– Эма дома? – як мага абыякава спытаў я, і жанчына раптам, нібы спахапіўшыся, павяла плячом і моўчкі схавалася за дзвярамі. Бог ведае што хацела яна гэтым сказаць: мусіць, зноў у яе сышоў муж, і яна паказвала, што наогул не хоча мець справу з нашым братам.
Добра, што якраз выйшла Эма, і мне спадабалася, што яна не здзівілася, убачыўшы мяне, заўсміхалася і неяк трошкі манерна падала руку.
– Ах, Жэнік, – сказала яна, – які ты смешны! Ты сёння не выпіў, не?
– И вот за подвиги награда, – знарок журботна сказаў я.– Чаго ты не радуешся? Чаму глыбакадумна не кажаш: лепш позна, чым ніколі? Навошта расчароўваеш мяне?
– Я цябе не бачыла цэлую вечнасць...
Яна ўсміхалася, трошкі ленавата ўсміхалася, як заўсёды, і жмурыла вочы, схіляючы набок галаву, і, дальбог жа, неяк закахана глядзела на мяне, і мне было гэта прыемна. Толькі нейкая перамена была ў ёй, але якая, я не мог адразу вызначыць.
– Заходзь,– сказала яна і расчыніла дзверы, і я прытрымаў іх рукой, другой узяў яе за плечы і асцярожна падштурхнуў у пакой... Яна стаяла пасярод пакоя, усміхалася, жмурачы вочы, і ўсё глядзела на мяне: мне нават стала няёмка. Я сапраўды даўнавата быў у яе і, мусіць, адвык ад яе, ад яе звычкі ўсміхацца і трошкі пераболылваць у манерах – я цяпер успамінаў гэта, і чамусьці ўпершыню падумалася, што яе звычка ўсміхацца – мусіць, ад блізарукасці. Дзіўна, раней гэта ніколі не прыходзіла мне ў галаву, ды і акуляраў у яе ніколі не бачыў.
– Ты сёння ў плацці, – сказаў я.
– Ты смешны, дальбог, смешны... Хаця...
Відаць, яна здагадалася, чаму я так сказаў. Яна не любіла плаццяў і ніколі не насіла іх. Акрамя як, здаецца, на першым курсе. Цёмнае плацце з карункавым каўнерыкам, з высокімі плечыкамі. I яшчэ шырокі пояс з блішчастай фігурнаю спражкай. Тады гэта было модна. Ці, можа, наадварот, тады яе не цікавілі моды. Высокія плечы ёй не пасавалі. У яе і без таго былі высакаватыя, вузкія плечы, і трошкі даўгаваты стан, і вузкаватыя клубы, і стройныя маленькія ногі.
– Сядай, – сказала яна і сама села на канапу. – Сядай, калі хочаш, да стала... Я так стамілася сёння...
Я маўчаў. Яна зрабілася нейкай другой, непрыемна і нават нецікава ленаватай. Вочы не смяяліся больш, яна жмурыла іх, але яны не смяяліся, і, можа, ад таго ў яе моршчыўся лоб. Я сеў у крэсла, пазыркаў вачмі па стале, шукаючы попельніцу, – яе не было. Эма бачыла, што я шукаю попельніцу, але маўчала. Я падсунуў да сябе нейкую пустую накрыўку ад памады і закурыў.
– Дай і мне, – папрасіла Эма. Я кінуў ёй цыгарэту і карабок: яна смешна лавіла іх, саставіўшы локаць у локаць рукі перад грудзьмі. – Я была сёння на возеры. Вядома, пасля работы. Людзей – процьма. I нейкія артысты выступалі проста на пляжы. Па-мойму, гэта смешна. Уяўляеш?
– Уяўляю. Ты была адна?
– ...такі банальны ваш брат. Нідзе не схавацца. I лічаць сваім абавязкам не даваць сумаваць. Божа, але як гэта робіцца!..
– Ну навошта так? Тое-сёе мы ведаем і пра вас...
– Дальбог, хоць вазьмі і напішы кішэнны дапаможнік па знаёмству з жанчынай на вуліцы, у тралейбусе, на пляжы... Жах!
– Зрабі гэта лепш у сябе на радыё... Аўдыторыя і Ўсё такое. I слава... Ты ж, здаецца, яшчэ не перастала марыць пра персанальныя перадачы...
– Не смейся... Чаму ты не паступаеш у аспірантуру? Ну, не захацеў тады, але цяпер?
– Ведаеш, давай лепш не будзем...
Што я мог ёй адказаць? Тады, пасля інстытута, мяне сапраўды пакідалі ў аспірантуры. Але я выпрасіў свабодны дыплом. I кніжная навука, і замежныя раманы агорклі мне. Я адчуў, што нічога не ведаю ў жыцці. Гэта было балюча. Я баяўся і стараніўся людзей. Я не ведаў, як сябе паводзіць між іх. Я быў нехлямяжы, сарамлівы і гарачліва, затоена хварэў на самалюбства. I я выпрасіў сабе свабодны дыплом. Мне хацелася простага, звычайнага жыцця, хацелася згубіцца сярод людзей, і я ўладкаваўся на працу ў камунгас. Тое, што ў мяне быў дыплом, я ўтаіў. Адукацыю запісаў: дзесяць класаў. Прапіска ў мяне была сталая: тады яшчэ ў студэнтаў была сталая прапіска. Я высаджваў на вуліцах дрэвы, фарбаваў дахі, а зімою разграбаў снег – хацеў быць толькі рабочым, і больш нічым. У мяне не было сям’і, і мне падабалася такую-сякую капейку ад такой-сякой левай работкі пускаць на круг. Мне хацелася ва ўсім быць мужчынам: я не адмаўляўся ад гарэлкі пасля віна і, наадварот, ад віна пасля гарэлкі, і выпіваў запар па два вялікія куфлі піва – раней мяне кідала ў дрыжыкі пры адной думцы аб ім. Калі-нікалі я хадзіў у бібліятэку: было прыемна гартаць часопісы, не спяшаючыся чытаць што-небудзь, – мінімум духоўнага спажытку, неабходны і прыемны, як папяроса пасля абеду. I яшчэ мяне пачалі цікавіць жанчыны. Не ведаю, ці быў у мяне талент да гэтага. Я проста адкрываў для сябе маленькія ісціны: можа, яны даліся мне лёгка, але ўсё ж я ведаю, што не такія і простыя яны. Пасля мне надакучыла ўсё гэта – і выпіўкі, і спатканні, ці, можа, я нават збаяўся за сябе – і перамяніў работу. I стаў былым студэнтам, былым донжуанам, былым рабочым. З пасведчаннем малодшага навуковага супрацоўніка аднаго не вельмі тлумнага музеума.