарыстаць у якасці баксёрскай ігрушы любую з вось гэтых цёмных навіслых над Менскам хмараў, і выб’е з яе ўсю чарнату і халодную вільгаць, і верне небу тую яснату, якая зараз у ягонай душы. Як усё ўдала – збываюцца мары. Дыскусія ў Акадэміі навук выкрыла ворагаў беларушчыны, ненавісны Корб-Варановіч, якому Ігнатоўскі рэкамендаваў пакінуць універсітэт і ўвогуле Беларусь, цяпер, напэўна, выправіцца да сваёй жонкі-белагвардзейкі ў Ленінград, дзе яму самае месца, а вось і Вераніка, якая не падпускала да сябе два тыдні — аж змарнеў Алесь, сон страціў, прыйшла сама!
Вераніка, між іншым, зноў спахмурнела, забыўшыся на жаночы бокс, падобна, яе цвяліла неадвязная і непрыемная думка. Алесь не насмельваўся распытваць, але пастараўся зноў адцягнуць увагу сяброўкі:
— Глядзі, трамвай! Гура!
Сапраўды, у канцы вуліцы паказаўся вагончык. Не прайшло й месяца з дня пуску ў Менску першага трамвая, і месцічы ўсё яшчэ дзіваваліся на гэты цуд, і ўсім жадаючым не хапала месца ў драўляных дрыготкіх вагончыках, там-сям яшчэ прыўкрашаных кветкамі.
— Пайшлі, праедзем! У мяне грошы ёсць! – пацягнуў Алесь Вераніку за руку. І, дзіва, яна паслухмяна пабегла за ім да прыпынку трамвая, што пачаў ужо адчайна і весела звінець, хаця ехаў ён зусім у іншы бок, чым студэнтам было трэба.
…Свіслач незадаволена каціла зялёныя хвалі, і былі яны такія непразрыстыя, што здаваліся глыбейшымі за хвалі Нявы.
— Вось бы збудаваць тут такую ж узбярэжную, як у Ленінградзе! – тужліва прамаўляў Алесь, выдзіраючы чаравік з чарговай рудой калюжыны і ў чарговы раз абяцаючы сабе набыць нарэшце галёшы. – Можа, пойдзем туды, дзе брукаванка?
Вераніка адмоўна паматляла галавой і, упарта адышоўшыся яшчэ далей, у самую твань, да вады і іржавых шматоў сухой травы, спынілася. Неба навісала, як зрэбны занавес вандроўнага тэатра, дзе за імправізаванымі кулісамі рыхтаваліся да рытуальнага забойства драўляныя мячы. Навокал – ніводнае жывой душы, акрамя чародкі варон, якія кіраваліся ў бок Кальварыйскіх могілак. Апошнія залатыя лісты ціснуліся да чорнага галля, нібыта дрэвы хавалі ад рэўкамаўцаў яшчэ не рэквізаваныя ашмёткі арыстакратычнай раскошы. Гэта дарэмна: зімовыя сцюжы, як і рэвалюцыя, усюдыісныя.
Алесь глядзеў у блакітныя вочы Веранікі, і ў яго кружылася галава, і здавалася неверагодным насмеліцца нават дакрануцца да гэтай тонкай рукі, да залатых валасоў, прыкрытых беленькім вязаным бярэцікам, і палалі шчокі ад таго, што так нясцерпна хацелася гэтага дотыку.
— Мяне выклікалі ў ГПУ.
Манцэвіч прагаварыла гэта на адным выдыху, нібыта баялася, што не хопіць смеласці сказаць, калі трошкі прамарудзіць.
Вароны, нібыта збіўшыся са шляху, кружлялі ў небе па коле, як смецце ў віры… У іх выкрыках чулася: “Да кола! Да кола!”
— Чаму? Калі? – непаслухмянымі вуснамі прамовіў Алесь.
Вераніка адвярнулася. Яе чаравічкі былі ўсе залепленыя гразёю, але Алесь гатовы быў цалаваць іх – каб гэта вярнула ёй шчасце і спакой. Але спакою – гэта ўжо зразумела пакутліва ўся яго істота – не будзе.