– Пайду.
На душы ў мяне было горка.
– Чакай, – схамянулася Эма. – Я забыла табе прапанаваць... Ну хаця б кавы. Хочаш? I яшчэ недзе ў мяне ёсць каньяк.
– Не, лепш я пайду. Позна. Лепш другім разам калі.
Шчыра кажучы, я адчуваў, што сёння мне не зашкодзіла б выпіць. Але, бадай што, не тут і не з Эмай. Мне цяпер найлепш падышла б мужчынская кампанія. Толькі вось рэстараны, мусіць, закрываюцца ўжо, і каб цяпер трапіць туды, трэба яшчэ падумаць, як спадабацца швейцару. Не, на сённяшні вечар выпіўка выключаецца. Мне трэба яшчэ ўсё вырашыць з Ларысай. Адна ідэя мільганулася ў мяне ў галаве. Але перш я павінен быў зноў знайсці таксі.
– Я пайду. Не праводзь, – сказаў я Эме. – Зайду пасля.
Яна ўсё ж праводзіла мяне ў калідор да дзвярэй. Я таропка збег уніз па лесвіцы, у пад’ездзе ледзь не збіўшы з ног нейкую закаханую парачку, і апынуўся на вуліцы. Я спыніўся. Вуліца тут была глухаватая, і нельга было разлічваць на тое, каб спыніць таксі. Я ўспомніў, што непадалёк адсюль трамвайная лінія і калі дайсці да яе, блізка будзе перакрыжаванне з кафэ на рагу вуліцы – і недзе там, пастаяўшы, можна чаго-небудзь прычакаць. I нават тое-сёе ўспомніць, бавячы час. Там, у кафэ, некалі пазнаёміўся я з афіцыянткай, з якой ледзь не закруціў быў раман. Але ў той афіцыянткі былі халодныя, незразумела халодныя рукі; праз увесь першы вечар, калі мы пайшлі з ёю ў кіно, я не змог адагрэць іх. I я збег ад яе, а пасля і блізка баяўся падыходзіць да таго кафэ. Мне было і прыкра, і нядобра, і сорамна. Прыкры ўспамін. Я чамусьці шкадаваў цяпер тую афіцыянтку, вельмі востра шкадаваў, нібы абышоўся з ёю так нядобра толькі ўчора. Хваля нейкай незразумелай шкадоблівасці найшла на мяне. Я ўспомніў раптам пра таго хлапчука, Лёню, што званіў сёння мне, і зноў пашкадаваў, што не дазволіў яму яшчэ раз пазваніць мне. А можа, ён званіў? Можа, не прыходзіла доўга тая Лілька і ён не лажыўся спаць?.. Нічога, нічога, надта не перажывай, стары, усё будзе добра – заўтра ён пазвоніць табе. Ва ўсіх будзе добра, – паглядзіш. Вернецца Лілька, прыдумае што-небудзь для сябе Эма – ты паможаш ёй. Толькі трэба давесці ўсё да канца з Ларысай. Паставіць кропку, і ўсё. Не трэба ні міражоў, ні ілюзій, ні юных німфаў, – не трэба ганяцца за хімерамі. Трэба ўзяць сябе ў рукі.
На вуліцы з трамвайнай лініяй сталі пападацца таксі, але ні адно з іх не ўзяло мяне. Гарэў зялёны агеньчык спераду машыны, але таксі не спынялася, і я злаваў, пакуль не здагадаўся, што недзе тут блізка таксапарк і што машыны, мусіць, ідуць на перазменку. I я тады стаў выбягаць наперад кожнай легкавой машыне, і адна спынілася – гэта было якраз таксі, у якім на заднім сядзенні, забіўшыся ў куток, насцярожана туліўся нехта сухарлявы і маленькі ў цёмным простым плашчы. Я сеў побач з таксістам, і мы паехалі, і не паспелі мінуць, можа, якіх два кварталы, як той, на заднім сядзенні, папрасіў спыніцца і хуценька сунуў у далонь таксісту плату, якую, мусіць, даўно ўжо адлічыў. Таксіст, не глянуўшы, апусціў яе ў кішэню, праверыў за насцярожаным пасажырам дзверцу – ці добра зачыніў, і мы зноў паехалі. Таксіст дастаў пачак папярос і намагаўся закурыць, але ў яго гэта дрэнна выходзіла, і ён сказаў:
– Наступі!
Я патрымаў у руках пачак, і ён дастаў папяросу, прыкурыў ад маёй запалкі і заклапочана пачухаў стрыжаную патыліцу. Ён быў маладзей за мяне, лабасты, бязбровы, з вузкім унізе тварам, якому надавалі нейкую хлапечую няўклюднасць адтапыраная верхняя губа і кароткі падбародак?
– Ехаць куды?
– Чыгуначная, сем, насупраць аптэкі.
– Ага, ведаю той дом. Жывеш?
– Не, даўно не бачыў. Хачу паглядзець.
– Ну, ну...
Ён, мусіць, падумаў, што я жартаваў. Але я не казаў больш нічога, і ён змоўк, і так мы маўчалі, аж пакуль не прыехалі пад той дом, і я папрасіў яго спыніцца якраз насупраць балкона.
– Так, – сказаў я. – Цяпер трэба пасігналіць. Раз, два, тры... Як гучней.
Дзверы на балкон былі расчынены: люстра ззяла пад столлю, чулася музыка, але, мусіць, не з гэтага, што з балконам, пакоя, а з бакавога. Каб танцавалі, не было чуваць.
– Мы павінны тут некага ўзяць?
– Не. Пасігналь, друг, прашу. Нічога страшнага – тут не праспект.
Ён пачаў сігналіць: трэба сказаць, стараўся ён добра. I вось на балконе паявіўся жаўтароцік, а за ім другі, з круглатварай дзяўчынай, – яна ўсё чаплялася за хлопцаву руку. Я прачыніў дзверцу і пачаў наглядаць.
– Воўка, – сказаў другому першы, – машыну калі-небудзь бачыў? Глядзі! Во гэта і ёсць машына.
– Што, што? – знарок грозна пасунуўся той на яго, прыціснуў грудзьмі да балкона і, крэкчучы, стаў нагінаць яму галаву. Дзяўчына аж заходзілася ад прытворнага смеху і вісла ў свайго хлопца на плячы. Але ім скора надакучыла гэта, і, перагнуўшыся цераз балкон, яны сталі цікаваць за намі.