Уверсе, на заходнім баку елкі і на вершалінах яблыняў яшчэ залаціліся рэшткі сонца, а тут, у двары, ужо сутонне. Вось-вось сцямнее. Мне трэба было пазваніць у Мінск. У нізкім двары не браў тэлефон, і я выйшаў на вуліцу (альбінос — следам). На вуліцы быў новы, месяц назад пакладзены асфальт, тады ж і саму вуліцу падсыпалі, паднялі больш чым мо на метр — і тут, стоячы на гэтым нязвыкла высокім насыпе, я не ўтрымаўся, крадком зірнуў на сваю хату... У гэты момант адно з трох вакон, крайняе, злавіла шыбкай апошні сонечны промень, бліснула ў вочы, нібы прывіталася, — і так соладка і горка сціснулася сэрца! Менавіта каля гэтага я, малы, любіў чытаць вечарамі, у сутонні, прыпадаючы грудзьмі да падаконніка, носам водзячы па старонках... Усё, схавалася сонца. І адразу пацягнула ветрам, зашапацелі, затрымцелі лісцем яблыні.
Мы зайшлі ў веранду, Тацяна ўключыла святло, мы прыселі за стол выпіць па чарцы. І ўсё пад рэфрэн роўнага Тацянінага голасу; яна расказвала, як былі ў яе куры, рабая і чорная, і пацукі (Таня казала — «крысачы») навучыліся красці з-пад іх яйкі, проста з кубла — адзін лягаў на спіну, абхопліваў лапамі яйка, прыціскаў да жывата, а другі цягнуў за хвост... З веранды на двор, на траву падала паласа святла, таўкліся, кружыліся, танцавалі на мяжы светлага і цёмнага раннія начныя матылькі — соўкі, тоўсценькія, з маленькімі, як у молі, крыльцамі, і, гледзячы на іх, я адчуваў, што ў мяне ў самога кружыцца галава, тахкае сэрца, ходзіць у грудзях цёплая хваля: ці то ад Тацянінай самагонкі, бурштынавай, як віскі, з пахам свежага хлеба, ці то нарэшце пачаў адбывацца ўва мне пераход ад сузірання, накаплення — да рэалізацыі.
Праз адчыненыя дзверы віднеўся кавалак неба, яшчэ не зусім цёмнага, але ўжо засеянага дробнымі мігатлівымі зоркамі, і адна, самая бліжняя, самая яркая, марудна перасякала неба — рухалася з усходу на захад, ледзь пульсуючы, пакідаючы за сабой роўненькі, як хто вёў алмазам па шкле, белы след.