Выбрать главу

У Любы было шмат вольнага часу. Яна не цуралася сябровак, а яны не забывалі пра яе, спакушалі на гулянкі, пікнікі, і жыццё яе амаль не рознілася ад таго, што было да замужжа. Яно мала ў чым змянілася і тады, калі Люба зацяжарала. Кладучыся спаць, Мікола чуў з яе рота пах цыгарэты — прасіў-маліў не курыць.

Роды ў Любы, надзіва тым жанчынам, хто яе бачыў і захапляўся шырынёю клубоў, былі цяжкія, пакутлівыя. Яна доўга ляжала на стале, абсыпаная потам, на яе жывот ціснулі прасціною — галоўка дзіцяці ніяк не выходзіла. Потым на яго лобіку цэлы месяц чырванелася паска-намуліна, якая і наводзіла Любу на думку, што яе сын, назвалі Андрэй, перанёс родавую траўму. Адсюль нібыта і страшнае — алегафрэнія ў стадыі дэбільнасці. Але яна, гэтая хвароба, выявілася не адразу, а пазней, калі сыну ўжо было каля пяці год. Тое, што ён адставаў у псіхічным развіцці ад сваіх равеснікаў, нейкі час не турбавала бацькоў: мала якія адхіленні могуць быць. Упершыню ўсур’ёз устрывожылася бабуля — Любіна маці, у якой Андрэйка, лічы, гадаваўся і рос. Пяцігадовы малы быў надзіва някемлівы: скажаш яму прынесці сандалікі — ён падае цацку, якая трапіла на вочы; спытаеш, ці хоча есці, паказвае на акно — на вуліцу. Аналізы энцэфалаграмы, паўтораныя па некалькі разоў, кансультацыі ў слынных прафесараў-псіхіятраў, сваіх, украінскіх, і маскоўскіх, вынеслі бязлітасны, як стрэл, прысуд.

Міколу ён глыбока секануў па душы, але не выбіў з прывычнага рытму жыцця, ён па-ранейшаму заставаўся ўзорным сем’янінам і мужам. У нядзелю, калі жонка адмаўлялася наведаць тэатр ці схадзіць на выстаўку, браў мальберт ды ішоў на недалёкую ўскраіну горада. Там была вада ў стаўку з бародамі аеру на берагах, раслі бярозы, даверліва і роўна мірачыся ў шчыльнай купцы, важна разгульвалі вароны, пагардліва косячыся на чалавека. Назад вяртаўся ўзбуджаны, рухавы, кідаў на стол цэлы стос эскізаў.

На Любе, як на маці, сынава хвароба вонкава адбілася больш прыкметна: яна ўчарнела з твару, наліліся тугою вочы, стала замкнутай, недаверлівай і нервовай. Калі першы стрэс мінуў, сілы, якія дыктавалі ёй сваю волю і былі згаслі, заявілі з двайной настойлівасцю і голадам. Цяпер у Любы было ўжо як бы і апраўданне — трэба заглушыць гора. І яна пачала гуляць без ранейшай стрыманасці і дакору, што тады-сяды закочваўся ў яе душу, прыходзіла позна дахаты. Як заўсёды, яе чакалі на пліце ўпадабаныя ёй у Слуцку хрумсткія, падсмажаныя на алеі дранікі, радавала вока чысціня ў кватэры. Муж быў ураўнаважаны, добразычлівы. І ноч яна спала спакойна і бестурботна, як старая лянівая кошка.

Толькі аднойчы, калі яна доўга не выходзіла з ваннай, у якой шумным напорам пляскалася вада, а потым убачыў яе збялелую, з чырвонымі вачыма, з якіх не перасталі сыпацца слёзы натугі, ён строга сказаў ёй: «Люба, пара брацца за розум!» — «Даруй, даруй, Коля...» — Яна абняла яго, прыхінулася мякка і даверліва ўсім целам, цяпло і блізкасць якога заўсёды хвалявала і разганяла самыя цяжкія хмары непрыемнасці.

А трохі спагадзя ён першы раз падняў на яе руку. Але, хоць і не быў вінаваты, доўга сябе дакараў, хадзіў як апушчаны ў ваду. На Новы год яны сабралі застолле ў сябе на кватэры. Гарэлі свечкі — парафін плавіўся і спаўзаў у чорныя сподачкі падсвечніка светлымі, як раса, кроплямі; магнітафон голасам Джо Дасэна чулліва нашэптваў мелодыю кахання, якую міжволі хацелася слухаць з грымасаю болю і пакут на твары. І ў гэтым паўзмроку лёгка, ледзь пахістваючыся, танцавалі тры пары. Здавалася, гэта не сапраўднае жыццё, а нейкі міраж, геніяльна адмастачаны малюнак гармоніі святла, гукаў і людзей, гармоніі, якую ніхто ніколі не парушыць. Але чалавек — усемагутны, а тут і сілы ніякай не трэба было,— раптам суха, як ледакі, што падаюць увесну са стрэх, зазвінелі цацкі на ёлцы, і толькі цяпер дзве пары заўважылі, што трэцяя непрыкметна аддалілася ў кут, за ёлку, і цалавалася. Гэта была Люба з Міколавым знаёмым, таксама мастаком, даўгалыгім вясёлым хлюсцікам у пацёртых джынсах і чорнай скураной куртцы, ён увесь вечар забаўляў усіх эратычнымі анекдотамі. Мікола парывіста вызваліўся ад рук сваёй партнёршы, якая, здаецца, пачынала ўжо засынаць у яго на плячы, і, падышоўшы, урэзаў жонцы аплявуху. Яна схапілася за шчаку, а потым закрыла рукамі твар.

Свята было сапсавана. І настрой — на многія дні. Мікола выяўляў у сабе дзіўнае пачуццё: здавалася б, ён павінен быў раззлавацца ці зусім узненавідзець жонку, пазбягаць, каб яе не бачыць, але — на працы ён не знаходзіў месца, не мог дачакацца, калі скончыцца дзень, каб тут жа, ні секунды не марудзячы, бегчы дамоў, да Любы, быць з ёю калі не блізка, дык хоць бы побач у адной кватэры, нават праз сцяну.