Выбрать главу

Ян Чыквін

СВЕТ ПЕРШЫ І АПОШНІ

Падрыхтаванае на падставе: Ян Чыквін, Свет першы і апошні — Беласток: Беларускае Літаратурнае Аб’яднанне Белавежа, 1997. — 54 с., Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання Белавежа, Серыя заснавана ў 1990, Кніга дваццатая

ISBN 83-85918-12-4

© ePub: Камунікат.org, 2012

Свяшчэнны дождж

Дажджу не хочацца шумна ісці, Таму паціху тупоча, сівенькі. Вясны панаднай гонкія касцы Ваду, што скосяць, то збяруць ў сявенькі.
А ў маім доме гасне хатні агонь — Ад розуму халоднага ці, можа, ад слязы? Хоць ты падай, вясна свяшчэнная, мне сваю далонь І таямніцу выяві жыцця — каб жыць.
Святлее дождж, какетліва ўглядаецца ў ваду, Ў якой мігціць яго крыштальная прыгожасць, І звонка харашынь сваю ён множыць, Загледжана-заслуханы ў сімфонію сваю.
У гэтай музыцы, дакорнай і шчымлівай, Ёсць цень адной заплаканай жанчыны. Яна ка мне прыходзіць напамінам неспакойным, Вяртаецца й бруіць, па той бок шыбінаў ваконных.

* * *

Тужу па зялёнавокай князёўне, Як вернік тужыць па царкоўным звоне.
Іду на гасцінец, выглядаю, клічу, А мая князёўна хваляю на Пцічы.
А мая князёўна у вятроў сястрыцай. І вярбою ніцай богу ёй маліцца.
Ах, жыцця чужога ёй ўжо не пазбыцца! А свайго не хопіць — каб жыццём нажыцца.
Тужу па зялёнавокай князёўне Я клёнам адцвілым у пройме вячорнай.

Жальба неадпаведнасці

(або скарга дрэва закаханага ў дзяўчыну)

Расту да цябе я Зялёнымі ўсхліпамі, Пошумам мысляў маіх.
Цягнусь наўздагон Блакітнай гатычнасці дзён — Не нашых... хоць бы на міг!
Маё раскрытае неба Плыве над табой у нябыт Набраклаю кнігай тугі.
Між намі завалы прастораў, Між намі планідаў кругі Звіваюць яснасць жыцця у сутонь,
У дымныя дрэваў ствалы, Што вышэй ды вышэй Імкнуцца ў нябесны агонь.

Пацалунак

Як пляснуў тройчы пацалунак на пероне, “Едзь абы-куды!” — прашамкаў з рэзігнацыяй Мужык павешаны на слупе-клёне. І, засмактаўшы мой даношаны касцюм і цела Ў сваё дрыготкае, здранцвелае нутро, Адзін цягнік, відаць, найгоршы, нетутэйшы, Пацягнуў — рук разрываючы падковы — Сваім імпэтам ў найчарнейшую дарогу, Па якой асуджаных на несціханы перастук калёс Вязуць-адвозяць-возяць у непамяць, ў сена-гора, У іншы бок жыцця, дзе клеіцца і моршчыцца сутонне, Дзе поранкаў спаволеных няма і радасці ад захаду нябёс, А ёсць адна загубленая ў космасах прастора, Нібы навечна куплены білет — той пацалунак на пероне.

Кветка болю

... за кшталт тваіх далоняў, што атулялі мяне ў месцах найбольш збалелых, за вызваленне мяне ад цяжару быць самым сабою і супраць сябе, за лыжку ажыўляючай вады і за саломіну, якую падалá, калі знясілены калодаю ляжаў, стары і недарэчны, за музыку прытульную тваіх званкоў-грудзей, што павялі праз лабірынт асвежаных падумак цела, за човен твой, а стырнікам якога ты мяне зрабіла, каб змог вярнуцца йшчэ ў жывых краіну, за сон саснёны пра мяне, хоць без мяне, і за мальбу тваю у прыцемках святыні, каб вывеў нас з даліны плачу, за кветку, што ў табе ужо расце, пасеяная мною з болю кветка болю, за кнігу адыходу і вяртання, што поначамі пішаш аба мне сабе, забыўшыся пра кон Александрыйскай бібліятэкі, і за развітальнае тваё слаўцо, якое капнула ў разораную намі глебу суму-вечара слязінай абмірання або нараджэння — ахавальніца жыцця, я дзякую табе.

Impromptu

Чый зманлівы там сеў вачэй І чый сеў рук-махлівых крыл?
О, каб — не могучы — магла Ты целам быць маіх касцей!
І каб была ў сабе маёй, І — ад пачатку — нічыёй!