І тут, як гэта нярэдка было ў беларускай гісторыі, усё перавярнула ня столькі сіла і падступнасьць непрыяцеля, колькі маладушнасьць і здрада асобаў у асяроддзі беларусаў. Гэбоўскі плян з так званай “камісіяй па карупцыі” і вывядзеньнем у палітыку А. Лукашэнкі наўрад ці ажыцьцявіўся б, калі б ня здрада шэрагу вядомых тады дэпутатаў: В. Ганчара, А. Лябедзькі, В. Шэймана, Д. Булахава і іншых, якія падтрымалі плян “Лукашэнку на прэзыдэнта”, цудоўна ведаючы пра ягоную псіхалёгію, ягоныя кантакты з гэбоўскай Масквой і пра ягонае адмоўнае, варожае стаўленьне да суверэнітэту Беларусі, да беларускай мовы і беларускай культуры. Яны добра ведалі, што рабілі. Яны здавалі сабе справу ў сваіх учынках, калі казалі, што “прадалі сваё імя Лукашэнку” (В. Ганчар), ці што “суверэнітэт не ікона, на якую трэба маліцца” і што “суверэнітэтам можна ахвяравацца дзеля нечага большага” (Д. Булахаў).
У пачатку прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі я нечакана спаткаўся ля Дома ўраду твар у твар зь Віктарам Шэйманам (ён лічыўся ў “Дэмклюбе” і ў БЗВ). Шэйман пачаў апраўдвацца: “Выбачайце, што я ў Лукашэнкі, бо перамагчы кебічаўскую банду зможа толькі ён. Я толькі дзеля гэтага. Вы ня зможаце – у вас сумленьне, яны вас проста заб’юць”. “А як жа Беларусь?” – спытаў я. “Кебіч здасьць Беларусь”, -- быў адказ.
Была і такая здрада. Здавалася б, “чэсны афіцэр”, здавалася б, “за Беларусь”. А на справе ... Што на справе?! А на справе – прыклад, ілюстрацыя, як прадаецца душа д’яблу.
Захоп улады
Адраджэньне беларускага нацыянальна-вызвольнага руху (БНФ) і аднаўленьне незалежнасьці Беларусі сталася поўнай нечаканасьцю для Масквы. Па ўсіх рэляцыях, меркаваньнях і справаздачах розных расейскіх “аналітыкаў” і “ціхачоў” беларуская нацыя была ўжо імі зьнішчаная, раздушаная і пахаваная. Заставалася (як яны думалі) толькі дачакацца яе канчатковае фізічнае сьмерці. Але здарылася “асечка” ў “аналітыкаў” – нацыя аджыла (і будзе жыць!). Прычыны “асечкі” былі грунтоўна прааналізаваныя ў Маскве, зробленыя высновы. Неўзабаве пачалася палітычная агрэсія.
Стаўка была на захоп улады ў Беларусі праз савецкі КГБ, які поўнасьцю кантраляваўся спэцслужбамі Масквы. У 1994 годзе улада ў Беларусі была перабрана агентурай дэмакратычным мэтадам (з выкарыстаньнем дэмакратычных механізмаў). На пасаду прэзыдэнта Беларусі быў прыведзены “свой” чалавек (КГБ плюс савецкая мэнтальнасьць). Маскоўцы не стамляюцца называць яго “нашым” (“Коммерсант” і інш.). Пачаўся ўнутраны захоп беларускай улады прамаскоўскімі стаўленьнікамі, расейцамі (войска, КГБ) і функцыянерамі расейскай разьведкі.
Пра тое, якія Масква зрабіла высновы пасьля паражэньня ў Беларусі (на пачатку 90-х гадоў) сьведчыць дзейнасьць і палітыка цяперашняга прарасейскага акупацыйнага рэжыму. Беларуская рэчаіснасьць ёсьць хрэстаматыйная ілюстрацыя таго, якімі мэтадамі расейскі рэжым вынішчае культурны народ. Выразна відаць праграма, мэта і пасьлядоўнасьць разбуральных дзеяньняў, шырокі ахоп у ліквідацыі цэлай нацыі і нацыянальнай дзяржавы.
Тактычныя задачы ўкладваюцца ў пасьлядоўную хроніку ўсталяваньня прамаскоўскага рэжыму, цалкавітага захопу і ўмацаваньня рэжымнае ўлады, стварэньня кантролю над грамадзтвам. Пасьлядоўнасьць і паралельнасьць дзеяньняў пасьля легальнага захопу ўлады ў Беларусі вынікалі з антыбеларускай зададзенасьці працэсаў. Першым дзеяньнем новага стаўленьніка (ўжо праз тыдзень пасьля ўступленьня яго ў пасаду) было навязваньне кантактаў з Масквой і падрыхтоўка Беларуска-Расейскай дамовы “аб дружбе” і аб сумесных дзеяньнях у палітыцы. Наступным дзеяньнем стала ажыцьцяўленьне кантролю над сродкамі масавай інфармацыі, затым – кантроль над заканадаўчай і судовай уладамі, усталяваньне новых структураў і новага заканадаўства, якое абгрунтоўвала б і апраўдвала б сістэмныя перамены ва ўладзе і антынацыянальны характар рэжыму.
На гэта пайшло два гады. Выключна палітычнымі мэтадамі з выкарыстаньнем адміністрацыйнага і сілавога рэсурсаў улады і з паламаньнем права былі ліквідаваныя дзяржаўныя нацыянальныя сымвалы краіны, зацьверджана русіфікацыя (уведзена фармальнае двумоўе), адменена дзеючая Канстытуцыя і незаконным спосабам уведзена іншая, пераразьмеркаваныя функцыі ўсіх структураў улады, створана цэнтралізаваная сістэма ўладнай “вертыкалі” і ўнутраныя сілавыя кантынгенты, накіраваныя на абслугоўваньне гэтай цэнтралізаванай гіерархіі, праведзена кадравае напаўненьне ўладнай сістэмы людзьмі антыбеларускай прарасейскай накіраванасьці і агентурай расейскай разьведкі, усталяваны падвойны дзяржаўны бюджэт, кантраляваны выключна адной асобай, у руках якой апынулася ўся палітычная, заканадаўчая і выканаўчая ўлада.