Выбрать главу

Але што гэта? Ах, звоніць тэлефон... Тэлефон? «Дык гэта ж, мусіць, Лёня!» – думаю я і, устрывожаны, бягу ў прыхожую, здымаю трубку і адразу кажу:

– Лёня? Што там такое, Лёня? Яшчэ не прыйшла Лілька?

I мне ў адказ цішыня, – нейкая незразумелая цішыня, і я адчуваю, што нешта сказаў не так і што не тое, што я чакаю, мне хочуць сказаць, але я нічога не разумею, і мне пакутліва цяжка. I потым голас, такі знаёмы, трошкі разгублены голас,– як яму цяжка перайначыць сябе:

– «Гэта я, Чырвоная Шапачка, – сказаў Шэры Воўк бабуліным голасам».

– Ларыса? Адкуль ты звоніш, Ларыса? Ты яшчэ не спіш?

– Я ў горадзе... Званю з аўтамата. Што гэта ў цябе там... за Лілька?

– Лілька? Аднаго хлопчыка сястра. Ты ўсё роўна не зразумееш... Я потым раскажу...

Я не чакаў гэтага званка: я быў разгублены і па-дзіцячы, па-дурному рады, – о, хоць бы не паказаць ёй гэтую радасць!

– Я праводзіла гасцей... I цяпер у горадзе. Блізка ля твайго дома... Чаму ты не прыйшоў? Я табе званіла. Дзе ты быў?

– Блукаў па горадзе і аплакваў свае дзевятнаццаць год... Ты цяпер адна? Дзе мы сустрэнемся? Я зараз прыйду цябе праводзіць...

– Бедны мой, – сказала яна, – табе, можа, было сумна? Хочаш, я прыйду пад твой дом? Я скора... Тут блізка. А потым ты правядзеш мяне дамоў. Згода?

Яна павесіла трубку.

Я раптам адчуў прыемную, да абмарачэння, да кружэння ў галаве, слабасць. Можа, гэта таму, што нядаўна з ванны. Цела маё было лёгкае, як пушынка. I яшчэ я адчуваў свой твар. Я адчуваў, што ён сумны. Я радаваўся, а твар быў сумны, ён нібы застыў. Тады я ўключыў у прыхожай святло, падышоў да люстра і глянуў на сябе. З туманнага шкла мяне адчужана і сур’ёзна вывучалі нерухома сухія, нязвыкла светлыя вочы, і свіціўся бледнаю маскаю твар, схуднелы, з нейкай хваравітай кволасцю ў рысах твар. «Ну што, сумуем? – сказаў я ўголас.– Трэба ўсміхацца. Паспрабуем усміхнуцца – ну давай!..» I я ўсміхнуўся: мне здалося, што затрымцела шкло, у ім тарганулася, калыхнулася бледная маска, а потым кругла, зіхатліва-мякка праступіў твар, і на ім ажылі, заіскрыліся, пацямнеўшы, паглыбеўшы, вочы...

«Вось так, – сказаў я сабе, – вось так, Свет Іванавіч, былы донжуан».

У мяне шырока гохкала сэрца, і я быў па-дзіцячы, па-дурному разгублены і шчаслівы.

1965