Я нічога не разумеў. Пасля ўжо, калі зразумеў, я зразумеў не так і мала. Я зразумеў, што галоўнае не ў тым, каб дасягнуць, не ў выніку, які ўяўляецца проста як вынік, адасоблены ад усяго, а ў адпаведнасці гэтаму выніку нас саміх. У адпаведнасці мэты выніку. Звычайны падлешчык для таго рыбалова быў звычайным падлешчыкам, але, затрапятаўшы на далоні, ён мог быць і залатой рыбкай. Толькі перш за ўсё ён быў падлешчыкам. Удачы не было – была ўзнагарода за цярплівасць. I гэтая цярплівасць не прыніжала чалавека, як не прыніжалі ні стары парудзелы плашч, ні пацёртая кепачка, ні брызентавыя чаравікі. Галоўным быў спачатку не вынік, а паўната прадчування яго. Я спяшаўся, нерваваўся, я думаў пра падзею, вынік і не заўважаў, як мой унутраны голас глух, як удача пачынала здавацца цудам, а падлешчык – недасягальнай залатой рыбкай. Але не было ні падлешчыка, ні залатой рыбкі.
Мне трэба, вельмі трэба вучыцца цярплівасці.
Новую цыгарэту я ўжо закурыў у кватэры. На кухні. Я любіў гэтую кухню, бо тут гаспадарыла Міла. Чужая жонка, мужава жонка, якая заўсёды старалася зрабіць так, каб я адчуваў сябе ў гэтай кватэры, як свой, а не проста як кватарант-прыблуда. Кухня была тым месцам, дзе развіналіся на ўсю шыр зайздросныя Міліны здольнасці. Кухня была эмблемай кватэры, нават, калі хочаце, яе душой. I Міла была ідэальнай жонкай. Для мужа з такой жонкай ніколі не будзе існаваць праблемы кухні – у прамым і пераносным сэнсе. Ён можа прывесці дадому хоць сотню сяброў, і ўсе яны будуць накормлены, і яму, калі ён толькі не дурань і не бурбон, ніколі не засвярбіць язык сказаць, што ў жонкі малы адукацыйны цэнз, і што паміж высокай разумовай сферай і кухняй ляжыць невымерная бездань, і што яму, такім чынам, як паветра, не хапае высокаінтэлектуальных размоў. Урэшце, гаварыць з Мілай пра цэны на прадукты мне было цікавей, чым пра кібернетыку з яе кандыдатам-мужам.
Я сядзеў за сталом на кухні, і позірк мой незнарок упаў на разгорнутую палоску тэлеграмы, атрыманай два дні назад, – я ўзяў яе ў рукі і зноў прачытаў: «Почему не пишешь Что случилось Станислав Мила». Памятаю, на той дзень я пакрывіўся ад гэтага фамільярнага – Станіслаў: мы ніколі не звалі адзін аднаго па імені, а толькі па бацьку. Міла – іншая справа: з ёй мы былі на «вы», але затое, дзякуй богу, не пайшлі на гэтую камедыю з Мілай Пятроўнай і Яўгенам Іванавічам. I яшчэ мне здалося, быццам тэлеграму трэба чытаць інакш, неяк так: «Как поживают рыбы в аквариуме? Исполняешь ли ты мой наказ?» «Чорта з два, – падумаў я, – у мяне яшчэ зварыць мазгаўня, каб не карміць рыб сырым, дробна пасечаным мясам, як наказала ваша міласць. Ты б там, на паўднёвым сонцы, схуднеў на шэсць лішніх кіло, каб даведаўся, што я скора знайшоў дарогу ў магазін «Прырода» і перавёў тваіх рыбак на разгрузачную дзяржаўную дыету. Салют, Станіслаў Бацькавіч, цешцеся прыемнымі надзеямі».
Я трымаў лісток у руках, стараючыся ўявіць, як была паслана тэлеграма. Дурны, чаму я адразу не падумаў, што тэлеграму паслала Міла. Ну, вядома, яна, і знарок падпісала Станіслава Бацькавіча першым, і паказала тэлеграму яму, і здолела пераканаць, як гэта яна ўмее, што ім не абысціся без такой тэлеграмы і што гэта будзе прыемна мне, адзінокаму, беднаму, няшчаснаму халасцяку, і Станіслаў Бацькавіч, можа, расчуліўся і нават палічыў усю гісторыю з тэлеграмай найвялікшым актам чалавекалюбства.
Ах, Міла, Міла, харошая Міла, мужава жонка! Толькі цяпер я па-сапраўднаму адчуў, як не хапае мне яе, па сутнасці, можа, адзінай жанчыны, якая трэба была мне і якой трэба я, але пра тое ўжо мы, бадай, не скажам адно аднаму. Досыць і таго, што мы ведаем гэта. Не трэба, каб гэта перарасло нас. Няхай яно будзе з намі, як магчымасць, якой немагчыма здзейсніцца. Я мог бы ўзяць ад Мілы ўсё, каб захацеў, але дрэнна быць гусарам побач з мужам, які дзеля жонкі, хаваючыся, падбрывае валасы на грудзях. Аднойчы я здагадаўся пра гэта, і мяне з таго часу, калі думаю пра Мілу, не пакідае журба. А цяпер... Я любіў Мілу ў гэты момант, я нават чуў, як білася маё сэрца, мне хацелася, каб недзе там, у доме адпачынку, яна думала зараз пра мяне, і я верыў у сваю сілу праз ноч, адлегласць прымусіць яе думаць пра мяне. Я праверу гэта, калі яна вернецца, і асцярожна як-небудзь спытаю яе. А можа, кінуць усё і, пазычыўшы грошай, махнуць на поўдзень на дзень-другі? Такая вялікая бяда – пісаць пасля дырэктару музеума тлумачальную запіску, каяцца, што гэта легкадумнасць,– страціць свае восемдзесят рублёў і месца малодшага навуковага супрацоўніка, што я не меў намеру абразіць дружны музейны калектыў і што ў дадзеным выпадку толькі старанная праца ў будучым можа паставіць мяне на ранейшае месца ў гэтым калектыве. Эх!..