Выбрать главу

Для ажыцьцяўленьня сваіх задумаў па расколу беларускай нацыі Масква знайшла актыўны тыпаж з псіхапатычнай мэнтальнасьцю; для яго ўсюды ворагі, ён любіць толькі крытыкаваць, пагражаць, “разносіць”, выказваць недавер, падазраваць і вечна змагацца з падкопамі, змовамі, варожымі намерамі і г.д. Але галоўны ягоны вораг – беларуская мова, беларуская культура і беларуская нацыя. Уплываць на такую асобу – псіхалягічная вывучка, а ў КГБ хапае ўсялякіх “вывучак”. Лукашэнка разламаў беларускае грамадзтва так, што ў дачыненьні да ягонай асобы і да ягонай “палітыкі” яно ня склеіцца ні пры якіх абставінах. Гэта нават ня Кастро, не Хусэйн і нават ня Кім Чэн Ір, гэта чужак для беларускай культуры, якога дэнацыяналізаваныя і ачмураныя яшчэ савецкай ідэалёгіяй людзі памылкова ўспрынялі за свайго.

Адраджэньне і статус-кво

Ідэалёгіяй беларускага Нацыянальна-Вызвольнага Руху, як і ў бальшыні паняволеных народаў Эўропы, было і ёсьць Адраджэньне.

Гэта значыць, што энтузіясты нацыянальнай свабоды, змагаючыся за незалежнасьць і стварэньне (аднаўленьне) нацыянальнай дзяржавы, ставяць задачу аднавіць разбуранае, адбудаваць зьнішчанае, адрадзіць нацыянальную культуру і ўсё страчанае ў выніку ўціску і акупацыі. І далей на грунце культурнага адраджэньня нацыі, абапіраючыся на народную гісторыю, яны імкнуцца адбудаваць нацыянальную дзяржаву, дачыненьні і разьвіцьцё. Гэта натуральны працэс існаваньня ўсяго жывога.

Ворагі нацыянальнай свабоды, акупацыйна-імпэрскія рэжымы і г.д. супрацьпастаўляюць адраджэньню нацыі грамадзкае “статус-кво”, гэта значыць, тое разбуранае, дэфармаванае становішча, якое яны стварылі ў выніку акупацыйнай палітыкі. Яны называюць яго па-рознаму: “грамадзтва”, “стабільнасьць”, “рэальнасьць”, “народ”, “здаровы сэнс” і таму падобнымі эўфэмізмамі.

Напрыклад, на Беларусі за ХХ-е стагоддзе расейцы (разам зь немцамі) забілі шэсьць мільёнаў беларусаў (палову нацыі, калі лічыць на пачатак ХХ-га стагоддзя). Расейскія акупанты-камуністы зьнішчылі беларускую школу, забаранілі беларускую мову і друк, сфальсіфікавалі гісторыю, расстралялі беларускіх пісьменьнікаў, разбурылі сьвятыні, задушылі сялянства і выхавалі цэлае племя манкуртаў ды рэнегатаў. Вынікі гэтага разбурэньня нішчыцелі спрабуюць выдаць за норму, за нармальнасьць, гэта, па іх лёгіцы, статус-кво, рэальнае становішча. Яны хочуць замацаваць стабільнасьць разбуральных вынікаў, ня трэба, маўляў, нічога зьмяняць, нічога адраджаць, аднаўляць, бо гэта, маўляў фашызм, нацыяналізм. Пры гэтым яны выступаюць нібыта ў інтарэсах зьнявечанага імі народа. “Ня трэба беларускай мовы”, -- крычаць нішчыцелі адраджэнцам, -- усе гавораць па-руску, усе разумеюць”. Душыцелі шукаюць падтрымкі ў сваіх ахвяраў. “Давайце зыходзіць з рэальнасьці, -- дэмагагічна вяшчаюць разбуральнікі нацыі, -- будзем рэалістамі”, --нэрвуюцца сёньняшнія і ўчарашнія акупанты.

Аднак справядлівасьць і права, сусьветная практыка і закон разьвіцьця – на баку адраджэнцаў. Жывое павінна адрадзіцца, і калі жывы дух, то нават зьнішчанае паўстане зь мёртвых, забітае ўваскрэсьне.

Тым часам каб рэалізаваць культурна-нацыянальнае адраджэньне нацыі, неабходна зьдзейсьніць дзьве ўмовы: ажыцьцявіць нацыянальную асьвету народу і ўсталяваць нацыянальную ўладу. На Беларусі шмат разоў была вынішчаная нацыянальная эліта і, як вынік, ня быў ажыцьцёўлены да канца прынцып нацыянальнай асьветы ў межах аднаго пакаленьня. Адсюлі і праблемы беларускай ўлады. І нішчыцелі, у адрозьненьне ад многіх беларусаў, гэта добра разумеюць.

ВКЛ

Канцэпцыя Беларускага Нацыянальнага Адраджэньня грунтуецца на народнай гісторыі. Без каранёў нічога доўга не існуе. У беларусаў, бадай як мала ў каго іншага, ёсьць магутны гістарычны грунт – іхняя вялікая дзяржава, якую яны страцілі ў канцы ХVIII-га стагоддзя ў выніку міжнароднай змовы і наступнай затым расейскай акупацыі. Гэта – Вялікае Княства Літоўскае. На Вялікае Княства і абапіраецца Беларускае Адраджэньне.

Галоўны накірунак рускай акупацыйнай палітыкі (царскай і камуністычнай) заключаўся ў ліквідацыі беларускай мовы, беларускай культуры і зьнішчэньні ўсялякіх атрыбутаў, ведаў і напамінкаў пра Вялікае Княства. Руская імпэрская палітыка, руская палітычная гісторыя і дзяржаўная навука стагоддзі працавалі над заціраньнем, перакручваньнем і фальсіфікацыяй памяці пра Вялікае Княства Літоўскае. Пры камуністах афіцыйная “навука” дайшла да поўнага абсурду ў фальсіфікацыі і зьнішчэньні памяці пра ВКЛ (“канцэпцыі Л. Абэцэдарскага і інш.).