Выбрать главу

– Васька быў харошы хлопец. Таварыскі, бескарыслівы. Ён недзе цяпер на раёне. Мне нехта казаў.

– Ага, на раёне. Я ж летась бачыў яго. Быў там у камандзіроўцы. Няўдала неяк усё склалася ў яго. Жаніўся адразу ж пасля інстытута. Ты ведаеш, у яго ўжо чацвёра дзяцей. I ўсё дзяўчаткі. Жонка ў школе. I сам ён спачатку выкладаў. А пасля заеўся з дырэктарам. Не ведаю за што. Наогул, у яго нейкая манія справядлівасці. Ён стаў накшталт раённага донкіхота. Усё нешта выкрывае, усё з кім-небудзь ваюе. Са школы пайшоў і ўладкаваўся ў канторы «Саюздруку». Тады, як я быў там, рабілі ў яго рамонт. Другі ўжо месяц. Ты ўяўляеш, гэта ў раёне. Ён са сваім табарам абеды варыць на дварэ. Нават палатку нейкую паставіў. Я кажу: што ты робіш, дзівак? Не ведаеш, як трэба дагаворвацца з людзьмі? Прынцыпова, кажа, не буду і не хачу. Няхай хоць да зімы робяць рамонт. А тады я іх выведу на чыстую ваду. Ты ўяўляеш, ён у іх там за дзівака. А я і яго разумею, і тых раённых людзей. I зло непрываблівае, і дабро, калі яго аж занадта, можа апрыкраць больш, чым зло. Чаму гэта так бывае? Шкада мне стала Ваську. Прапіў я з ім са злосці ўсе камандзіровачныя і хутчэй паехаў адтуль.

– А я не ўяўляю, як ён там жыве, у раёне. Адвыкла я. Дома, у вёсцы, не магу пражыць больш за два дні. Гэта дрэнна, скажы.

– Не ведаю. Гэта, можа, таму, што ты жанчына... Слухай, я ўсё думаю пра тое, якія мы былі тады. Ідэалізм, рамантызм, наіўнасць... Ружовыя акуляры... Смешна, вядома. Але мне чамусьці таго часу шкада. Пасля нас перавярнулася ўсё. Мы былі, здаецца, прадапошнім курсам, які проста перасеў са школьнай парты за інстытуцкі стол. Мы скончылі інстытут, а на нашы месцы прыйшлі другія, з вытворчасці – порскія, грубаватыя, самаўпэўненыя,– на чорта ім быў наш ідэалізм? Ды мы і самі не ведалі, што рабіць з ім. Прэч, прэч ранейшае, нам трэба было паверыць у сябе. Ты мне цяпер не скажаш, што гэта так проста і лёгка. I я не скажу. Ёсць такое паняцце – пераломны ўзрост. Мне здаецца, ён зацягнуўся ў нас. У мяне, у цябе, можа. Не ведаю яшчэ ў каго. Аспірантура тут не выратуе. Мне трэба зноў паверыць у ідэалізм. Не ў той, ранейшы, а можа, у другі нейкі, які не замінаў бы жыццю і жыццё якому не замінала б таксама. Зноў наіўна?.. Чаму ты маўчыш?

– Не ведаю, можа, ты кажаш і праўду. Я таксама... думала неяк так... пра сябе... Я толькі не ўмела ці не адважвалася абагульняць... Ты ўмееш думаць. Я ведаю. Ты заўсёды быў такі.

Яна гаварыла паволі, блытаючыся ў словах, але я адчуваў, што ўнутрана яна спяшалася, нібы старалася як найхутчэй адбыць непрыемную чаргу, і, можа, ад гэтай сваёй разгубленасці сказала камплімент, няўдалы і недарэчны камплімент, думаў я, – хіба я гаварыў дзеля гэтага? Я змоўк і адчужана, нібы ўпершыню, паглядзеў на яе. I мне цяпер стала зразумела тая перамена, сэнс якой адразу не выснаваўся для мяне: яна памажнела, але нейкай той знябытлівай, сіратлівай памажнеласцю, што кладзе на чалавека адбітак не зразумелай нават яму самому трывогі і разгубленасці. I яшчэ гэтае плацце – пляжнага крою паласатае плацце з расклёшаным нізам, з каўнерыкам на манер як у жакеціку. Плацце было трохі зашырокае і неяк па-няўклюднаму апрошчвала, зблажала яе. Мяне брала шкадаванне. Навошта я прыйшоў сёння да яе? Адкуль мне было ведаць, што нешта перамянілася, надламілася ў ёй, што не мне ад яе, а ёй ад мяне па-сапраўднаму трэба было б чакаць палёгкі? А што сказаў я ёй? Кінуўся ў нейкія чуллівыя разважанні – каму ад гэтага лепш? Ёй не трэба гэтага. Яна жанчына, яна прывыкла і адчуваць, і думаць канкрэтна. Сёння я не памочнік ёй. Сёння я вельмі сабой заняты. Мне трэба яшчэ прыйсці да яе. Урэшце, гэта добра, што я сёння прыйшоў. Я падумаю. Мне трэба прыйсці яшчэ.

– Я пайду, – сказаў я. – Прабач, што зайшоў так позна.

Я ўстаў з-за стала. Яна, не зварухнуўшыся, сядзела на канапе – я падышоў да яе. Узяў за плечы і па-стараўся ўсміхнуцца.

– Уставай, – сказаў я. – На тваім месцы я перамяніў бы кватэру. Час ад часу гэта трэба рабіць. Мы не ўяўляем нават, як многа значыць для чалавека новае месца. Павер мне.

Я падняў яе з канапы за плечы і асцярожна паставіў перад сабой. Яна не баранілася, не супраціўлялася, пакорліва стаяла, апусціўшы рукі. Я гладзіў яе валасы. Мне не трэба было рабіць гэта, і праз хвіліну я жартаўліва адштурхнуў яе ад сябе.