Аспірантура... Што аспірантура? Я, можа, і не забыўся пра яе. Але з нейкага часу мне вельмі складанымі пачалі здавацца некаторыя ісціны, і я забыўся ўжо, як трэба дысертабельна афармляць іх. Мне цяпер хацелася б да ўсяго дайсці самому, але я не ўпэўнены, ці хопіць у мяне цярплівасці, сілы волі, нарэшце, каб зрабіць гэта. Я нічога не ведаю пакуль, нічога не ведаю...
– Глупства гэта ўсё, – кажу я Эме. – Я зноў хачу жыць. Проста жыць. («Можа, сказаць пра Ларысу? ») Як тады, пасля інстытута.
– У тваім узросце людзі жывуць ужо дзеля сям’і.
– Ты хочаш сказаць, што мне трэба жаніцца?
– Хаця б...
– Тады ты, можа, скажаш і з кім? Якая ў яе кватэра, хто цесць і які характар у цешчы?
Я злаваўся. Мне надакучылі ўжо гэтыя размовы пра жаніцьбу. Калі табе трыццаць год і ты не зрабіў да гэтага часу тое, што зрабілі іншыя, кожны лічыць сваім абавязкам апекаваць над табой, паблажліва жартаваць і наогул шкадаваць цябе. Але навошта, каб яшчэ і Эма? I каб гэта сапраўды цікавіла яе, але ж я ведаў, што яна не можа думаць, быццам жаніцьба – найлепшы выхад для мяне. I што гэта нібыта важна. З халасцяка можна пакпіць, можна паблажліва паляпаць яго па плячы; з жанчынай, калі ёй трыццаць год, пра замужжа не гавораць. I гэта, па-мойму, яшчэ горш. А можа, Эма, гаворачы пра мяне, гаворыць пра сябе?
– Ты вось казала пра возера. Ты была там з ім?
Я знарок спытаў так, бо чамусьці раптам падумаў, што ён, той малады рабочы хлопец, здаецца, спартсмен, пра якога нехта гаварыў мне і якога Эма нібыта брала з сабой нават у кампаніі з так званымі інтэлектуальнымі выпіўкамі, – на іх ён моўчкі сядзеў пры ёй, загадкавы і спакойна насцярожаны, як целаахоўнік, – можа, ён і ёсць тое галоўнае для яе, чаго я не ведаю і не магу зразумець. I, можа, ён для яе, як для мяне Ларыса?
– Ты позна надумаў пра яго спытаць, – сказала Эма.
– Па-мойму, мы даўно дамовіліся не дакучаць адно аднаму такімі пытаннямі.
– Але ж ты спытаў...
– Ты захацела мяне ажаніць.
– Калі так, то ён для мяне не існуе.
– I не існаваў? Раней – таксама?
– Я цяпер бачу, – сказала яна ціха, – што гэта была банальная гісторыя. Проста... ён у турме...
– Ён заступіўся за цябе, набіў некаму морду і... – Я адчуваў, што гэта не так, але ж мне трэба было сказаць нешта.
– Не, самыя банальныя махінацыі з аўтамабілямі. Капеечны бізнес. Страхавалі старыя машыны, абдзіралі іх, завозілі кузаў у лес і званілі ў міліцыю. Даставалі ці кралі запчасткі. I яшчэ там нешта... Банальна... Ён адтуль нават не напісаў мне.
– Глупства ўсё гэта. Па-мойму, не варта і перажываць... Ведаеш, чаго я ішоў да цябе? Мне захацелася нагаварыць. Успомніць студэнцкія гады. Чамусьці мне падалося, што гэта важна. Помніш наш першы камсамольскі сход? Мы былі ў калгасе на бульбе. А потым абіралі ў садзе яблыкі. I нехта з хлопцаў набраў сетку тых яблыкаў і прынёс дамоў на кватэру. Гэта было чэпэ.
– Чакай, чакай, хто ж гэта?
Здаецца, мне ўдалося зацікавіць яе. Яна ўстала з канапы, каб патушыць цыгарэту, нервова скамячыла яе ў маёй накрыўцы ад памады, села зноў на канапу, падкурчыўшы ногі і неяк здзіўлена гледзячы на мяне.
– Хіба ты забылася? Колька-масквіч. Хоць ніякі ён быў не масквіч. Мы даведаліся пасля. Аднекуль з Падмаскоўя. Памятаеш, тады, на бульбе, ён у капе саломы яшчэ чытаў Ясеніна, і гэта таксама не падабалася нам. Валодзя Дзямешка, дзетдомавец, той, што пасля інстытута падбіў хлопцаў паехаць на Далёкі Усход,– на сходзе здорава за гэта адсцябаў яго. I Васька Столін. Ведаеш, што дзіўна. Тое, што Васька быў год на дзесяць ці болей старэй ад нас, былы партызан, а думаў і адчуваў так, як мы.