Галя спыніла таксі каля вышыннага, на дванаццаць паверхаў, дома, і я таксама вылез, каб адчыніць ёй дзверцы. Галя лёгка і неяк пругка, бы птушка, выбавілася з таксі, нечакана цмокнула мяне ў шчаку і пабегла ў пад’езд, адкідваючы за спіну сумку, якая матлялася спераду. Гэты пацалунак, да якога я аніяк не быў падрыхтаваны, вырашыў усё.
Цяпер Галя была мая жонка, і мы чакалі дзіця, жылі радасцю, якой упіваліся разам і цешыліся паасобку.
Я, трымаючы жонку пад руку і час ад часу зазіраючы ў твар, мала знаходзіў падабенства між ёй, цяперашняй, і той, што ўбачыў на кватэры ў сябра. Вочы ў яе пакруглелі і страцілі вострае святло, у іх як бы засела засмучанасць, насцярога, ці што, скура на шчоках пабялела, стала порыстаю, калі не сказаць — азызлаю. Галя ведала гэта і сама, але настрой у яе не псаваўся, як і ў кожнай жанчыны, якая выношвае дзіця і спакойна, нават з гонарам ставіцца да ўсякіх фізічных і псіхічных змен у сабе.
ІІ
Перабраліся на новую кватэру мы праз два дні. З гэтай нагоды наладзілі вячэру. Люба піла віно маленькімі глыткамі, смакавала яго і амаль не закусвала, зрэдку брала кружочак лімона ці лустачку сухога пашахонскага сыру, які надта хутка выгнуўся бліскучымі палазкамі. Пазней яна прызналася, што захоўвае англійскую дыету, бо ўжо не ўлазіць ні ў адну сукенку. Хмель заўсёды выклікае на шчырасць, за якою абавязкова стаіць споведзь жыцця, і збліжае людзей. Былі амаль незнаёмыя, а ўжо як быццам парадніліся. Люба — украінка, нарадзілася ў Вінніцы. У Мінск прывяла яе вучоба ў архітэктурным тэхнікуме, скончыўшы які, яна не засталася ў сталіцы, як многія яе сяброўкі, а паехала працаваць у Слуцк,— на той час, як і ў школе, рамантыка ўсё яшчэ кружыла ёй галаву і штурхала на рызыку. Дачка ваеннага, яна прывыкла да вандровак, навучылася лёгка заводзіць сяброў і гэтак жа лёгка з імі расставацца, зусім не пакутуючы і не вярэдзячы сябе ўспамінамі.
Яна яшчэ ў школе выспела ў даволі вабную дзяўчыну, можа, нават залішне для свайго ўзросту. У яе былі поўныя грудзі, а штаны, якія тады толькі-толькі ўваходзілі ў моду, як не трашчалі ад улітых у іх моцных, шырокіх клубоў. На яе зырыліся старэйшыя хлопцы, а потым і мужчыны. Люба распавядала пра гэта з несхаваным гонарам, быццам у свеце мала да яе падобных, як і пра тое, што была палюбоўніцаю галоўнага архітэктара горада. Яна жыла ў невялікім пакойчыку ў драўляным доме барачнага тыпу — адна, без нагляду бацькоў; падагрэтай салодкім адчуваннем самастойнасці, ёй было проста прычасціцца да віна, цыгарэты, пусціць да сябе мужчыну, у сябраванні з якім бачыла пакуль адно цікавасць. Але ў тым, як адбівалася ад яго рук, што наравілі абняць яе, у густым бляску яго вачэй і ў ціхім, нейкім пакорна-дзіцячым шэпце знаходзіла яна хвалюючую, трапяткую радасць. Гэтая радасць тут жа прападала, калі мужчына, пакрыўджаны, зачыняў за сабою дзверы. Тады ёй хацелася ўсхапіцца, вярнуць яго і пакінуць у сябе да раніцы, але страх, яшчэ толкам не ўсвядомлены, але няраз так блізка адчуты, стрымліваў яе. І яна ўсю ноч тамілася адна ў халоднай і такой няўтульнай пасцелі, якая глыбока, бы гамак, прагіналася і непрыемна пахла, пахла, пахла.
У Слуцку яна і пазнаёмілася са сваім мужам Міколам — мастаком, які прыязджаў туды афармляць раённы Дом культуры. Яна першая яго ўбачыла: высокі, чорнавалосы, з густой акладзістай барадою, якая больш чым што рабіла Міколу падобным на творцу, і з мяккімі, аксамітнымі вачыма. Дом культуры быў недалёка ад барака, і калі Люба вярталася з работы дамоў, заўсёды бачыла, як чорнабароды мастак, стоячы на вузкай хісткай лесвіцы, маляваў гіганцкага рабочага-малатабойца на фасадзе будынка. Аднаго разу, нялоўка крутнуўшыся, ён упусціў пэндзаль якраз у той момант, калі міма праходзіла Люба. Можа, на яе зазяваўся? Яна мітульгою падляцела да пэндзля і падала мастаку. Ён доўга глядзеў на яе з добрай усмешлівасцю ў вачах. Потым саступіў на зямлю і сказаў: «Дзякуй!» Яна павярнулася, каб ісці, але адчула ці проста ёй здалося, што ён прытрымаў яе за плячо...
Выйшаўшы замуж з легкадумнай хуткасцю, але, як пасля выявілася, удала, яна зноў вярнулася ў сталіцу, дзе Мікола працаваў у адным з райвыканкомаў. Ім хутка далі кватэру — прычым Мікола, маючы прывілеі, мог выбіраць любы раён; і яны аблюбавалі сабе дом блізка ад Камароўскага рынку, які планавалі ўжо (Мікола ведаў) пашыраць і абнаўляць.
Мікола быў прыстойны, клапатлівы муж, умеў добра гатаваць стравы, мыў сабе кашулі і шкарпэткі — гэтыя ягоныя якасці, як цяпер Любе думаецца, і парушылі той адвечны лад жыцця, які рабіў сям’ю трывалай, ставячы кожнага — мужа і жонку — на сваё, адведзенае ў гаспадарцы месца.