Не, і гэта сёння не падыходзіла мне.
Я закурыў цыгарэту: яна была туга набітая і гарэла дрэнна. Камячыў яе ў пальцах, пакуль не сплюшчылася і не стала мяккай, але ўсё роўна яна курылася дрэнна, і ў роце была ад яе такая саладкава-брыдкая горыч – я расціснуў цыгарэту ў попельніцы і дастаў з палічкі над сталом пачак махоркі, купленай на выпадак, калі выйдуць цыгарэты і будзе позні час, каб бегчы па новыя ў магазін. Сухі, гарачы махорачны дым востра заказытаў у носе, і неяк адразу праяснела ў галаве, і неспадзявана ўспомнілася далёкая восень, калі мы на першым курсе ездзілі ў калгас капаць бульбу. Аднаго дня быў дождж, і мы вымаклі на полі, прыбеглі да гаспадыні ў хату і распалілі грубку. Пад акном шкуматаў грушу вецер, перашчукаў і зноў усчынаўся дождж, сядзелі на складзеных пад хлявом дошках куры, а потым гаспадыня выйшла на двор і выліла ў карыта вядро мешанкі і адчыніла ў хляве вароты. Засакаталі, пазляталі з дошак і пабеглі, смешна валюхаючыся, да карыта куры, выскачылі з хлява два парсюкі, і большы пачаў адразу хламкаць з карыта, час ад часу злосна задзіраючы лыч, а меншы ўсё вішчаў, бегаў наўкол і не ведаў, як падступіцца да мешанкі. Сабака вылез з будкі і хадзіў па двары, бразгаючы ланцугом і да нечага прыслухоўваючыся. А мы тады ў хаце курылі махорку, і, памятаю, так хораша было ў мяне на душы, і такое выразнае, азначанае дарэшты было ўсё на двары, у агародзе, і так неяк па-сталаму весяліў душу разгоністы, косы бег ветру за акном, у полі, над якім туманна, кудзеліста, жвава снаваліся разлапістыя хмаркі, збіваліся ў купкі, цямнелі, расхінаючы раптам у небе акенца незвычайнай, густой сінізны. Мне было семнаццаць год у тую восень, і быў цяпер тут, у горадзе, бадай што адзін чалавек, з якім бы я мог пра гэта, каб захацеў, пагаварыць. Эма. Эма тады таксама была з намі ў вёсцы, і я ўжо ведаў, што пайду сёння да яе.
Я не супраціўляўся сабе, я нават падумаў, што Эме мог бы сказаць пра Ларысу, і яна зразумела б мяне, без асаблівай шкоды для сябе. Паміж намі было ўжо ўсё, што толькі магло быць, і больш нічога не будзе. Я ведаю гэта. Мы разышліся без крыўды – паміж мужчынам і жанчынай такое не часта бывае. Эма добрая дзяўчына: я з радасцю стаў бы сябрам яе мужа, калі б яна выйшла замуж, і мужу гэта нічым бы не пагражала. За мяне яна ніколі не выйшла б замуж: ёсць шмат такога, у чым мы вельмі ж падобны адно на аднаго. I ў Эмы даволі чуцця, каб зразумець гэта.
На вуліцы я паглядзеў на гадзіннік: было без пятнаццаці мінут адзінаццаць. Наогул, позна. I ў Эмы няма цяпер пакойчыка з асобным ходам, яна жыла ў нейкіх пенсіянераў, пры якіх быў яшчэ жанаты сын з бяздзетнаю жонкай. Гэта была арыгінальная пара. Жонка не прызнавала за сабой ніякай ганьбы. Бяздзетным лічыўся муж. Даўняя спрэчка паміж зацікаўленымі асобамі вырашалася звычайна прочкамі. Сыходзіла жонка – быў вінаваты муж, сыходзіў муж – лічылася пераможанай жонка. Адным словам, вясёленькая гісторыя. Аднаго баюся я, што Эма, нагледзеўшыся такой сямейнай ідыліі, яшчэ на колькі год адкладзе замужжа. Наогул, мяне пачынае палохаць яе абыякавасць да ўласнага лёсу, і не разумею я, што трымае яе на той кватэры. Прывычка? Пагарда да дробязей быту? Не такое ўжо шчасце – адчуваць сябе запхнутай у куток. У літаральным сэнсе. Невялікі пакойчык з зашклёнымі дзвярамі ў калідор ды яшчэ абсталяваны па апошнім слове пенсіянерскай логікі. Сплавілі ў пакой усе лішнія рэчы. I выкінуць нічога нельга, каб купіць сваё. I цяпер Эма – вартаўнік пры складзе непатрэбных рэчаў. Заложніца сярод прапыленых, пабітых моллю канапак, гардзін і пуфаў з патрыярхальнымі пампончыкамі...
Ішло таксі, і я падняў руку.
Мы ехалі ахінутай прыцемкам вуліцай – на агні рэклам, на рдзянае мігценне стопсігналаў, і мне было відно, як машыны наперадзе гналі перад сабой у хісткім сутонні няўлоўна сінія, пудлівыя цені, і, не зважаючы на позні час, яшчэ калі-нікалі чутно было, як у шырокіх сутаргах шуму сцінаўся і выпростваўся горад. Я ўгледзеў нейкую жанчыну, што ішла напярэймы нашай машыне, ніколькі не прыспешваючы крок, і калі да яе аставалася ўжо метраў з дзесяць, я зразумеў, што яна нічога не бачыць перад сабой. Таксіст тармазнуў, і жанчына падняла галаву, ненатуральна цвёрда выпрасталася, а потым разгублена прыклала руку да лба. I высільвалася ўсміхнуцца.