Выбрать главу

Справа зялёнай сцяной лес. Злева да самай кальцавой — поле са скошанай і адрослай па другім, трэцім разе травой. Тут асабліва заўважаецца, што пачатак верасня падобны на пачатак лета. Якое разнаквецце! які жоўта-бела-сіне-чырвона-ружовы ўзор на зялёным дыване!

Жоўтыя гузічкі-гронкі дзікай арабіны — піжмы, такога ж ко­леру дзікі гарошак, і святаяннік, і жоўтазель, і чыстацел; белы дзятлаўнік з трайчастымі лісткамі; буйныя ружова-ліловыя (ці, як у Ластоўскага, лільёвыя, што і праўда падкрэслівае выцвіласць, паліняласць) кветкі канюшыны; дзядоўнік-татарын (Хаджы-Мурат) — тоўсценькі ствол, пурпурныя кветкі-хохлікі на канцы калючых шарыкаў; лапушысты, падобны на конскі шчавель хрэн; дробныя брудна-белыя суквецці серпарэзніку, цвіценне якога дакладна супадае з жнівом (колькі разоў ён спыняў мне, пакалечанаму, кроў!); нарэшце, палявы ўюнок з кветкамі-званочкамі — павітуха, што любіць расці на чыгуначным палатне, сярод камення на адхонах, асабліва на запасных пуцях, дзе пішчом лезе з-пад сатлелых у зямлі шпалаў і спавівае паржавелыя рэйкі...

І па простай асацыяцыі з рэйкамі і шпаламі так захочацца раптам апынуцца ў цягніку, каб ехаць, ехаць — няважна куды: абы перастук колаў, тамбур з пахам цыгарэтнага дыму, вугальнага гару і прыбіральні, начныя агні за вакном, станцыі з пустымі перонамі, з цёмнымі абрысамі пірамідальных таполяў; і галоўнае — абсалютнае веданне, што неўзабаве так яно і будзе, хаця б таму, што жыву ж я, а пакуль чалавек жыве, з ім можа здарыцца ўсё, у тым ліку і добрае.

«...О-ой, дзе тая смерць, чаго яна не йдзе, — пазяхнуўшы, кажа Тацяна, мая стрыечная сястра. Яна сядзіць у двары на нізкай лавачцы, выцягнуўшы ногі ў хатніх тапцях, склаўшы на грудзях худыя рукі, я стаю побач, абапёршыся на штыкетнік, трымаю ў пальцах непрыкураную цыгарэту. — Каб вось так лёг ды памер... »

Сястра на дзесяць гадоў за мяне старэйшая, ёй шэсцьдзясят, але гэта яшчэ жвавая бабуля з постаццю дзяўчынкі-падлетка. У светла-ружовай майцы з кароткімі рукавамі, у зялёных з белымі лампасамі спартыўных штанах, на галаве сіняя хустачка. Твар — з маршчынамі пад носам, вузкі і выцягнуты, як ва ўсёй нашай пароды, шчокі ўпалыя, нібы зусім іх няма, паляшуцкія скулкі, наадварот, выпнутыя.

«...А падумаеш, дык добра ця­пер жыць! І кампутары, і машыны, і грошы — раней ніколі так добра не было...»

Я слухаю яе і не слухаю. Вакол такі мілы стомлены вечар; сонца мяккае, зусім не зыркае, да таго ж яно ўжо напалавіну села на захадзе за лес, туды, дзе чыгуначная станцыя, а трохі далей — мяжа з Украінай. І вось жа верасень — дзіўны месяц: нічога, акрамя бадылля, не расце ў Тацяніным агародзе, ветрыку няма, ціха, а так моцна, густа пахне кропам, яблыкамі-антонамі і сама востра — упрэлай зямлёй, свежай грыбніцай, — зрэшты, такой парою грыбны пах і ў Мінску, асабліва раніцай, калі расчыніш вакно на кухні, высунешся з кубкам кавы, локці на падваконнік, і яшчэ не паспеў прыкурыць першую цыгарэту. Мне верыцца і не верыцца, што сёння раніцай я без клопату шпацыраваў сабе ў шортах па сваім раёне, гуляў каля метро, у лесапарку, раптам ні з таго ні з сяго схапіў тэлефон, набраў нумар Тацяны — адзінага блізкага чала­века з усёй нашай некалі вялікай радні... Пасля таго, як не стала маці, я да яе калі-нікалі езджу ў вёску ў адведкі. Нашы хаты побач. Яна жыве адна. Сыны, унукі, тым больш нявесткі вёскі не любяць, хоць і блізка ім з горада, наведваюцца рэдка, таму яна так рада маім прыездам, можа хоць нагаварыцца ўволю. Пяць гадзін на маршрутцы — і вось я тут, вельмі цёплым, амаль душным вераснёвым надвячоркам, стаю ў Тацяніным двары — за амаль 400 км ад Мінска і за сто метраў ад роднай хаты. Вунь яна, схаваная за елкаю, мая хата — руку працягні. Толькі ўжо даўно там гаспадарамі чужыя людзі. Купілі хату разам з зямлёй пад дачу. Першае, што зрабілі, — павыносілі і павыкідалі на сметнік ложкі, маю любімую канапу-«бегемота»... Потым прывезлі з горада сем катоў і выкапалі сажалку на ўвесь агарод. Зрэшты, яны папярэджвалі, што ім трэба толькі ўчастак, адна зямля, таму неўзабаве збіраюцца зносіць халупу — зруйнаваць, каб і следу не засталося, а на тым месцы пабудаваць катэдж.

Я адварочваюся, аглядаю Тацянін двор, яе хату—таксама ўжо ўсохлую, маленькую, асабліва ў параўнанні з елкай у канцы двара (той самай, што закрывае маю хату) — гэтая высокая, густалапая, вымахала — на рэдкасць для Палесся, і ўсё яе гоніць у рост далей; памятаю, яна была ростам з мяне, а цяпер высокая жэрдка з круглай антэнай дастае ёй толькі да ніжніх галін. Дворык, калісь знарок абрэзаны — з эканоміі, каб больш зямлі перапала агароду, таксама з кожным маім прыездам робіцца ўсё меншы. А ад вялікага агарода, як па нейкай іроніі, больш ніякага толку: здзірвянеў, зарос бур’янам, палыном, ніхто яго нават не косіць. Тацяна запусціла яго адразу, як пайшла на пенсію. Абсалютна ніякай гаспадаркі яна не вядзе, няма нават курэй; зімы праседжвае ў горадзе ў каторага з двух сыноў, цёплай парой ходзіць па грыбы, сядзіць у двары ці гуляе па вуліцы, глядзіць тэлевізар (дарэчы, мне заўсёды падабалася яе святое гультайства, ёсць у гэтым нейкая роднасць душ, блізкасць натуры — свой, творчы чалавек).