Выбрать главу

І Люба, сама таго не жадаючы, мабыць, без усякага намеру, растрывожыла мяне, і не столькі тым, што абвінавачвала сучасных жанчын у легкадумнасці, колькі сваімі млявымі, мяккімі позіркамі, акурат імі хацела пацвердзіць, што жанчына вельмі спрытная на спакусу чужога мужчыны. Здаецца, Люба ўпершыню так бесцырымонна, як бы з патаемнаю думкаю вывучала мяне, што я ледзь не разгубіўся і стараўся не прыкмячаць яе зацікаўленых позіркаў, каб не адказаць прыязнасцю. Любу гэтая мая закаванасць, бачыў, памалу пачынала раздражняць, голас яе станавіўся чужым і цвёрдым.

Жонка вярнулася праз тыдзень сумная і расчараваная. Стамілася. Без ахвоты, але расказала пра калійны камбінат, дзе правяла ўсю сваю камандзіроўку і дзе сустрэла многіх знаёмых. «Ну а?..» — Я, ведаючы, што і яе былы каханы працуе там, недамоўкаю надаваў пытанню таямнічасці і як бы загадзя адчыняў варотцы для жончынай шчырасці. Яна абыякава махнула рукою, маўляў, усё даўно мінулася, забыта; і я да канца ўверыўся, што жонка не хлусіць, калі яна спакойным голасам сказала: «Ён ажаніўся ўжо і паехаў з жонкаю ў Калінінград...» Не скажы яна гэтага, і я не паверыў бы, што яна не пацікавілася лёсам чалавека, якога кахала. І справа тут не ў жаданні вярнуцца да старога, а ў бяссіллі перад поклічам таго, што колісь хвалявала, забірала пачуцці, крэмзала душу. Мы часта ламаем сабе жыццё тым, што не хочам разумець асаблівасці жывой чалавечай натуры, напрыклад, жаданне жанчыны падабацца мужчынам і наадварот; у ім, гэтым жаданні, заўсёды больш чысціні, чым у вонкавай стрыманасці, ганарыстасці таго ці іншага.

З суботы, калі прыйшла праграма ТБ на тыдзень, жонка не ведала спакою, чакала пятніцу, на якую была заяўлена перадача з удзелам вядомага паэта. Ёй так хацелася ўбачыць сябе з экрана, што, здаецца, яна ці не залішне мітусілася. Можа, дзесяць разоў, асабліва ўвечары, за чаем, пахвалілася Любе. І, мабыць, закранула ў ёй тую ранку самалюбства, якая не балела адно таму, што Люба гаіла яе ўвесь час цвярозай думкаю — трымацца з годнасцю. Ні чым іншым, а толькі гэтым, я растлумачыў сабе Любіну выхадку: яна не дазволіла нам паглядзець перадачу пра паэта. Спаслалася на тое, што па першай праграме ідзе опера Чайкоўскага «Яўгеній Анегін», у якой партыю Анегіна спявае Барыс Штокалаў — яе любімы артыст. Хоць было ўкусі сябе за вуха! Жонка плакала, утапіўшы твар у падушку. Я суцяшаў яе, як мог, турбуючыся ўжо і за здароўе будучага дзіцяці. Жонка абуралася: «Цяжарнай адмовіла? Такі грэх!..» Канечне, мала прыемнага ў Любіным учынку, але ў кожнага свой нораў, а ў гаспадыні кватэры — і пагатоў.

Андрэй — чуваць было — выкрыкваў нешта за сцяною, потым, здаецца, пляскалі далоні, і ён плакаў. Мабыць, абараняў нас з жонкаю.

Мне цяжка было сказаць, што падбіла жонку — ці то гэтае непаразуменне з гаспадыняю, ці мой намер з’ездзіць у вёску, крыху адпачыць, праведаць бацькоў,— але яна неўзабаве заявіла, што, як толькі пойдзе ў дэкрэтны водпуск, адразу ж з’едзе да сваёй маці ў райцэнтр і там будзе раджаць. Нават калі не зважаць на капрызы, то варыянт быў якраз не горшы, бо трывог і хваляванняў перад родамі хапала, і слова маці, сталай жанчыны, было зусім не лішняе, гэта мы абое разумелі.

Люба, мабыць, не вельмі перажывала за свой учынак і нават — відаць было — не старалася шукаць яму апраўдання. Па-ранейшаму, як ні ў чым не бывала, вольна звярталася да мяне і нават да жонкі. Не, яна і блізка не паказвала, што запабягае перад намі. Проста паводзілася так, быццам у яе ўчынку не было нічога незвычайнага, яго трэба прымаць як само сабою зразумелае, як уладнае слова гаспадыні. Бо ніводзін чалавек, беручы кватарантаў, і блізка не хоча мірыцца з думкаю, што трэба ў нечым абмяжоўваць сябе дзеля іх. Ён адно рыхтуецца да барацьбы, што будуць весці ў яго душы самалюбства і тыя светлыя парывы, на якія задумана богам чалавечая душа. Гэтая барацьба, канечне, ішла ў Любінай душы. Люба скаралася, пакуль усё было ціха і прыстойна, а як толькі між ёй і намі ўзнік бар’ерчык, тут жа разняволілася. Не было ўжо чаго хаваць, яна сябе выдала, пэцнула па сваім аўтарытэце і цяпер не баялася, што пра яе падумаюць горш, чым яна ёсць.

І таму я не вельмі здзівіўся, калі Люба прывяла сабе мужчыну. Я пачуў голас: ён быў грубаваты, густы, як у заядлага курыльшчыка і выпівохі. Жонка не магла ўтрываць, каб не глянуць на яго. Знайшла прычыну схадзіць на кухню, дзе Люба гаманіла з кавалерам. Вярнуўшыся, акругліла вочы: «Божа, каго яна прывяла!..» Па яе словах, гэта быў не мужчына, а шымпанзэ. Стары, маршчыністы, з выпуклым тварам і буйнымі жоўтымі зубамі. Праз гэтыя рысы пасля Люба параўнала яго з вядомым італьянскім акцёрам.