Цудоўная магчымасць пахваліць самога сябе.
– Ці добры я дзядзя, не ведаю, але сварыцца не буду. Ну давай...
– Мне, дзядзя, сумна, і я сам выдумаў ваш тэлефон. Сядзеў, сядзеў і выдумаў. I яшчэ тэлефоны выдумаў, але яны не хацелі гаварыць, толькі піпіпкалі, і я іх забыў. А ваш я першы выдумаў...
– Ты харошы хлопчык, Лёня. Колькі табе год?
– Я ўжо вялікі, дзядзя, і ўвосень у школу пайду. Мне толькі не хапае двух месяцаў. Але тата з мамай кажуць, што ўсё роўна ў школу возьмуць. Праўда, дзядзя, возьмуць?
– Як табе сказаць, Лёня... Па-мойму, павінны ўзяць... А ты што – дома адзін?
– Тата з мамай на дачы. I я там быў, і наша Лілька. Я, дзядзя, там у нагу стрэмку загнаў. Ух, як балюча было!
– Ты харошы хлопчык, Лёня. Я ведаю, ты цярпеў...
– Я нават не плакаў, дзядзя. Нага ў мяне ноччу балела, ведаеце як: дорг! дорг! дорг! I гарачая была. Я ноччу ўстаў і на другой назе паскакаў на кухню напіцца вады. А мама прачнулася і на руках аднесла мяне ў пасцель. Мама ўсё думае, што я малы...
– Не, ты дарослы, калі ўмееш цярпець.
– А Лілька наша яшчэ больш дарослая, дзядзя. Яна ў тэхнікуме вучыцца. Толькі яна дзяўчынка, і мама кажа, што ёй рана дарослай быць. Лілька хацела ісці ў водны паход, а мама не пусціла. Лілька плакала і хацела з дачы ўцячы.
– Ну, брат, дрэнныя ў яе справы... А дзе цяпер яна?
– Вам я магу сказаць, дзядзя. Мне з ёй чыстая бяда. Да нас заўтра дзядзя Вася прыедзе, ну, татаў брат. А мы з Лількай пойдзем яго сустракаць. Дзядзя Вася не ведае, дзе наша дача стаіць... А Лілька хітрая: пакінула мяне дома аднаго, а сама з Толікам Сотнікавым пабегла ў кіно. Мама кажа, што гэты Толік дрэнны хлопчык. Калі ягоная мама ў бальніцы ляжала, дык ён да сябе дрэнных хлапчукоў вадзіў, і яны пілі віно і курылі. А потым Толік ключ ад кватэры згубіў і праз акно дамоў лазіў. Мама кажа, каб Лілька не сябравала з ім. А Лілька во не слухае. Буду цярпець, цярпець, а потым маме ўсё скажу...
– Яно дык так, браце, але ж ты, мусіць, ужо цукеркі, якія табе купіла Лілька, каб маўчаў пра кіно, даўно з’еў.
– I зусім не цукеркі, дзядзя, а зефір. Яна толькі абяцала, што цукеркі купіць, а купіла зефір. Трэба ён мне. Лілька яго сама з’ела.
– Ну, брат, тут трэба падумаць, што рабіць. Па-мойму, калі ты дарослы хлопчык, дык можаш і без Лількі прабавіць час. Плакаць ты не ўмееш, а цукеркі... што цукеркі – я дык іх вось ужо дзесяць год не ем. Есці цукеркі – адно зубы псаваць. Галоўнае, брат, сумаваць не трэба. Па-мойму, так.
– Я не буду, дзядзя, – сказаў ён. – Як Лілька прыйдзе, я вам пазваню. Пазваніць, дзядзя?
– Ведаеш што, – сказаў я, – кладзіся лепш спаць. Я сам вось пасяджу трохі, падумаю і таксама лягу спаць. Я таксама, брат, дома адзін. Куды нам з табой гнацца за Лількамі...
Можа, мне не трэба было так гаварыць. Я адчуў раптам, як ён там, у далёкай пустой кватэры, не па-дзіцячы пасур’ёзнеў, сцішыўся – навошта мне было так гаварыць? Мяне выдаў мой голас. Такая гэта атрута – дарослая туга.
– Будзем спаць, Лёня, – сказаў я весялей. – Спаць, спаць усім рабятам, спаць, спаць па палатах... Ведаеш гэтую песеньку? А то ёсць яшчэ... Плакса, вакса, гуталін – еў, не з’еў гарачы блін... Смешна, праўда?
– Ага, – сказаў ён узрадавана. – Я буду спаць, дзядзя. Спакойнай ночы.
– Спакойнай ночы.
Я палажыў трубку.
Вядома, я і не думаў спаць, хоць і не ведаў, што можна было прыдумаць такое, каб лягчэй прабавіць час. Пайсці ў кіно? Купіць два білеты, прадаць адзін якой-небудзь аматарцы позніх сеансаў, калі захоча купіць, а то і запрасіць з сабой так. Я рабіў так некалі, у тую пару, калі прынцыпова не хацеў мець сваёй дзяўчыны, якую на вуліцы трэба было браць пад руку, знаёміць са сваімі сябрамі, сустракацца ледзь не штодзень, якой трэба было купляць марожанае і кветкі і абавязкова праводзіць дамоў, каб адстаяць з ёй свае паўгадзіны ў пад’ездзе. Я не хацеў тады, каб хто-небудзь меў на мяне правы. Мне трэба было, каб я мог прыйсці да яе, калі захачу, і каб яна не брала з мяне слова, што я абавязкова прыйду да яе яшчэ і заўтра. Тады ў мяне ўсё разладзілася з Эмай, хоць яна ніколі і не пыталася ў мяне, ці прыйду я да яе заўтра. Я купляў ёй марожанае і кветкі, хоць мне неабавязкова было прастойваць з ёй у пад’ездзе, бо мы тады ўжо скончылі інстытут, і яна працавала ўжо і жыла на прыватнай кватэры, дзе займала пакойчык з асобным ходам. I я працаваў ужо тады, і, здаралася, мы раніцай разам ішлі на работу, але ўсё адно яна ніколі не прасіла, каб заўтра на работу мы пайшлі разам таксама.
Не, сёння ў кіно мне не выпадала ісці: я даўно адчуваў, што перарос усё гэта. Аставаўся рэстаран, і я на момант уявіў сабе шырокую залу, залітую густа-залацістым, хісткім святлом, шызыя палосы дыму, стук нажоў аб металічныя падносы, напружаную, цёмную адчужанасць людзей, занятых, па сутнасці, адным і тым жа, тамліва-доўгія позіркі жанчын, узмахі рук, гаману, дурманлівы водар кухні. Я ішоў па зале, шукаючы свабоднае месца, падсвядома старонячыся кампаній з жанчынамі, і вось ужо нейкія падпітыя рабацягі махалі рукамі мне, і гэта азначала, што яны нядаўна прыйшлі сюды, перад тым ужо недзе добра паддаўшы, паспеўшы надакучыць адзін аднаму, – інакш не ўзрадаваліся б невядома чаму свежаму чалавеку. Я садзіўся за стол, яны налівалі мне, і я піў, бо адмаўляцца не мела сэнсу, а потым заказваў я, і пачыналася звычайная п’яная безладзь: доўгія поціскі рук, абернуты на абрус фужэр з півам, настойлівыя спробы наладзіць кантакты з суседнім сталом, крыўда на афіцыянтку, якая не хацела браць чарку. Я ўсё прадбачыў наперад – нічога арыгінальнага, самы банальны спосаб зглуміць вечар і назаўтра адчуваць сябе нібы апушчаным у ваду.