Выбрать главу

Паэт аказаўся весялейшы і рухавейшы, чым я ўяўляў яго па фотаздымках. Яго засыпалі пытаннямі, самымі рознымі, ад сямейна-бытавых да палітычных, і ён амаль не чытаў сваіх вершаў. Жонка таксама падала запіску з пытаннем: «Якое, на Вашу думку, уздзеянне твораў Томаса Мана на моладзь?» Адказ яго быў звычайны: толькі станоўчае, геній не можа інакш уплываць, нават сваімі памылкамі.

Паэта здымалі трыма камерамі, адна з якіх увесь час паварочвалася на гледачоў — яны сядзелі паўкругам, у некалькі радоў і на рознай вышыні. Жонка шчыра, па-дзіцячы радавалася, што трапіла ў камеру і яе пакажуць па тэлевізары. Можна ўявіць, з якім нецярпеннем яна чакала гэтай перадачы, якая мела назву «Ліра».

Чалавек можа стаць і пастаяць на месцы, тады як жыццё не мае супынкаў, падсоўвае кожны дзень нечаканасці. Мяне выклікалі ў ваенкамат — спярша ў раённы, затым у абласны. У раённым гутарка была кароткая: прапаноўваем вас на афіцэрскую пасаду ў радах Савецкай Арміі. Ну і давер! Я не стаў нічога тлумачыць, разумеючы, што ўсё вырашае абласны ваенкамат.

Я прыйшоў да ваенкамата раней дзевяці гадзін. На вуліцы сыпаўся лёгкі снег, паветра было сухое, падфарбаванае пяшчотнай жаўтаватай імглою. На старой ліпе каля будынка ваенкамата сядзелі, натапыраўшыся, маркотныя чорныя, як бы толькі што вылецелі з коміна, галкі. Недзе ў снегавой белізне адзінока ф’юкаў снягір.

У кабінеце начальніка палітаддзела сядзела група людзей — падпалкоўнік, два маёры і тры дабрадушныя сівагаловыя ветэраны. Я адно адказваў на пытанні, за мною запісвалі без усякіх агаворак, а калі сказаў, што ў мяне бацька інвалід вайны другой групы, а старэйшы брат маёр Савецкай Арміі, усе з камісіі, як адзін, красамоўна хітнулі галовамі, і я зразумеў, што мая кандыдатура адпадае. Шчыра кажучы, гэта мяне засмуціла, бо я наладзіўся ўжо на службу, абмеркаваў з жонкаю, як і што мы будзем рабіць. Цяпер, выходзіла, трэба зноў вяртацца да ранейшага рытму жыцця. Такія скачкі я заўсёды пераносіў пакутліва, а жонка, напрыклад, любіла вострыя адчуванні і з ахвотаю сама сябе на іх наводзіла. Інакш я і не расцэньваў яе смеласць паехаць у камандзіроўку. Спачатку я быў катэгарычны: «Цяжарную, цябе не маюць права пасылаць без тваёй згоды!» — «А хто табе сказаў, што я не згодна?»—Жонка бесклапотна ўсміхалася: маўляў, ты ўвесь час ездзіш, а мне і разу нельга. Я не разумеў яе: хіба тут месца жарцікам? І тады жонка ўжо зусім сур’ёзна паясніла, у чым справа,— ёй даверылі, узялі на працу, і яна не хоча быць «свінтусам грандыёзусам», адразу станавіцца ў позу, навязваць свае ўмовы, сумленне пакуль яшчэ не згубіла. Мне нічога не заставалася, як згадзіцца з ёю — яшчэ і таму, што тут заявіў пра сябе нядрэмны эгаізм чалавечай натуры: аднаму, без жонкі, увечары мне лепш працавалася.

Першы ж дзень, як толькі жонка паехала, Люба, тоячы ў вачах усмешку, шматзначна спытала ў мяне: «Адправіў Галку ў камандзіроўку, так?» Я зразумеў, на што яна намякае: маўляў, адпраўляй-адпраўляй, толькі потым не здзіўляйся, чаму жонка стала халодная да цябе. Люба, як жанчына, мела вопыт вялікі, яе можна было слухаць. Але ж яе меркаванні не маглі быць праўдзівымі ў кожным канкрэтным выпадку, і не маглі пераносіцца на нашы з Галяю адносіны, у шчырасці якіх я ні разу не засумняваўся, бо пажаніліся мы без усякага разліку, які так раз’еў душы цяперашніх маладых людзей. Мне заўсёды з усмешкаю прыгадваецца тралейбуснае знаёмства адной парачкі. Ён — у дублёнцы, андатравай шапцы, з вусамі, самазадаволены, пытае ў дзяўчыны з тонкімі рысамі твару, пяшчотнай скураю і наўмысна падвышаным галаском: «Дача, машына ёсць?» — «А як жа!» — «Кватэра — плошча?» — «Асабняк».— «Дываны, золата?» — «Без іх цяпер нельга».— «Колькі грошай на кніжцы?» — «Бацькі трымаюць у тайне».— «Чым харчуецеся?» — «Асятровай ікрою».— «Дзе працуюць бацькі?» — «Тата ў рэстаране «Космас» бармэнам, мама прыёмшчыцай шклатары...» — Яна адказвала дзе жартам, дзе ўсур’ёз, але заўсёды — відаць было — ганарылася сваім сямейным становішчам і ведала сабе цану.

Дык вось, я верыў сваёй жонцы і нават на каліва не сумняваўся ў яе прыстойнасці, але... Вось гэтае «але» пасля Любіных слоў прымусіла мяне задумацца. У чалавечым жыцці бывае такое: куфэрачак ісціны раптам адкрываецца ключыкам зусім далёкай ад яе, ісціны, дробязі. Не, ніякіх падазрэнняў у мяне не было, я нічога новага ні ў сабе, ні ў жонцы не адкрыў. Але ж павінен я быў задумацца, чаму жонка паехала ў камандзіроўку не абы-куды, а ў Салігорск, дзе — расказала мне яшчэ да жаніцьбы — жыве хлопец, якога яна кахала, пазнаёміўшыся з ім на практыцы пасля першага курса. Выпадкова яна выбрала гэты горад ці не? Для нас настолькі важная была сама паездка, што зусім выпала з-пад увагі не менш важнае, як цяпер здаецца,— куды паездка.