Выбрать главу

— Навінаў не было.

— Хіба ж мне навіны трэба? Мне ты трэба быў. Я шукала цябе па розных сацыяльных сетках… Ці ты не займаешся гэтым?

— Чаму — у мяне ўсё ёсць. Тэлевізар з «талеркаю», камп’ютар, усе навароты… Машына, дарэчы, — пахваліўся ён. — Не «Лексус», канечне, але таксама іншамарка. Маці ў паліклініку звазіць, па прадукты ў горад з’ездзіць…

Ён загаварыў пра адлегласці, якія цяпер не маюць вялікага значэння, пра сацыяльны статус, узрост і месца пражывання — як усё гэта знівеліравана, наколькі ўраўнялася.

— Так што неабавязкова дзікуны жывуць у вёсцы, — сказаў ён. — Зазіраю я і ў камп’ютар, і ў сацсеткі, але не люблю. Агрэсіі многа. Лепш ужо старая добрая кніга, якую ведаеш на памяць…

— Колькі ў цябе часу? — перабіла яна.

— Гадзіны дзве, можа, больш.

— Слухай, тут тлумна, музыка. Хадзем да мяне? Я цябе запрашаю ў госці. Гэта зусім блізка. Кавы пап’ём…

Тыя ж вочы, тыя ж словы, сказаныя адным і тым жа голасам, на міг перанеслі яго на пятнаццаць гадоў назад, у тое самае лета.

— Ксю… Даўно хацеў у цябе спытаць. Запрашэнне «на каву» — я тады быў упэўнены, што яно толькі адно азначае.

— Яно толькі адно і азначала. Малая была, дурная. Рыхтавалася, хацела, каб лепш, прыгажэй, рамантычна… Набівала сабе цану, вылучыцца хоць нечым хацела… А як перажывала потым!

Яна зноў пацягнулася да пачка з цыгарэтамі, але не закурыла.

— Дык паедзем? Дома нікога няма. Пустая кватэра.

— А дзеці?

— Большая ў школе, меншая ў садзе.

— А праца?

— Я пазваню ім зараз.

— А муж?

— Ты што, зноў баішся? Шукаеш прычыны не ехаць? Дзе тут муж? Пакажы мне яго. Людзі існуюць, пакуль яны ў полі нашага зроку. А знік з вачэй — значыць, няма яго ў прыродзе. Ну, а калі з’явіцца — з балкона будзеш скакаць. Жартую, на працы муж. Да таго ж у нас першы паверх.

Х

У салоне «Лексуса» стаяла ватная цішыня. А ў яго «Кіа» хоць зачыняй акно, хоць адчыняй — аднолькава, кожны гук звонку чуваць. Не больш як праз тры хвіліны машына ўкацілася ў зялёны дворык. Многа дрэў, клумбы, кветкі. Вялікая дзіцячая пляцоўка. Трох­павярховы цагляны дом, падобны на катэдж. Каля пад’езда бабуля адной рукой калыхала каляску, другой прыціскала да вуха тэлефон, і чамусьці па-беларуску, манатонна, як аўтаадказчык, паўтарала: «…Паехаў у вёску — прабіў галаву, паехаў у вёску — прабіў галаву, паехаў у вёску — прабіў галаву…» У калясцы сядзеў і хітра пазіраў на Дарафея, відаць, сам герой паездкі ў вёску — малы з забінтаванай галавою, абмазаны зялёнкаю.

— Бесталковы, — сказала Ксю, адчыняючы дзверы. — Не разумею, як гэта — паехаць у вёску і прабіць галаву?

У калідорчыку адразу кінуліся ў вочы чужыя мужчынскія туфлі пад вешаком, а побач — дзіцячыя сандалікі. У ванным пакоі на шнуры, на нікеляванай трубе сохлі шкарпэтачкі, калготкі, трусікі, маечкі — усё яркіх дзявочых колераў, у кветкі, мячыкі, слонікі; і зноў — пад люстрам на палічцы ў празрыстым пластыкавым футарале — дарослы, непрыемны, чужы тут станок для галення.

— У вас адны дзеўкі нараджаюцца, — сказаў Дарафей, выходзячы на кухню з ручніком, выціраючы рукі.

— Добра — вайны не будзе…

Яна ўжо збірала стол, ставіла віны, гарэлкі, закускі. Ён, крыху засаромеўшыся, што ўся гэтая мітусня з-за яго, папрасіў сабе толькі гарбаты, чорнай, моцнай…

— І, калі ласка, лусту белага хлеба з маслам. Больш нічога. Прывык толькі такое.

— Сапраўды. Здаровы мужчына, фізічная праца… А я віна вып’ю. Пад цыгарэту. Мне цыгарэты памагаюць трымаць фігуру, — апраўдваючыся, патлумачыла яна. — Закурыш, дык не так есці хочацца. А памятаеш, як я цябе карміла тады, даўно? Макаронамі з катлетаю?

— Гэта мой самы светлы ўспамін.

— І мой….

Так яны ліслівілі адно аднаму, і яшчэ больш раставала, знікала насцярожанасць паміж імі. Ён падумаў, што павінен пахваліць яе — хоць з ветлівасці госця перад гаспадыняю, ды і чаму толькі з ветлівасці? — ён шчыра зайздросціў ёй, ганарыўся ёю, рад быў за яе.

— Ксю, якая ты малайчына. Такая кватэра, у такім месцы, машына, праца… Выглядаеш свежа, як кветка. І сама ж выйшла ў людзі — без блатаў, без грошай, з такой глушэчы, усяго дабілася розумам, прыгажосцю…

— Ага. Дабілася. Успамінаць не хачу. Эканоміла па капейцы. Кожныя канікулы, яшчэ студэнтамі, на ўсё лета ў Фінляндыю клубніцы збіраць… Света памагла. Усё дзякуючы ёй — і кватэра, і машына. Я да іх часта езджу, у Прагу.

— А як яна сама? — спытаў ён.

— Яна? Цвіце і пахне! Не п’е, не курыць, выглядае маладзей за мяне. Дзіця свайму чэху нарадзіла. Таксама, дарэчы, дзяўчынку. Хочаш у камп’ютары здымкі паглядзець?

— Не, не хачу.

— Разумею… Прабач.

— Я калі-небудзь бачуся з Жэневымі дочкамі, прыязджаюць у вёску, ды і ў іх — таксама дзеўкі. Памятаеш, як твой дзядзька Жэня казаў? Кім ён акружаны?