Аб’яднаньне супраць рэжыму ў Беларусі ня можа быць на аснове непрадрашэнства, бо канфлікт з рэжымам Лукашэнкі – гэта ёсьць канфлікт з Расеяй, дзе пытаньне гарантыяў незалежнасьці ёсьць галоўным. “Непрадрашаючы”, можна толькі зьмяніць адну акупацыйную ўладу на другую акупацыйную ўладу, як правіла, на яшчэ горшую.
Перад выбарамі
Перад выбарамі абвастрыліся ўсе прыкметы акупацыйнай палітыкі. Зноўку Масква ўзялася за падрыхтоўку прыняцьця так званага “канстытуцыйнага акту”, пры дапамозе якога мяркуюць ліквідаваць нашу дзяржаву і незалежнасьць. Рэжым не цырымоніцца таксама ў чорнай прапагандзе. Масква не сароміцца хлусьні. Цэлыя каманды гэбоўскіх “спэцоў” накіраваныя ў Інтэрнэт, працуюць на Інтэрнэт-старонках і на форумах з 8.оо да 18.оо (з перапынкам на абед). Абмяркоўваюць тэмы, кшталту: “Пазьняк – предатель родины”. Адпрацоўваюць аргумэнтацыю і артыкуляцыю зьняваг.
Тым часам на беларускім тэлебачаньні (9 жніўня) паказваюць архіўныя кадры – мой даўні выступ у парляманце і голас дыктара за кадрам: “Пазьняк нядаўна паслаў сваіх эмісараў на Каўказ да Басаева, каб сабраць тэрарыстаў для зьвяржэньня законнай улады ў Менску”. (Няўжо на Беларусі такое яшчэ хто-небудзь слухае?)
У гэты ж дзень 9 жніўня на радыё “Свабода” выступае іншы штатны суб’ект з Масквы П. Шарамет. Гэты – агучыў старую гэбоўскую міфалягему, якую некалі, у 90-х, даручылі агучваць, відаць, А. Фядуту. Той спачатку папісваў, але потым пераключыўся на іншыя распрацоўкі. А міфалягема такая: “Пазьняк і Лукашэнка – ворагі беларускага народа”, “Пазьняк і Лукашэнка – гэта адно і тое ж”. Канструкцыя накіраваная, здаецца, на абалваньваньне маладых.
Адначасна на гэтую ж тэму і з гэтай ідэяй выступае ў “Народнай Волі” трэці пастаянны “пісацель” Ю. Хадыка. Гэты нават спасылаецца на Фядуту, маўляў, Лукашэнка і Пазьняк “блізьняцы-брацьці”, плюс “нарцыс”. З гэтай нагоды чакаецца яшчэ выступ С. Букчына, які спэцыялізуецца па абзываньні мяне “фюрэрам” (паўтор яшчэ капээсэсаўскіх распрацовак). “Публіцысты” (каманда чатырох) заўсёды пішуць і мовяць супраць мяне разам, “владеют слогом”, цытуюць Пушкіна, Плутарха, Жабацінскага.
Набліжаецца выбарчая кампанія, і зноўку вылазяць дзеці хлусьні.
Інфармацыйныя пустышкі
Расейская агентура і ейныя паліттэхнолягі ў Беларусі выкарыстоўваюць цэлы арсенал абдурваньня грамадзтва, пускаюць розныя інфармацыйныя вірусы, ствараюць міфалягемы, прыдумваюць розныя неіснуючыя гісторыі, разыгрываюць спэктаклі.
Стандартна, калі адбываюцца нейкія заплянаваныя рэжымам падзеі, то, каб запабегчы супраціўленьню і зрыву, прыдумваюць “інфармацыйныя пустышкі” ці падзеі “адцягненьня ўвагі”. Клясычнай інфармацыйнай пустышкай было, напрыклад, зьяўленьне Т. Віньнікавай з “зоны маўчаньня”. У друку пачынаюць на ўсе лады лямантаваць, абмяркоўваць, дуспутаваць, задаваць пытаньні і г.д., хоць ніякай рэальнай інфармацыі ў заявах і ў інтэрв’ю Віньнікавай не было, адна пустата. Але гэты псэўдаінфармацыйны ажыятаж адцягваў увагу грамадзтва ад іншай падзеі, якую рэжым хаваў і абрабляў пад мішурой пустазвонства інфармацыйнай пустышкі. Увага грамадзтва ў гэты час пераключалася на пустую інфармацыю.
Першы раз служба, якая вывезла Віньнікаву з-пад арышту за мяжу, выпусьціла яе 8-га сьнежня 1999 года у той дзень, калі Ельцын з Лукашэнкам падпісалі антыканстытуцыйны акт аб стварэньні так званай беларуска-расейскай “дзяржавы” (“саюзу”). Былі пікеты і нешматлікія дэманстрацыі супраціву ў Менску. Але ўвесь гэты антынацыянальны факт, увесь гэты вар’яцкі антыбеларускі ўчынак адышоў тады на трэці плян, патануў у журналісцкім пустазвонстве вакол інфармацыйнай пустышкі Віньнікавай, пасьля чаго Віньнікаву зноў надоўга схавалі. І так зрабілі, здаецца, тры ці чатыры разы, пакуль увесь тавар ня выйшаў у расход.
7-га ліпеня гэтага года нейкі амапавец у Менску ўдарыў кулаком у твар жанчыну Сьвятлану Завадзкую. Выпадак агідны і дзікі. Цэлы месяц ў пэўных колах у Маскве, Менску, Празе і Брусэлі і г.д. не сьціхалі гаворкі, абурэньні, заявы, рэзалюцыі з гэтай прычыны, казалі пра парушэньне парвоў чалавека, зьверскасьць дыктатуры, апэлявалі да Масквы і г.д. Дарэчы, калі ў Расеі забіваюць беларусаў ці спрабуюць забіць у Менску кіраўніка Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ Юры Беленькага (2000 г.), ці кідаюць у засьценкі хворага і гераічнага Ўладзімера Плешчанку, ніхто ў Эўропе не лямантуе. Яны гэтага ня бачаць. А тут такі лямант? Зрэшты, мы ведаем, што такое ў Эўропе падвойны стандарт. Гэта галоўная рыса лібэральнай палітыкі – ілгаць альбо замоўчваць пра ўсё, што не адпавядае іхным паняцьцям.