Выбрать главу

Сучасная Ніке

Меднавалосая Ніке ішла прада мной. Яе шавялюра дымілася пахам маёй даўняй спадзевы, Што ёсць іншы свет, недзе там, за сёмай ракой: Рухліва-прынадны і першаісна-боска-напеўны, Дзе ў жывых кругах нагрэтага святла Расхінутыя свету па-дзіцячы душы;
Куды, аднак, ніколі не ступіць мне, нават ў снах. Ішла, крылатая. Мой цень — за ёй, меднавалосай, Той, што адтуль з’явілася, мабыць, на міг, Каб абцякальнымі абрысамі акругласцей сваіх, Перамагаючы, тутэйшае жыццё наўкольнае абагавіць.

* * *

Рыжы, пахучы мёдам гародчык, Геаметрычны спакой, летні одум.
Але пыл смутку, трывожна-пякучы, За сэрца сціскае Зялёным вянком прахалоды: Мая хата з дажджу, Мая хата стаіць пакрыёму.
Увайдзі, маё сонейка, ў дом, Сонцанятам будзь ў маім доме!

* * *

О, як гады празрыстыя ляцяць, Калі, у позні час жыцця, Любоў шалёная прыходзіць.
Як ранняй слодычы вяртаецца ажур, Як маладосць варушыцца на сподзе!
Як хочацца душэўнага цяпла І шчасце шчасцем затрымаць!
Але няма спагады у прыродзе. На свеце радасці няма. Ёсць толкі полымя адно, гарачае, Якім гарыць і неба, і зямля.

Выпрабаванне спакусай

Самота стукае ў дзверы, самота ўваходзіць у дом і ў маю чашу жыцця, налітую спаўна, кладзе жывы пялёстак ружы колеру вуснаў жанчыны распуснай.
А мне мілейшае маўчанне палыну, мне слодычу — ажухлая цыкута.

* * *

Жанчына, што нечакана выйшла з рамы вечнасці ў мой злічальны час, была Дзевятай сімфоніяй Бетховена ін мінор.
У голасе яе гучаў далёкіх продкаў хор. І ў гэтым хоры, вельмі паволі і пявуча, яна ка мне плыла па моры усёй постаццю дзявочай.

Чалавек дажджу

Дождж ідзе на маю галаву пахмурна-навесны, Дождж-напамін пра хуткаплыннасць светлаблакітнай песні.
Дождж ідзе. На маю галаву. Дождж серабрыставалосы. І сплывае як ласка і глыбейшыя сэнсы маўклівых нябёсаў.
Дождж ідзе і хвалюецца сам і мяне ён хвалюе да плачу, Шапаціць над маёй галавой як дакор мілагучны маці.
Ідзе дождж як не дождж — на маю галаву сыплецца шкліва Нараканняў далёкіх і блізкіх людзей і праклён іх шчаслівы.
На маю галаву дождж ідзе. Дзень у дзень, дзе ні дзенься, І плёхае следам па мокрых слізгах майго неадбежнага ценю.
Дождж празрыстаю песняй з вільготных аблокаў ідзе... І я, родным ахутан макроццем, іду па плыткай, звонкай вадзе.

Паводле Іова

Летась добра было. Сонца папераменна стварала дзень і ноч. Нумараваныя дні праміналі нябачна, няўхільна і без майго намагання. І ночы штоночы жыццё вышывалі жывою мярэжкай — без майго намагання. І без высілку майго дождж ішоў і пясок асыпаўся з магіл, і ткаўся лугамі з гаючых траў кілім. І рыба жыла, без мяне, у вадзе, і птушкі будавалі гнёзды. Наўздзіў наўкол сады цвілі і па далінах коней табуны ганяліся за табунамі жарабіц.
Я непатрэбны быў, здавалася, нідзе нікому ў гэтым свеце, першым і апошнім.