Яна ўвесь час бегла ззаду, у полі і на выгане, і толькі калі зайшлі на падворак, ля калодзежа Дрозд прапусціў яе ўперад і нават лёгенька штурхануў, маўляў, ідзі, а мы следам. Яна звыкла і рухава, як і заўжды, прыступіла на шырокі пляскаты камень, затым на парог і ў той жа час зразумела, што падпорка яе не ўтрымала, карамысла валялася ў доле, і дзверы ў хату былі расчынены. Аднак зараз жа яна згледзела Сёмку, і яе ўразіў выраз сполаху, бадай-што, жаху, на яго яшчэ вельмі дзіцячым твары. Нагнуўшыся, сын стаяў над кубёлкам, у якім яны хавалі мясное, з кавалкам сала ў руцэ. Каля ног хлопца ляжала тарбінка з завязкамі, згледзеўшы якую, яна ўсё зразумела і коратка зларадна сабе ўсміхнулася. Але ў той жа час Сёмка крыкнуў, выпусціў сала і, угнуўшы голаў, кінуўся ў дзверы, на бягу моцна штурхануўшы яе ў бок. Ззаду закрычалі — Дрозд або хто іншы, і ў той жа момант аглушальна грымнуў адзін, другі, трэці стрэлы. У ёй усё абвяла, абмякла, яна пахіснулася, але стрымала сябе і, адчуўшы, як нешта крута збочыла да недарэчна і непатрэбна страшнага, выбегла з сенцаў.
— Сыночак! Сыночак! Пастой!
Яна кінулася да паліцая ў шэрай нямецкай пілотцы, які стаяў з карабінам каля паркана, хоць ужо не страляў. Ён апусціў карабін долу, вылаяўся, груба адштурхнуў яе і палез цераз перакладзіну ў гарод. Яна не разумела яго, як не разумела нічога з таго, што тут адбываецца. Сёмкі нідзе не было, і толькі калі паліцай шырока пакрочыў наўкось па забаранаваным гародзе, яна ўбачыла сынаву галаву, плечы і раскіданыя ў бакі рукі — ён нерухома ляжаў на глеі ў трох кроках ад буйна квітнеўшага на ўзмежку вішанніку.
Тады яна закрычала і рухнула на прапахлы ўсімі дваровымі пахамі дол, усведамленне велізарнай несправядлівасці збіла яе з панталыку, яна ўжо не магла сцяміць, як здарылася такое. Яна білася галавой аб цвёрдую, як бетон, утаптаную зямлю падворка, біла яе сваімі не па-жаночы вялікімі кулакамі, зайшоўшыся ў амаль здзічэлай, шалёнае роспачы ад такой непапраўнай бяды. З гэтага стану яе вырваў знаёмы і ў той жа час зусім нейкі інакшы голас яе старэйшага сына.
— Халуі прадажныя!
Усё яшчэ не ўстаючы з долу, яна ўзняла голаў і праз слёзы ўбачыла, як Дрозд і з ім два паліцаі вывалаклі сына з сенцаў і пачалі груба круціць яго рукі, каб звязаць іх вяроўкай — канцом, што ўзялі ў Дразда.
— Бобікі. Будзе і на вас вяроўка!
— Маўчаць, шчанюк!
Паліцай, які быў у штанах навыпуск, коратка і моцна штурхануў яго каленам у жывот, Алесь хіснуўся, але не ўпаў, і яна, зусім ужо губляючы над сабой уладу, закрычала:
— Сыночак!
Ён, аднак, нават не зірнуў у яе бок, твар яго быў гняўлівы і цвёрды, ён матнуў нагой у бацінку і выцяў паліцая.
— Смерць Гітлеру!
— Ах так, шчанюк!
Дрозд дужа ўдарыў яго прыкладам, і ён упаў, - няўклюдна, са звязанымі рукамі, плячмі на пляскаты ля парога камень. Яна падскочыла да пляменніка і, хапаючы яго за ногі ў брудных нячышчаных ботах, спрабавала спыніць, не даць біць сына. Але гэтыя ногі выцялі і адкінулі яе самую. Яна перавярнулася, захлынуўшыся ад болю ў грудзях.
— Ах так, шчанюк! — сказаў Дрозд. — Да сценкі яго!
Тыя два дужа рванулі сына за звязаныя рукі з долу, размашыста кінулі да патрэсканых бёрнаў сцяны, а Дрозд узняў свой карабін. Яна зноў падхапілася з месца, у гэты раз — ужо да сына, але над галавой яе грымнула, аглушыла. Алесь неяк от дзіўна і жахліва напружыўся, вусны яго скрывіліся і галава бездапаможна ўпала падбародкам на грудзі. Ён споўз спіной па сцяне і ў недарэчна скурчанай позе застыў ля падмурка.
Тады яна зразумела, якую недаравальна жахлівую бяду наклікала на іх і на сябе таксама, ухапіла ля парога першае, што трапіла ёй на вочы — хварасціну, якой выганяла ўранку карову, і з безагляднаю лютасцю накінулася на Дразда.
— Гад, пошасць, забойца! Што ты нарабіў! Ірад, нечалавек!..
Яна меціла па галаве і па твары паліцая, але той увабраў галаву ў плечы, засланіўся локцем, і яна біла яго па гэтым ненавісным з паласатай павязкай лакцю, па чорнай пілотцы, пакуль Дрозд цяжкім прыкладам не адкінуў яе ад паркана.
— Прэч, гадаўка!
Аглушаная, яна зайшлася ад болю і змоўкла. Паліцай прывалок з гарода распластанае цела Сёмкі, кінуў яго на падворку і, задышліва адкашляўшыся, палез у кішэнь за махоркай.
— А здорава ты яго — пад дых! — ваўкавата пахваліў яго Дрозд. Паліцай злосна вылаяўся:
— А што ж, туды-т яго враз! Не знаў ад каго. Ад міня не ўцекёць!
Задаволена мацюкаючыся, яны ўзяліся закурваць. Яна корчылася на маладой мураўцы, усё бачыла, але бадай нічога не заўважала і ні на што не рэагавала. Потым, калі трохі пацішэў балючы звон у галаве, паднялася, спачатку на калені, затым на свае босыя, скарэлыя ногі, акінула няцямным, здзічэлым позіркам двор з нерухомымі целамі яе сыноў. У яе ўжо вельмі нямнога засталося сілы, яна трымалася за паркан і так, перабіраючы рукамі, знясілена пайшла па-над ім да вуліцы. Паліцаі яе не спынялі і не крычалі, ды яна і не прыслухоўвалася ўжо ні да чаго ў гэтым свеце, страх яе сканаў увесь без рэшты. Яна дабрыла да калодзежа, упала, жыватом на край яго прысадзістага аслізлага зруба і, убачыўшы ў ягонай глыбі далёкі проблеск святла, нібы за няздзейсненай справядлівасцю таропка рынулася ў змрочную зыбкую пройму.