Выбрать главу

Васіль Быкаў

Сваякі

— Не! — сказала яна, стукнуўшы аб падлогу вілачнікам. — І не думайце!

Седзячы ля стала, яны пераглянуліся. Старэйшы — высокі, худы, па-юнацку нязграбны Алесь адразу нахмурыўся і зацяўся ў сабе, а на зусім яшчэ хлапечым пухлаватым твары пятнаццацігадовага Сёмкі мільганула нешта ўпартае і злоснае.

— Усё роўна пойдзем!

— Паспрабуйце! Паспрабуйце, ірады! Бач, удумалі! Смаркачы няшчасныя! Я вам пакажу партызанаў!

Гэта была пагроза, але ў ёй адчувалася не так сіла і ўпэўненасць, як бездапаможнасць, ад якой яна ўсхліпнула і з вілачнікам падскочыла да хлопцаў. Яны павінны былі б разбегчыся, як гэта рабілі заўжды дагэтуль, але цяпер нават не крануліся з месца, і гэта зусім раззлавала яе. Сёмка толькі ўзняў руку, яна выцяла яго некалькі разоў, не гледзячы куды, потым адзін раз — Алеся. Старэйшы прыняў яе ўдар з каменнай абыякавасцю на змрочным худым твары, нават не ўздрыгнуў, толькі мацней сцяў вусны, і яна зразумела, што ўсё гэта — дарма. Дарма ўвесь яе гнеў, яе лаянка, яе запазнелая спроба вярнуць сваю ўладу над хлопцамі. Роспач адразу падламіла яе і, кінуўшы вілачнік, яна выйшла ў сенцы.

Некалькі пакутных хвілін яна корчылася на сундуку ад бездапаможнасці і крыўды, не ў стане зразумець, чаму яны такія ўпартыя ў гэтым відавочным і пагібельным сваім намеры? Яна разумела і нават апраўдвала, калі на гэта ішлі дарослыя — акружэнцы і свае мужыкі, але што ў той калатнечы магло прывабіць падлеткаў, амаль што дзяцей? Што яны зробяць у лесе, апроч як па-дурному загінуць, як загінуў той, што тыдзень назад з ночы ляжаў да поўдня на аколіцы, застрэлены нямецкай засадай, такі маладзенькі, прыгожы дзяцюк, у акрываўленай вайсковай сарочцы. Так і яны будуць валяцца дзе-небудзь, і на іх будуць страхавіта глядзець незнаёмыя людзі, і п'яныя паліцаі будуць перакочваць іх сваімі падкутымі ботамі, а на іх босых нагах будуць апантана бегаць прагныя веснавыя мухі…

Не, ужо таму не быць! Хопіць таго, што без пары без часу склаў голаў бацька, а ў іх яшчэ, слава богу, ёсць маці, яна не можа дапусціць іхняй пагібелі. Ёй, пэўна, вядома, хто падбіў іх на гэтую гібельную справу, яна знойдзе яго і не пакіне ніводнай валасіны ў ягонай фасоністай белай чупрыне.

З раптоўнай рашучасцю яна падхапілася з сундука, выбегла на падворак, але тут жа вярнулася, сюды-туды кінулася па сенцах, шукаючы якой падпоркі і, не знайшоўшы нічога зручнага, сарвала з крука карамысла. Ахопленая помслівым зларадствам, яна туга падперла карамыслам дзверы ў хату і кінулася на вуліцу, на бягу трохі аправіла касынку і ўжо не выцірала слёз, якія ўсё яшчэ цяклі па яе шчоках.

Яна бегла па вуліцы, разганяючы пад платамі курэй, босымі нагамі ўзнімаючы ў доле пыл, і галаву яе распірала ад гнеўных, народжаных яе, мацярынскаю крыўдай слоў. Яна скажа гэтаму Яхіму, што ён душагуб, ірад бязлітасны, яна дапытае, навошта яму спатрэбіліся гэтыя зялёныя хлапчукі? Калі ўжо ўдумаў, дык хай бы сабе і ішоў сам куды толькі яму захочацца — хоць у партызаны, хоць у паліцыю, ці самому д'яблу ў зубы, толькі без іх. Хай ён зараз жа аб'явіць ім, што нікога з сабой не возьме, інакш яна паламае на ягонай галаве ўсе чапельнікі, збэсціць яго на ўсю вёску.

Са злосці яна дужа штурхнула дзверы гэтай старэнькай пакаселай хаціны, не зачыняючы іх, ірванула за клямку другія — з хаты патыхнула прахалодай земляной падлогі і бязлюднаю цішынёй. Тады яна тузанула пасцілку ў запеччы — з кучы цёмнага ашмоцця прыўзнялася белая галава старога Лукаша, ягоныя падслепаватыя вочы хваравіта заміргалі насустрач.

— Дзе завадатар ваш?

— Гэта Яхімка, ці што? А хто ж яго ведае. Хіба цяперака дзеці пытаюцца ў бацькоў…

— А ўночы ён спаў дома?

— Не ведаю я. Будта не чутно было.

Вядома ж, што мог сказаць ён, гэты амаль аслеплы, забыты богам стары, мусіць, Яхіма не так проста было злавіць, яна адчула, што ўвесь запас яе гневу вось-вось мінецца без жаднай карысці і зноў не стрымала сябе. Праўда, слёз ужо не было, былі толькі ўдушлівыя камякі ў грудзях, і пакуль яна, прыпёршыся да печы, перасільвала іх, Лукаш цярпліва стагнаў у запеччы, спакучаны ўласнай хворасцю.

І ўсё ж яна іх не аддасць, яны — яе дзеці, яна — для іх маці і не пагодзіцца на іх пагібель, хутчэй сама ляжа трупам на гэтым іх вар'яцкім шляху, але засцеражэ іх ад смерці.

Яна ўвесь час амаль бегла — праз вёску, міма пунь, хлеўчыкаў, свіронкаў, з дзяцінства знаёмых хацінак, пасля — па выгане з маладой вясновай траўкай, уздоўж свежа і весела прыбранага першай веснавой зелянінай раўка. Як за апошнюю сваю магчымасць, яна ўчапілася цяпер за думку — прасіць Дразда, што жыў у суседняй цераз поле вёсцы. Праўда ад зімы ён хадзіў паліцаем, з выгляду быў па-начальніцку важны і строгі, але яна ведала яго маці ды і яго ад самага дзяцінства, усё ж ён ёй дваюрадны пляменнік, не абы-хто чужы. Яна раскажа яму аб сваім горы, і ён павінен чымсь пасабіць, як мужчына, і галоўнае — свой чалавек. Хай ён іх напалохае, пасадзіць на колькі дзён у свіронак, хай нават нядоўга патрымае ў турме, але каб толькі не сышлі ў лес і на старасці не асірацілі яе.