Каб кожны раз начэй імгла
Была табе і мне натоленаю
Жарсцяй мук...
За думкай нейкі вобраз-мысль цячэ —
Нібыта хоча штось адкрыцца мне на міг
Далёкім бляскам-спевамі тваіх вачэй,
Жаночай музыкаю рук тваіх.
Чараўніца
О, разумная галава,
Чараўніца зялёнага луга!
Твая зрудзелая трава
Пад маім буйнее плугам.
І вішні глядзяць на сад,
Дзе сцелецца вільгаць-раса.
Дзе шчодра-акруглыя сферы —
Свеціцца музыкай цела.
О, ўласніца ног, жывата,
Наезніца дзіўнай пагоні!
Чым болей корміш атавай,
Тым няўрымслівей коні!
Жураўлі
Ляцяць жураўлі ў цёплыя краі
Праз Крым:
Крум-крам,
Крум-крым.
Праз Крым
Ключамі адлятаюць.
То ў Пакістан, то над Ніл
Праз Крым:
Крум-крам,
Ку-гіл, ку-гіл.
Клінам пралятаюць.
З Бацькаўшчыны ў Кувейт
Праз Крым:
Крум-крам,
Ку-гіл...
І ўсё далей, усё слабей:
Ку-гіл,
Крум-крам,
Ку-гіл.
Асіметрыя
з ліста жанчыны
Люблю я гэты свет,
Шкадую гэты свет,
Сумую па пяшчоце.
На тым сябе лаўлю —
Тваімі словамі малю,
З табой сама сабе адпавядаю.
Будзь ласкавы, мой свет,
Трымай мяне ў руках —
Я вельмі ад цябе залежу.
Ў табе ёсць, свеце, ўсё,
Каб я была шчаслівай,
Бо ты — мая сапраўднасць.
З табой адным хачу сустрэч —
Цвітуць ў чаканні кветкі пачуцця,
Я адчуваю пругкасць гэтага памкнення.
Замест хаваць ў грудзях адчай,
Пакінутасці боль, самоту —
Кахай мяне, кахай, кахай!
Сваім жыццём маё жыццё
Не адкладай на потым —
Пакуль ліпнёвы мёд у сотах.
Люблю я гэты свет,
Шкадую гэты свет,
Хачу тваіх пяшчотаў.
У альбом
на дзень нараджэння Г.
Жыві, жыві, прыгожае тварэнне!
Шчаслівай будзь ад дотыкаў Жыцця.
Няхай жа збудуцца ўсе твае памкненні
І нашых дзён — хай доўжыцца працяг.
* * *
Свяча рассвятляе ноч.
Ноч паглынае свячу:
Клюе птах ружовы куст.
Паэт і муза
Калі, забіты ў кут, ад года я усё пісаў адзін радок,
Летуценячы здабыць той лаўравы вянок,
Прыйшла ка мне і села муза. Села пад іконай.
І глянуўшы, як у ваду, ў мае паперы,
Адкрыла вокны, адчыніла дзверы,
І прохаладзь хлынула вясновая,
І з яе спакойна-светлага аблічча
Капнула слязіна.
“Ці ўбачыць?.. Ці пакліча?..
Паблагаславіць мо мяне?.. Ці папракне?..
На вуха тайніцу шапне
Ці скрутак спісаных законаў
Абыякава уручыць мне?..”
Прамовіла:
“О, мілы Божа, як жа ты спанеў
І непрактычны стаў.
І хоць цяшы цябе, хоць рэж,
Нішто табе сям’я і дом, і мае раны...
Ты ў іншу, хлопча, закаханы
І ўжо не пазнаеш мяне.
Глядзіш — і не бачыш,
Што маеш і траціш.
А з замужняй, той мурзаю,
Ні дня не пражывеш.
І ночны час — не час без ласк
Жывой кабеціны...
Праўдзівых муз цяпер нямаш
На нашым подлым свецені!”
* * *
Брат шапку скінуў —
і прыйшла вясна.
Ўзмахнуў рукой —
зазелянелі нівы.
Кашулю зняў —
і вырасла трава,
закаласіла жыта.
Запрог каня —
і жаць пайшлі
стальныя рукі,
вязаць і малаціць,
капаць і звозіць.
Ячмень, пшаніцу і авёс
сталёвы конь прывёз —
што ў свіраны, што ў клуні,
дзе да кружэння галавы
гара стаяла сушанай травы.
А каб прыйшла зіма,
шапку брат надзеў, аднак.
З даўняй кнігі
Дзе неба сыпле сіні дождж надзей,
за горадам аддаленым кнігу я раскрыў:
чытаю лес, чытаю трапятанне крыл,
старонку поля сыпкага — стары запылены раздзел
фаліянта даўняга з малюнкамі астылага цяпла,
з гравюрай радасці мінулай-цьмянага былля.
Чытаю сцежак кволенька пазначаны сюжэт,
дзе паабапал сум пасеяны і мітусня
і дзе, рассеўшыся, сядзяць усе відовішчы жыцця
і, што было раней не помнячы, тахтоляць свет.
Мяне не цешыць гэткая бяздушная радня.
Мне — каб паспець натрапіць на адно імя
запісанае мне у гэтай кнізе Вышняй воляй.
І, з кнігі вырваўшы, увесці ў свет людзей,
дзе неба нам дазволіць полымем маім
яе агонь абняць...