Выбрать главу

Дамоў прыйшоў прыгнечаны, зусім адрынуты. Жонка таксама была не ў гуморы, бо не чакала, што затрымаюся ў першы пасля камандзіроўкі дзень. Не спытаўшы, дзе быў, яна адразу заявіла, здзівіўшы мяне сваёй катэгарычнасцю,— што ёй ужо абрыдла лётаць па Мінску і шукаць работу; тут жа папрок і ў мой адрас: журналіст, прыкметная пасада, называецца,— не можа ўладкаваць родную жонку. Я паўтарыў тое, што ўжо гаварыў, калі неслі заяву на шлюб: чалавек я зусім не практычны, не прабіўны, ва ўсякіх афёрах — круглы нулік. Тады яна, помніцца, адпарыравала — не ў гэтым, маўляў, бачыць вартасць мужчыны. Цяпер, здаецца, яна пярэчыла сабе, падмацоўваючы ўва мне думку, што шчасце з жанчынай салодкае толькі ў марах. І ўсё-такі я разумеў жонку і дарэмна на яе крыўдаваў: яна ўжо хадзіла цяжарная на пятым месяцы, і гэта было прыкметна нават не вельмі дасведчанаму воку, не кажучы ўжо пра начальніцкае.

Я ўзяўся даваць ёй парады, але, мабыць, зусім наіўныя, бо яна тут жа іх адмятала. Мы размаўлялі, мусіць, нястрыманымі галасамі, бо да нас заглянуў Андрэй — ён прыхварэў, хадзіў з абвязанай шыяй і шморгаў носам.

— Можна? — спытаў ён, асцярожна падступаючыся да канапы, на якой ляжала жонка. Я ўсё яшчэ даказваў ёй, што не варта хаваць цяжарнасць, бо па закону цяжарных жанчын павінны браць на працу ў першую чаргу. Жонка, захінуўшыся газетаю, адно пасміхвалася — яна саступала, і гэта мне падабалася.

— Не клычыце на цёцю Галю. Дзядзя Алесь, не клычыце на цёцю Галю. Яна класівая, безабалонная, бедненькая, я не дам яе ў клыўду...— Андрэй сеў на канапу і з асуджэннем, якое дзіўна межавалася з рашучасцю і страхам, утаропіўся на мяне.— Я люблю цёцю Галю, яна базабалонная...— Ён падсунуўся да жонкі ўшчыльную і глядзеў ёй у твар бліскучымі вачыма, дзёрзка і пяшчотна адначасова, мабыць, не асмельваючыся пацалаваць. Жонка, я бачыў, адчувала сябе няёмка, яна, бедная, аж пачырванела, бо няцяжка было ўявіць у гэты момант, што да яе лашчыцца не хворае дзіця, а чужы мужчына. Гэтая нечаканая сцэнка і памірыла нас, падліўшы ў сэрцы абаіх чуллівасці і пяшчоты. Андрэй выйшаў, і я зачыніў дзверы.

Мы ўключылі таршэр, які падараваў я жонцы на дзень нараджэння. Блакітна-зеленаватае святло ад яго запоўніла ўвесь пакой, і ён стаў падобны на вялікі акварыум. Я сказаў пра гэта жонцы і, прытварыўшыся марскім богам Пасейдонам, жартаўліва прапанаваў ёй пабыць у ролі жанчыны-русалкі, што выходзіць з вады ў штармавыя ночы.

Яна згадзілася.

...Я з’ехаў вуснамі з яе вуснаў на шчаку, потым на шыю і плячо, не перастаючы лёгенька цалаваць, пакуль не адчуў у роце цёплую шурпаценькую ягаду саска.

У нас была ноч надзіва спакойнага, глыбокага сну.

Раніцаю жонка, выпраўляючы мяне на працу, сказала, што сёння ў свой паход адзене штаны: маўляў, раз у штанах — не падумаюць, што цяжарная. І я зразумеў: учарашняя наша размова ёй не забылася і не ад згоды са мной яна замаўчала. Мусіць, чым больш чалавек кахае, тым больш у яго душы знаходзіш супярэчнасцей.

У абед, не дачакаўшыся вечара, жонка пазваніла мне ў рэдакцыю і сказала, што ўладкавалася на завод медпрэпаратаў. З мяне акурат звалілася гара, хоць жончыны словы і гучалі папрокам.

Я ішоў дахаты радасны, нягледзячы на непагадзь. Нечакана пацяплела, такія перапады ў апошнія дні бывалі часта. Снег стаў вадзяны, раскіслы, і ногі скрозь прамоклыя чаравікі адчувалі сырасць; устрывожыўся, каб, чаго добрага, не захварэць — пайшлі чуткі, што па Мінску ходзіць нейкі трохвірусны грып. Можа, во і Андрэй падхапіў яго — бедны, мала яму пакут.

Я завярнуў у гаспадарчы магазін і купіў спецыяльнай паперы для аклейкі вокнаў — скручаныя ў рулончык вузкія паскі. Клейстар мы зрабілі самі з мукі і ўвечары аклеілі акно. Прапанавалі сваю паслугу і гаспадыні, ды яна адмовілася: маўляў, усё роўна дзверы на балкон аклейваць не будзеш. Я турбаваўся не за сябе, а за жонку: ёй хварэць, ды яшчэ небяспечнымі інфекцыйнымі захворваннямі, ні ў якім разе нельга.

 

VI

Пасля таго як жонка ўладкавалася на працу, нам весялей стала жыць. У выхадныя, а то і ў будні вечар, мы спакойна маглі схадзіць у кіно, тэатр,— над намі не вісеў той ранейшы груз няпэўнасці, які ўтрымліваў ад усякіх пагулянак: жыццё не наладзілі, а па кіно расхаджваеце.

А тыдзень таму я прачытаў на рэкламнай тумбе аб’яву: у тэлестудыі адбудзецца сустрэча з маім любімым паэтам. Здаецца, мары суджана было спраўдзіцца. А як жонка? Я амаль не сумняваўся, што і яна захоча пайсці на сустрэчу. Нізашто яна не ўпусціць гэты шанец пабачыць славутага чалавека, каб потым дзе-небудзь у кампаніі казырнуць. Яна не хацела зводзіць сваё жыццё да быту і кухні, яна цікавілася навінамі культуры, літаратуры, нават эканомікі. Пры вонкавай усяеднасці яна мела добры густ і з патоку інфармацыі, кніг, відовішчаў умела выбіраць карыснае і сапраўднае. На танныя прыёмчыкі яна, здаецца, не клявала.