Выбрать главу

Марго, прадавачка ў краме таннай і карыснай беларускай касметыкі, проста злосна змахвала матчыну “макулатуру” кудысь у кут, як смяццё. Нічога дзіўнага, для злосці меліся прычыны – бо восем год таму прывяла ў хату яшчэ аднаго чытача. Муж Марго з народным імем Гоша быў маладзей за яе на год, а як па мазгах – дык і на ўсе дзесяць. Ён сядзеў на фэнтэзі. Прычым самым “шарачковым”. Там, дзе галоўны герой – прынц і маг адначасова, і змагаецца з драконамі, а тут жа і іншапланецяне прыляцелі, і прынцэсу трэба ратаваць, і дэман з невымаўляльным імем кшталту Буувафру вырваўся з нетраў планеты…

Акрамя фэнтэзі Гоша сядзеў на піве. Бутэлька ў ягонай руцэ была гэткай жа звыклай рэччу, як у пальцах бабулі – цыгарэта.

Ася проста не разумела, як магла ейная прыгажуня-сястра купіцца на такога Гошу… Ася ж расла ва ўсведамленні, што яна – пачварына ля прынцэсы, няўклюдны цень ружовашчокай, яснавокай Марго. Гэта было недасяжнае жыццё: бясконцае тэлефанаванне закаханых хлопчыкаў, гітарныя спевы ў дваровай альтанцы, бойкі-двубоі з няўмелым закосам пад моднае каратэ з-за аднаго Маргарытавага пагляду… Ася, у падлеткавым узросце няўклюдная, худзюшчая “батанка”, з доўгімі нагамі-запалкамі і няроўнымі зубамі з ганебнымі металёвымі скобкамі на іх, ніколі гэтага не мела, звыкла прабягаць праз двор, угнуўшы галаву з неахайнымі шэрымі хвосцікамі, і ўнікала школьных дыскатэкаў, як візіта да зубнога ўрача. Нічога, акрамя прыніжэнняў… І шчыра ўразілася, калі на сустрэчы выпускнікоў (пяць гадоў пасля апошняга школьнага званка!) ажно тры хлопцы прызналіся з затоенай крыўдай, што былі ў яе шчыра закаханыя, а яна, такая ганарлівая прыгажуня, іх адшыла… А яна тады думала, гэта асабліва тонкія здзекі…

Але, як кажа бабуля, свой лёс на кані не аб’едзеш. Ася ў свае дваццаць пяць дасюль баіцца сур’ёзных адносінаў і “спажывае” мужчын у разумных межах, абы самота зусім не заела. А Маргарыце падчас сумеснага турпаходу па Карпатах заімпанавала эрудыцыя маладога земляка ў акулярах, ягоная здольнасць прамаўляць бясконца, павучальна-пераканаўча і пра ўсё, што заўгодна. І бацькі Гошыны ёй пасля, па прыездзе ў Мінск, спадабаліся. Інтэлігентныя, вясёлыя… Абодва ў тэхнікуме выкладаюць.

І Марго трохі разгубілася, калі за два дні да вяселля інтэлігентныя выкладчыкі згрузілі Гошу са сваёй машыны перад нявестчыным пад’ездам з усім ягоным пасагам: чамаданчыкам з майткамі, стосам кніжак і магнітафонам “Самсунг”. З’ясавалася, што прымаць нявестку ў сваёй кватэры, таксама “двушцы”, яны не разлічвалі. Праз год Маргарыта нарадзіла Косціка. А Гоша страціў працу трэці раз – і апошні. Бо дасюль шукае вартае сваёй выбітной эрудыцыі месца.

Таго, што пісала Ася, Гоша, вядома, не прачытаў, апраўдваючыся, што яму цяжка чытаць па-беларуску. Хаця два часопісы з яе аповедамі стаялі за шклом галоўнай шафы, побач з улюбёнымі бабулінымі парцалянавымі статуэткамі ў стылю “нямецкі кіч”. Можа, і лепей, што не чытаў, а то паздзекваўся б… Першы аповед называўся ”Закінутая хата” і распавядаў пра прывід маладога інсургента, які ў згаданай закінутай хаце праліваў начыма слёзы па сваёй каханай, якая ўцякла з расейскім жандарам. Другі аповед, “Зруйнаваны палац”, апісваў каханне юнага князя і прыгоннай актрысы, якую закатаваў бацька княжыча… Прывіды таксама меліся ў наяўнасці, у эпілогу яны, як належыць, луналі, стагналі і заклікалі да нашчадкаў… Твор-р-рчасць… Вартае жалю перайманне вядомага аўтара беларускага фэнтэзі Вячкі Скрыніча, у даславутым дзяцінстве, якое прайшло ў адным класе з Асінай сястрой, Славіка Скрынкіна. Славік, будучы Вячка, па ўспамінах Марго, нават на ўроках увесь час нешта запісваў у агульны сшытак… А Ася? За чатыры апошнія гады – адны накіды, дзесяці старонак няма. Нібыта набрала поўныя лёгкія паветра, стоячы над глыбокай ракой, а тая раптам узяла – ды ўся высахла. А няўдалая плыўчыха ўсё чакае, пакуль можна будзе даць нырца. Як казаў Асі адзін стары паэт, які даўно не піша вершаў: мордай аб асфальт табе трэба пару разоў, тады зможаш нешта вартае напісаць.

Ася не была ўпэўненая, што гэта правільны рэцэпт, старому паэту ён жа не дапамог, але правяраць на сабе неяк не хацелася.

Яна неяк чытала, што мастацтва развівалася па такой схеме: напачатку – мегалаграфія, захапленне агульным, адлюстраванне велічнага і вялікага. Потым – ропаграфія. Выяўленне дробных прадметаў, захапленне сузіраннем, разглядваннем, медытацыяй… І непазбежна ўсё сыходзіць да рыпараграфіі – адлюстравання адкідаў, усяго агіднага і заганнага.