Выбрать главу

– Кінутую касу. Далей.

– …Добра, што быў босы і не мог бегчы на ўсю сілу, а то застаўся б без ног, а тады ж толькі лёгка парэзаўся…

– Парэзаўся. Ёсць.

– …Ён спрабаваў думаць пра штосьці іншае, а ўяўленне ўсё вяртала яго ў той дзень, дамалёўвала тое, чаго не адбылося: як з усяго разгону ён налятае на тонкае лязо, як падрэзваюцца сухажыллі, як палатно амаль перасякае тонкія косці, свішча, залівае ўсё вакол кроў…

– Кроў. Гатова. На! — падаў мне аркушык. — Бачыш — што размазвалася на тры старонкі, можна перадаць трыма нармальнымі сказамі. І далей так пішы: уяўляй, што перад табой самы блізкі чалавек, паміж вамі пачатая пляшка гарэлкі, і ты яму простымі словамі, ціха, няспешна, натуральна расказваеш. Можна нават прагаворваць услых. Сам здзівішся, колькі лішняга слоўнага шалупіння адляціць. — І адразу ж: — Ты скупа пішаш, надта шчыльна, няма дзе алоўку пагуляць. Калі многа тэксту, дык яно і рэдагуецца лягчэй: чык, чык. — Азірнуўся і шапнуў на вуха: — Пакуль я тут, карыстайся момантам. Перадам, што змагу, павучу…

Нават яму, які раскашаваў у беларускай мове, як рыба ў вадзе, часам рабілася ў ёй цесна. Неяк прыйшоў у кабінет, пастаяў і з прыкрасцю прамовіў: «Какой бедный белорусский язык!..» Усе, хто быў у кабінеце, каго раздражнялі яго «драстуйце, відзеў, тапор, скромненька, адуванчык, стул», са зларадствам пераглянуліся — даўно было вырашана, што ён ні многа ні мала не любіць мову. А між тым гэта было сказана менавіта ад празмернай любові. Толькі пасрэдны пісьмен­нік можа быць цалкам задаволены лексіконам тлумачальнага слоўніка.

Не хапала рафінаванай літаратурнай мовы Мележу. Як ён сам прызнаваўся, «Людзі на балоце» ажылі, задыхалі толькі тады, калі ён пачаў пісаць дыялогі на палескай гаворцы.

Уладзімір Набокаў, гэты чарадзей-лінгвіст, параўноўваючы англійскую і родную рускую, адзываўся зусім не на карысць апошняй, казаў пра яе — «зялёная», называў «не зусім адукаваным, а часам і даволі безгустоўным юнаком».

Сам І. Пташнікаў быў абсалютным рэкардсменам у беларускай літаратуры па ўжыванні дыялектаў. Калі б іх усе сабраць, атрымаўся б ладны томік. З гонарам расказваў, як яму даводзілася іх адстойваць: «Дамашэвіч усё пагражаў — я вашы плешчаніцкія дыялектызмы і барысаўскія русізмы буду высякаць гэтым вашым “тапаром”!»

Цікава, што ўжываючы мноства ўласных, часта незразумелых нават з кантэксту слоў (што такое ляжэйка, гавыла, глытаўка, дарожніца, дзярнак, додніца? што такое дугаць, гломзаць, ажаргаць, ацілягвацца, выцыўкаць і інш, і інш.?), сам Іван Мікалаевіч быў нецярпімы да дыялектызмаў чужых.

У нас на Мазырскім Палессі ў сакавіку з бяроз «ставяць квас». Іван Мікалаевіч круціў і так, і гэтак, вымаўляў услых, спрабаваў на смак — і такі прымусіў зрабіць унізе старонкі зноску: «ставіць квас» — «спускаць сок».

Пра чалавека, які схуднеў, у нас казалі «высах у цёску». Цёска — вельмі тонкая лучынка. (Дарэчы, ёсць жа ў беларускай мове цясак.) Тое самае — унізе з’явілася зноска: «цёска» — «трэска». Я не змог яму даказаць, што гэта крыху розныя словы.

У мяне было: «хлопцы ціскаліся з дзяўчатамі».

– Дапускаю, — сказаў Іван Мікалаевіч, — што знойдзецца адна такая, што сама будзе ціскаць хлопца, і ўсё ж трэба паправіць — «ціскалі дзяўчат».

У мяне было: «мала дзе ён за жыццё папападаў».

– Не, тры па — занадта, — сказаў Іван Мікалаевіч і адно выкрасліў. — Далей, ты пішаш «басанож». А ў вас як казалі?

– Босы.

– Дык так і пішы. Не басанож, а босы, не аголены, а голы. Далей. У вас хіба казалі мезенец?

– Не, пальчык.

– Бачыш, табе і вучыцца не трэба, проста ўспамінай жывую мову, уяўляй, як бы гэта вымавіў вясковы чалавек.

«Каменьку» паправіў на «кавеньку». Тут я ўжо ўзбунтаваўся:

– Не было ў нас ніякіх кавенек, толькі каменькі. І камяня — тое, што ў слоўніках качарга ці чапяла. А куток каля печы, куды ставілася гэтыя вілачнікі, ёмачнікі, венікі, — па-нашаму не чалеснік, а камешнік.

Гэта не ўратавала мяне ад зноскі: «каменька» — «кавенька».

Самае пагардлівае яго выказванне пра літаратурны твор было — узровень «Чырвонай змены».

– Баюся разгортваць цяперашнюю кніжку, не магу прачытаць адзін абзац, нават адзін сказ, нават адно словазлучэнне. Гэта не беларуская мова і не беларуская літаратура; яна можа існаваць, але называць яе літаратурай, ды беларускай… ВыхОдныя, ЧЭцверы, пятнІцы, ніткаў, вусаў, курЫцаў, нОчыў…

Пішуць — штаніна, а па-беларуску гэта калоша, калашына, пішуць шырынка, а трэба — крэсла… Лайном заўсёды была маленькая посцілка, а ў што гэтае слова цяпер ператварылі? Зліваюць разам «напрыканцы», а чаму? Чым кепска — на канцы, пры канцы, а яшчэ лепш — у канцы? Што такое «падчас» злітна? Узровень «Чырвонай змены». Пачытай любога нармальнага пісьменніка да 1991 года — у яго будзе толькі «ў час».