Выбрать главу
Дзеці спяць на падлозе, Як авечачкі, збіўшыся ў кучу. І зноў адно з іх не можа Упасці ў сонныя травы, У матчыных рук калыханне — Вочкі трэ ўласнаруччу.
Як цвет яблыні танклявай, Душа дзіцяці светлай плямай Спаўзла са столі і па сценах Паволі йшла дрыжачым бляскам Да сонца звабленага шклянкай, Туды, дзе жыў срабрысты ляскат.
Дайшла — і ў зіхотныя промні апала... І трэск па шкле зышоў авалам.

Шпіталь

Зверху востра сляпіла святло. Прыціснуты к цвёрдай паверхні, Я пусткай валодаў сваёй, Крыкам я быў, і крык быў тлом. У балесна-імглістай лагодзе, Вільготнай гарачцы сноў Мне рукі забралі абедзьве, найменей, І вярбе аддалі за акном. Галяк, што ірве апендыцыт, Бы шылам — пальцамі: цыт і цыт! А прага размовы ў прыродзе — Як жэрдкі і белага пеўня Ці выбітай шыбіны з клёнам. Таму там на голлі зялёнай слівы Вешаўся нехта вельмі шчаслівы, А побач кнігу пісаў шалёны.
І такая там ціш адхімічана, Што ў тэрмометрах топіцца ртуць І чутно — з начнікамі начніцы Усё сарочкі вар’ятам ткуць.

* * *

Матэрыя — прадметы, рэчы вельмі любяць, калі іх кранаюць, гладзяць, выкарыстоўваюць, перастаўляюць, папіхаюць, таўкуць, націскаюць, круцяць да сёмых патоў і разаграваюць да белай гарачкі.
Прадметны свет штодня, кругласутачна дамагаецца чалавечай рукі, цеплыні ягонай душы. Чапляецца чалавека, не адпускае ад сябе, засмоктвае, хоча — у рэшце рэшт — прыпадобніць да рэчаў у сябе.
Браты мае і сёстры.

Канец эпохі

Навокал чужыя вочы і слоў калючых калоссе. І сутунак — ні блакітнага неба, ні светлых даляў. Жоўты жах развесіў на грудзях свае медалі і здзірае з галавы апошняе валоссе.
Як скінуты нагою ў рэчку камень — зляцелі ідалы з высокіх пастаментаў.
Цемра свой сум адкусіла з хрумстам — і ноч выварочваецца з чорнага глупства.

Лясное возера

Чаму ў жвіроўні вечнасці Затрымаліся часу стрэлкі Перад зенітам поўдня — Нібыта боязна чакаючы кагось, Хто меў з’явіцца вось, Ды не з’яўляецца ў тым чалавечым пекле.
Па той бок, там, калосяцца жыта І воды з мёртвых лечаць, І галавастых шчасця сысуноў Штодня выводзяць прамяністыя кабеты. А тут — перамяшчэнне душ адно Ў цырульна-сцішаным паветры. Шкілеты іх на могільніках гаманяць, Апраткі чорным болем свецяць.
Як возера лясное, над якім Вісіць бяссмертнікам Кашчэй, Не мрэ і не жыве зачараваны край Аблакітненых вачэй — Ні хваль на ім перастваральных, Ні ў тонях вадакрутаў хоць бы паўжывых...
Рукой дрыжачай я кладу, Айчына, На твар твой свята-светлыя крыжы.

* * *

ля помніка Пілсудскаму у Беластоку

Пілсудскі-дзед глядзіць на ўсход. З намі ён быў ці толькі марыў Польшчу пабольшыць на тлусты кусок, А калі не — множыць смерць і пажары?!
Гарыць усход у бронзавых вачах, Але жалезнаю нагой не ступіць кроку. І будзе так стаяць — з галубамі на плячах, Скамянелым гістарычным вадасцёкам.
І вечна будзе бачыць, як з турэмнай брамы З песняй “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” Паэта цень выходзіць ў бел-чырвона-белае убраны...

* * *

Покуль у невады вечныя дзённае сонца Не злоўлена сонцам счарнелым, З свету зыходзячы я астаўлю красу найпрыгожую — Бляск жыватворнага Немага.
Цела з праменняў ягоных было далікатным І гнуткім, як чыстага золата пробы. Рукі былі, каб лавілі гасцей наймілейшых — Ганцоў светланосных — паўсюды, заўсёды.