Выбрать главу

Здаецца, званіў тэлефон.

Я ўстаў з-за стала і, не спяшаючыся, пайшоў у прыхожую, і калі ўжо здымаў трубку, здагадаўся, што гэта, можа, звоніць Ларыса, але чамусьці не ўзрадаваўся,– і гэта было нешта новае, і я ў думках пахваліў сябе: нават прыемна стала ад упэўненасці, што зараз, калі буду гаварыць з Ларысай, абавязкова знайду патрэбныя словы, каб, не абражаючы яе, сказаць тое, што можна і трэба сказаць мне, мужчыне, дзевятнаццацігадовай дзяўчынцы ў такі вось момант. Але трубка маўчала, я адно чуў, як у ёй цяжка калыхалася цішыня.

– Ало! Ало!

I зноў маўчала трубка, і я пачуў, як на другім канцы проваду нехта часта, непрыемна коратка дыхаў, – чорт ведае які дурань смяяўся з мяне!

– Гэта ты, Ларыса? Аддыхайся. Я цябе слухаю...

Нехта таропка, вельмі таропка палажыў трубку.

Містыка, нейкая чыстай вады містыка – не можа быць, каб гэта Ларыса. Урэшце, чаму яна павінна званіць? Мусіць, я перабольшваю, калі думаю, быццам што-небудзь значу для яе. Дзесяць год – высакаватая сцяна, і ёй, Ларысе, трэба станавіцца на дыбачкі, каб падаць праз яе руку. А навошта ёй станавіцца на дыбачкі? Каб паказаць мяне сваёй кампаніі і сваім бацькам? Але ж я ўжо вырашыў, што мне там няма чаго рабіць. А можа, я памыляюся, можа, трэба было інакш? Заявіцца, як належыць навуковаму супрацоўніку, нават калі ён і малодшы – гэтую дробязь у размове асцярожна абысці,– энергічна паціснуць Ларысінаму бацьку руку і, цвёрда зазірнуўшы ў вочы, назваць сябе. I абаяльна гэтак усміхнуцца і пажартаваць:

– Папярэджваю, Ферапонт Дармідонтавіч, другі тост пасля вас буду гаварыць я. I нават магу ўзяць на сябе ролю тамады, калі вы, вядома, не супраць.

Ферапонт Дармідонтавіч – фі! Як бы ён паглядзеў на мяне, каб я назваў яго гэтак? Ён падумаў бы, што я звар’яцеў. Але ціха! Па праву дарослага мужчыны я цалую ў Ларысінай маці руку (чаму не пацалаваць!). Вера Фёдараўна прыемна ўражана і крадком выцірае слязу. Ага! Ба, якія незнаёмыя ўсё абліччы! «Ну што ты, – прыходзіць на дапамогу Ларыса, – гэта ж вось Валік, памятаеш, я табе гаварыла, што ён... А гэта вось Валерка – ён умее шавяліць вушамі... Валерка, пакажы!..» Ідылія! I ў юнашы абступаюць мяне і пытаюць, якія я куру цыгарэты.

Папраўдзе, я баяўся не гэтага. Можа, больш за ўсё я баяўся пераканацца, што Ларыса – адна мая выдумка, міраж. Чаго я хацеў ад Ларысы? Можа, я нават думаў, што яна – маё выратаванне. Маладосць, шчырасць, непасрэднасць, чысціня. Што з яе дапамогай усё гэта вярну сабе і я. I абнаўлюся разам з ёю. (Які халаднавата чысты, строгі ў яе пагляд і якія чуйныя, акуратна зграбныя рукі – ідучы, яна трымае іх неяк трошкі перад сабой, самаўпэўнена чуйныя рукі, такія нейкія безуважна пагардлівыя да закасаных рукаўчыкаў летніка-плашча.) Я адкіну са свайго вопыту ўсю горыч, а лепшы мой вопыт перадасца ёй, і яна стане такою, якім хацеў, але не стаў некалі я. I, можа, я здолею зрабіць гэтак, што яна будзе разумець мяне. I тады...

Здаецца, зноў званіў тэлефон. Я вырашыў, што пачакаю, пакуль той, на провадзе, дасць трэці званок. I калі будзе чацвёрты, здыму трубку. Быў чацвёрты званок.

– Ало! Калі вы нешта хочаце сказаць, спяшайцеся – я слухаю.

I зноў выразна пачуў нечае дыханне і хацеў ужо раззлавацца і вылаяцца ў трубку, але нешта падказала мне, што трэба пачакаць.

– Спяшайцеся, у вашым распараджэнні дзесяць секунд.

– Гэта я, Лёня, – сказаў раптам нехта ў трубку, – а вы... дзядзя?

Чорт ведае што такое. Ды яшчэ нейкі дзіцячы голас.

– Лёня? Які Лёня?.. Скажы мне, калі ласка, Лёня, што табе трэба і дзе ты ўзяў мой тэлефон?

– А вы добры дзядзя і сварыцца не будзеце? Не будзеце, га?