Выбрать главу

А побач чакае стос рукапісаў. Здавалася, ён нават пазірае няўмольнымі немігучымі вачыма, жоўтымі і круглымі… Яшчэ трохі – і дзюбу можа ўявіць… Пачвара з гравюры Гоі.

А верхнюю тэчку трэ здаць у карэктуру сёння. Да канца працоўнага дня. І Ася ведала, што здасць – нікуды не дзенецца. Ні разу шчэ не пратэрмінавала, нават з тэмпературай. За тое і трымаюць. А за што яшчэ? Літаратурныя здольнасці для рэдагавання якога-небудзь “жыллёвага кодэксу” ці падручніка па ідэалогіі не патрэбныя.

Вось, яшчэ хвілінак дзесяць “пазамяшчаецца”, гарбаткі пап’е, і… “Работай, работай, работай, ты будешь с уродским горбом за долгой и честной работой, за долгим и честным трудом..” – пісаў самы рамантычны на свеце паэт Аляксандар Блок, астэнічнага целаскладу прыгажун, што так зацята намагаўся давесці маладой жонцы Любові Мендзялеевай, як гэта здорава – платанічнае каханне, а яна, небарака, так і не ўцяміла. Ледзь не звар’яцела, а тады палюбоўнікаў завяла.

Толькі драматычных любошчаў Асі і не хапала… Хопіць дурной школьнай закаханасці ў маладзенькага віхрастага настаўніка па гісторыі, ды яшчэ няўдалага рамана з самім Вячкам Скрынічам, растаптанага апошнім на стадыі бутона. Гэта было “мордай аб асфальт” дубль-два…

Апошнія дні жніўня, водпускі адгуляныя, наперадзе – час, калі вяртанне з працы будзе адбывацца ў халоднай цемры, як, зрэшты, і прыход на яе… Бр-р-р…

– Там твой партрэт вісіць! Уй! Як жывая!—у пакой уварвалася Асіна аднакабінетніца, фарбавана-брунэтная дама-вамп Валянціна. За ёй, трохі адстаўшы, у кабінет запоўз шлейф густога паху парфумы “Жадарэ”, лена скруціўся кольцамі, як пітон, і ўлёгся на шэры палас. Усё, цяпер праветрывай, не праветрывай…

– Які партрэт? – няўважна перапытала Ася, якая ледзь паспела выйсці з сайту фанфікаў і цяпер удавала сваю зацікаўленасць стужкай навінаў.

– Ну ты зусім між папераў засохла, хоць зараз у гербарый, – абурылася Валянціна. – У галерэі выставу павесілі! Ужо ўвесь наш паверх збегаў паглядзець – адна ты не далучылася! Ідзі неадкладна, палюбуйся! Можа, таемна закаханы ў цябе мастак маляваў?

Нават у пячоры Цыклопу, напэўна ж, меліся куточкі, дзе хавалася прыгажосць – ну там раслі ў расколінах між камянёў бляклыя вытанчаныя кветачкі, ці складаліся ў выпадковы незвыйчаны малюнак каменьчыкі… На дзесятым, апошнім, паверсе Шэрай Будыніны была Галерэя.

Напачатку гэты паверх лічыўся нешчаслівым. Яго здавалі ў арэнду, але колькі ні засялялася ўстановаў – усе неяк хутка і непрыкметна прагаралі. Шыльды не паспявалі мяняць. Даўжэй за ўсіх пратрымалася турыстычная фірма “Сонечный рай”. Але і рай ляснуўся, і дырэкцыя будыніны, змахнуўшы апошнія анёльскія пёркі з канцылярскіх сталоў, вырашыла адкрыць на нешчаслівым паверсе выставачную залу. Прычым грошай убухалі туды, як нявопытная гаспадыня солі ў боршч: сігналізацыя, кандыцыянеры, увільгатняльнікі… А навошта? Ася пару разоў схадзіла на прэзентацыі – супрацоўнікам “Сокала–прынта“ ўваход быў бясплатны, але абодва разы няўдала. Адзін раз гэта аказалася выстава сына вядомага памерлага мастака. Нябожчык калісьці згубіў капялюш і частку інтэлекту ў эзатэрычных завіхрэннях. Сын, маладзён з пячаткай алкагалізму на капрызлівым прыгожым твары, старанна пераймаў бацьку, спрабуючы пераўзысці яго яркасцю колераў, экспрэсіўнасцю сюжэтаў і касмічнымі азарэннямі, і выглядала гэта да агіды непамысна, як гульня школьнікаў у морг. Другі раз Ася патрапіла на выставу твораў людзей з “асаблівасцямі псіхікі”. Арт-тэрапія справа добрая, але маладую рэдактарку канкрэтна пачало ванітаваць – асабліва перад карцінай алеем пад назвай “Перст”: на палатне быў намаляваны жоўты палец, велічынёй з батон, які ляжаў зусім асобна на шорсткай зялёнай траве, а з яго раслі чырвоныя кветачкі, страшэнна падобныя да крывавых пырскаў. Штопраўда, была магчымасць зняць стрэс: арганізатары выставы рыхтавалі фуршэт. Пасярод залы цягнуліся вузкія сталы, а раскладзеныя на іх прадукты былі накрытыя блякла-юлёвымі абрусамі… Вядома, пад тканінай знаходзіліся рэчы зусім звычайныя – бутэлькі з напоямі, талеркі з горамі бутэрбродаў і садавіны, кубкі… Але на фоне пранізліва-яркіх, да галаўнога болю, карцін пад абрусам, які распяльваўся на нябачных формах, угадвалася немаведама што, ледзь не кавалкі трупаў ці прылады для катавання. А пабачыўшы, як прывялі самадзейных мастакоў, у прынцыпе, звычайных людзей, зусім не страшных, толькі задужа спакойных, Ася ганебна збегла… І болей на дзесяты паверх не хадзіла.